Кулінарны інтэрнацыянал на беларускай кухні

31.10.2014
"Звязда", 31 кастрычніка 2014 г.

 
Кожны тыдзень гледачы тэлеканала "Беларусь 1" маюць магчымасць здзяйсняць кулінарныя падарожжы з праграмай "Кулінарная дыпламатыя". На студыйную кухню да вядучай Ларысы Гулякевіч прыходзяць незвычайныя госці - людзі, якія выконваюць дыпламатычную місію ў Беларусі, прадстаўляючы розныя краіны. На адну з такіх сустрэч трапілі і журналісты "Звязды". Мы пазнаёміліся з аташэ па культуры Пасольства Бразіліі ў Беларусі Габрыэле Коста Гвадэнін, і разам з ёй прыгатавалі каларытную і смачную страву "Фасоля і рыс", што па-бразільску гучыць як "Фэйжон куагойс"...
На кухні знаходзім загадзя падрыхтаваныя прадукты, сярод якіх фасоля, рыс, вэнджаная каўбаса, сухое вэнджанае мяса, а таксама цыбуля, часнок, памідоры, бурак, морква і аліўкавы алей. Шчыра кажучы, адразу не складваецца карціны, што з такога набору можа атрымацца... Пакуль грымёр рыхтуе вядучую да эфіру, а аператары наладжваюць камеры, нам удаецца пагаварыць з гераіняй праграмы.
- Я прыехала ў Беларусь у пачатку 2013 года. Мой муж з Расіі, таму я чула пра вашу краіну, пра тое, што тут вельмі спакойна, і было жаданне прыехаць сюды, - распавядае Габрыэле Коста Гвадэнін. - Праўда, я не думала, што тут будзе так холадна, але ўсё роўна надвор'е лепшае, чым у Піцеры. Летам можна ездзіць на веласіпедзе (створаны належныя ўмовы для гэтага) альбо гуляць пешшу. Мне ў вас падабаецца жыць.
Цікаўлюся, ці з'явіліся за гэты час у спадарыні Габрыэле нейкія любімыя кавярні, рэстараны, дзе яна сустракаецца з сябрамі?
- Я рэдка бываю ў такіх установах, бо ў мяне сын маленькі. Таму мы больш любім бываць у парках ці ў нейкіх адкрытых месцах, - кажа яна. - А так я ведаю адно месца, дзе гатуюць смачныя сэндвічы. І туды мы некалькі разоў наведваліся.
- А што можаце сказаць пра адметнасці бразільскай кухні ў параўнанні з беларускай?
- Тут часта гатуюць супы, а ў нас не кожны дзень пакаштуеш гэтую страву. Можа раз на тыдзень хіба што. І хлеб з ежай у нас не ўжываюць. Мы, калі гатуем розныя стравы, то ў адну талерку накладваем пакрысе ад кожнай, а ў вас усё ў той жа салаце адразу перамешваецца. Мне падабаецца гатаваць блінчыкі, аладкі з бульбы, а сумую па нашых салатах. Бо ёсць некаторыя прадукты, якіх тут не знайсці. Але паколькі мой муж рускі, то мы гатуем часта нешта са славянскай кухні... 
Ну вось і час нам ужо паглядзець на майстар-клас прыгатавання бразільскай стравы. Павітаўшыся з вядучай праграмы, Габрыэле расказвае, што гатаваць яна будзе рыс і фасолю, і ў дадатак салату са свежай агародніны. Аказваецца, такая страва ў Бразіліі з'яўляецца паўсядзённай. Засталося даведацца толькі, ці складана яе прыгатаваць.
Бярэм чырвоную фасолю, якая была замочана на ноч у вадзе, выкладваем у каструлю і ставім варыцца на вялікі агонь. Потым наразаем скрылікамі вэнджаную каўбасу (хто хоча вегетарыянскі варыянт, той можа замест каўбасы і мяса дадаць, напрыклад, гарбуз) і праз некалькі хвілін кладзем да фасолі. Тое ж самае робім і з сухім вэнджаным мясам праз нейкі час...
Бразілія наогул краіна ўнікальная - пятая па велічыні, яна лічыцца архітэктурнай жамчужынай свету. І вось на кухні мы чуем размову дзвюх жанчын пра цікавыя адметнасці гэтай дзяржавы. Аказваецца, тут вельмі любяць футбол і амаль што кожны добра разбіраецца ў гэтым відзе спорту. Карнавалы ператвараюць Рыа-дэ-Жанэйра кожны год у месца культурнага паломніцтва турыстаў з розных куткоў свету. А ўзгадаць бразільскія серыялы! Калі першыя з іх транслявалі ў нас, то многія адкладвалі ўсе справы і спяшаліся да экранаў штодня. У Бразіліі дзяржаўная мова - партугальская, што абумоўлена гісторыяй, бо адкрыў краіну партугальскі марак Пьедру Алварэш Кабрал. Тут 26 штатаў, а таксама 5 рэгіёнаў (макрарэгіёнаў), кожны з якіх мае свае адметнасці. І якраз такія прадукты, як фасоля і рыс, аб'ядноўваюць усіх бразільцаў, бо іх гатуюць паўсюль...
Габрыэле пачынае дзерці моркву, якую потым выкладвае ў каструлю з фасоляй. Затым трэба будзе падсмажыць цыбулю з часнаком на аліўкавым алеі і адначасова патушыць крыху тую сумесь, якая адварваецца.
Як расказала спадарыня аташэ, гатаваць яна вучылася, назіраючы за маці і бабуляй, якая, напрыклад, заўсёды казала: калі перамешваеш нешта, то варта рабіць гэта спакойна і акуратна. А наогул жанчына на кухні лічыць сябе аматарам і эксперыментатарам.
- У нас маленькі сын, таму гатуем так, каб было не толькі смачна, але і карысна. Не ядзім многа смажанага і салодкага, - кажа Габрыэле.
Яе пазіцыю падзяляе і вядучая праграмы, таксама мама:
- Шчыра кажучы, на кухні праводжу не шмат часу. Раніцай гатую сыну сняданак, абед. І стараюся знаходзіць такія рэцэпты, каб было хутка, смачна і карысна.
Вернемся да нашай стравы па-бразільску. Жанчыны прыступаюць да гатавання рысу. Некалькі хвілін таму на разагрэтай патэльні абсмажылі цыбулю з часнаком, а цяпер туды дадаюць сухі рыс і ўсё разам смажаць. Як аказалася, толькі пасля гэтага рыс варта адварваць у вадзе. Падыход для беларускіх гаспадынь, мне здаецца, нязвыклы, але густ - з'ява непрадказальная.
У адным з перапынкаў пацікавілася ў Ларысы Гулякевіч, ці шмат уражанняў застаецца за кадрам?
- Многае застаецца за кадрам, і кожная нацыя па-свойму раскрываецца на кухні. Па людзях адразу відаць, якія яны, калі назіраеш за іх паводзінамі падчас прыгатавання ежы. Бывалі выпадкі, калі нашы дыпламаты не ўмелі гатаваць альбо вельмі хваляваліся, тады і кур'ёзы здараліся. Аднойчы быў выпадак, калі ў салодкую страву мы замест цукру насыпалі солі. А потым у кадры мне трэба было каштаваць гэта - было няпроста.
Наогул, калі вы паглядзіце праграму "Кулінарная дыпламатыя", то пачуеце шмат цікавага ў кожным выпуску. Напрыклад, у гэты раз мы даведаліся, што бразільскія жанчыны спяваюць і нават насвістваюць нешта на кухні, а ў нас жа думаюць, быццам такія паводзіны пазбаўляюць грошай... Таксама беларуска і бразільянка шмат гаварылі пра карнавалы, спартыўныя страсці абедзвюх краін, бразільскія ўпрыгожанні, кіно і нават візавы рэжым...
Вось абсмажаны рыс ужо варыцца ў вадзе, а фасоля перамясцілася на патэльню замест яго. Не губляючы часу вядучая і яе госця ўзяліся за прыгатаванне салаты. Надзерлі сырыя бурак і моркву і парэзалі памідор. Кожны з прадуктаў выкладваецца невялікімі горкамі на талеркі, у якіх страву будуць падаваць кожнаму на стол. І ўсё крыху паліваем аліўкавым алеем, пры жаданні пасаліўшы. Потым сюды ж накладваем фасолю і рыс. Выглядае і сапраўды каларытна, а калі пачуеце пах, то і пакаштаваць абавязкова захочацца.
Сачыце за перадачамі "Кулінарнай дыпламатыі" ў эфіры "Беларусь 1" па суботах у 11:25 і папаўняйце сваю скарбонку новымі стравамі, адкрывайце новыя імёны і краіны. А яшчэ абавязкова дзяліцеся вынікамі ўласных эксперыментаў на кухні з роднымі - за сняданкам, абедам альбо вячэрай...

Алена ДРАПКО.