Крысціна Смольская: "Сучаснае мастацтва - гэта спосаб змяніць сябе"

04.11.2016

"Звязда"

Актыўна працуе ў галіне тэатральнай крытыкі. Заканчвае навуковую кнігу пра сучасную беларускую драматургію і тэатр. Кіруе літаратурна-драматычнай часткай Горкаўскага тэатра. Выкладае на тэатральным факультэце Акадэміі мастацтваў. А яшчэ - з'яўляецца тэлевядучай канала "Беларусь 3". Сама наша гераіня, кандыдат мастацтвазнаўства Крысціна Смольская ў такім спалучэнні роляў не бачыць аніякіх парадоксаў. Галоўнае - з любоўю і цікавасцю ставіцца да кожнага з заняткаў. Пра сакрэты адкрытай гутаркі з зусім незнаёмымі людзьмі, інтарэсы "за кадрам" і закулісныя гісторыі праграмы "Дыя@блог пра прыгожае" мы сёння і гутарым з Крысцінай.

- Мне падаецца, спецыфіка праграмы патрабуе, каб у якасці яе вядучага выступаў чалавек адукаваны, які цікавіцца светам і людзьмі. У рабоце на тэлебачанні мне найбольш падабаецца тое, што гасцямі становяцца цікавыя людзі, з якімі можна паразмаўляць. І ў цэлым, што можа быць цікавейшым, чым чалавек і свет?

- Праграма мае назву "Дыя@блог пра прыгожае", і паняцце "прыгожае" гучыць досыць абстрактна. Што маецца на ўвазе?

- Усе прыгожыя мастацтвы - музыка, тэатр, кіно, жывапіс, мода, скульптура, фатаграфія, дызайн, вулічнае мастацтва, музейная і бібліятэчная справы. Нагодай для праграмы можа стаць цікавая выстаўка ці кінафестываль. Альбо адмыслова да юбілею запрашаем знакамітых асоб, гаворым пра іх творчасць і стаўленне да жыцця. Поле дзейнасці дастаткова шырокае, але, па сутнасці, мы гутарым пра сучаснае мастацтва, межы і жанры якога сёння вельмі размываюцца.

- Як выбіраеце гасцей праграмы? Ці важнае тут меркаванне гледачоў?

- У кожнай праграме я звяртаюся да гледачоў з просьбай дасылаць заяўкі і прапановы, але, па-шчырасці, яны не вельмі актыўна адгукаюцца. Таму часта гасцей выбіраем усёй камандай, рэдакцыяй праграмы. Арыентуемся на тое, што адбываецца ў свеце, у мастацтве, што на слыху і можа быць цікавым гледачу. Напрыклад, не так даўно зрабілі праграму пра бразільска-беларускі стрыт-арт, праект Vulіca Brazіl. Я была прыемна здзіўленая, што яго ладзілі маладыя людзі, якія зацікаўленыя ў тым, каб Мінск выглядаў прыгожа, развіваўся і быў далучаны да еўрапейскіх гарадскіх трэндаў.

- Няма спакусы, як кажуць, карыстацца службовым становішчам і шмат размаўляць на праграме менавіта пра тэатр?

- Мне ўвогуле здаецца, што тэатр - найлепшы від мастацтва (смяецца). Ён убірае ў сябе і жывапіс, і кіно, і музыку... Так, я прапаную запрашаць гасцей, якія працуюць у гэтым мастацтве. Але мне цікавыя і іншыя галіны творчасці. Ці атрымаецца праграма цікавай, у многім залежыць ад таго, наколькі госць адкрыты, зацікаўлены, кантактны. Часам прыходзяць людзі, якіх я бачу ўпершыню, раней ведала толькі завочна, і іх таксама трэба выклікаць на шчырую размову.

- А ў цэлым дзеячы беларускага мастацтва - людзі публічныя? Яны ахвотна працуюць на гледача?

- Яны вельмі розныя. Артысты, рэжысёры, людзі публічнай працы сапраўды любяць размаўляць, вольна пачуваюцца перад камерай. Гэта ж іх работа. А вось мастакі, дызайнеры, якія не так часта выступаюць перад гледачамі, часам нават не разумеюць, што цікавага можа быць у такой гутарцы. Некаторых трэба нават угаворваць.

- Ваш тата - вядомы навуковец, доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі. Ён ухваляе работу на праграме?

- Ён, чалавек навукі, марыў пра тое, каб я займалася толькі навуковай працай. Таму, калі паведаміла, што мяне запрасілі паспрабаваць весці гэтую праграму - дагэтуль працавала над тэлепраектам "Тэатр. Выбранае", - адразу раіў адмовіцца. Зараз тата глядзіць кожны выпуск "Дыя@блога" і гаворыць, што спадабалася, а што - не.

- Студэнты з Акадэміі мастацтваў сочаць за работай выкладчыцы - ужо ў ролі тэлевядучай?

- Часам яны глядзяць праграму, часцей за ўсё - у Інтэрнэце. Мы нават нешта абмяркоўваем на занятках. Студэнтаў цікавяць выпускі, дзе госць ім вядомы, напрыклад, выкладчык акадэміі ці тэатральны дзеяч. Таксама цікавасць у іх выклікаюць праграмы, дзе абмяркоўваюцца маладзёжныя тэмы.

- Як атрымліваецца спалучаць тэатральную крытыку і навуку, выкладанне і ролю тэлевядучай?

- Рэцэпт насамрэч просты. Мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Люблю тэатр і тэатральную крытыку, веру ў тое, што тэатр можа змяняць грамадства ў лепшы бок. Вельмі падабаецца работа са студэнтамі і выкладанне, нашы дыскусіі падчас заняткаў. Тэлебачанне таксама люблю, мне імпануе фармат праграмы. Лічу, што ў ХХІ стагоддзі кантакт паміж людзьмі страчваецца, і дыялог трэба наладжваць, асабліва паміж дзеячамі мастацтва. Варта размаўляць пра тое, як агульнымі намаганнямі палепшыць жыццё. А яшчэ мяне страшэнна цікавіць унутраны свет чалавека.

- Можа здавацца, што праграма, дзе абмяркоўваецца мастацтва, будзе нуднай для шырокай публікі. Хто глядач "Дыя@блога пра прыгожае"?

- "Беларусь 3" сябе пазіцыянуе як канал, які спецыялізуецца на культурнай тэматыцы, таму і гледачы нашы не выпадкова на яго трапляюць. Яны - цікавяцца навакольным светам, сучасным мастацтвам і яго кантэкстам. Гэта людзі інтэлектуальныя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія могуць напісаць нам на праграму, задаць досыць крытычныя пытанні, якія мы абмяркоўваем з гасцямі.

- Вы правакуеце дыскусію, пэўным чынам падштурхоўваеце публіку, каб вам пісалі пытанні і заўвагі?

- Так, канешне, правакуем. Гэта наша работа. Здаровая правакацыя - добры спосаб выклікаць на дыялог. На вастрыню людзі актыўней адгукаюцца. У той жа час мы не ставім задачу зрабіць менавіта масавую праграму, тады трэба будзе зніжаць узровень, а мне гэтага рабіць вельмі не хацелася б. Як у сучасны тэатр, пра які я пішу як тэатральны крытык, - масавы глядач прыйдзе, калі паставіць камедыю не вельмі высокага гатунку. Але ў што тады ператворыцца сам тэатр? Навошта ён патрэбны?

- Можаце прыгадаць смешныя ці незвычайныя выпадкі, што здараліся падчас здымак праграмы?

- Ехала я неяк на запіс з высокай тэмпературай. Але паколькі ўсё запланавана загадзя, адмяніць здымкі было нельга. Госцем быў беларускі камедыйны артыст, парадыст Сяргей Кравец. Напачатку я адчувала сябе не вельмі добра, але падчас запісу госць пачаў парадзіраваць мяне, іншых гасцей, якіх я згадвала, нашу каманду, нейкіх знакамітасцяў. Я ніколі так не смяялася! І пасля праграмы тэмпература знізілася, я адчувала сябе проста выдатна. Можна сказаць, выздаравела дзякуючы праграме.

- Праект "Дыя@блог" мае шэраг тэматычных праграм - пра мову, літаратуру, вечнае. Сочыце за работай калег?

- Так, і часам нават магу даслаць пытанні, каментарыі. Неяк у "Дыя@блогу пра літаратуру" госцем быў Валерый Анісенка, мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, з якім мы раней разам працавалі ў Тэатры беларускай драматургіі. Я таксама з задавальненнем далучылася да дыскусіі.

- Журналісты, якія часта бяруць інтэрв'ю, маюць прафесійныя "фішкі", як разгаварыць чалавека. Падзеліцеся сваімі сакрэтамі?

- У мяне досыць развітая інтуіцыя, я добра адчуваю людзей, акрамя таго, займаюся гештальт-псіхалогіяй, таму магу адразу "сканіраваць" чалавека, стараюся зразумець, хто перада мной. Але ёсць агульнае правіла: кожны чалавек рэагуе на простае, добразычлівае стаўленне. Таксама ўсім падабаецца, калі імі цікавяцца. Таму пачынаю з простага, пытаюся, ці камфортна госцю перад камерай, стараюся супакоіць. З такім клопатам чалавек усё больш раскрываецца, а добразычлівае стаўленне дапамагае наладзіць кантакт.

- Рыхтуючы пытанні, арыентуецеся на глыбіню ці вастрыню? Ёсць пытанні, якія ніколі не задасце?

- Правакацыйныя пытанні задаю, каб гутарка была больш вострай. Перад запісам часам пытаюся ў госця, пра што няварта гутарыць, таксама не буду задаваць прыватных пытанняў, што датычыць рэлігійных ці палітычных поглядаў. Гэта цікава менш, бо адносіцца да іншай сферы. З расійскіх калег на тэлебачанні мне падабаецца Уладзімір Познер. Ён заканчвае гутаркі апытанкай Марсэля Пруста, якая змяшчае глыбока філасофскія пытанні. Напрыклад, што вы скажаце Богу, калі апыняцеся перад ім? Не кожная тэма дазваляе выкарыстоўваць такі падыход, але калі робім праграму менавіта пра творчую асобу - дызайнера ці артыста, то паглыбляемся ў больш філасофскі, глыбокі пласт.

- Як вы адпачываеце? Напэўна, складана сапраўды адпачыць, калі любы спектакль, выстаўка, паход у музей асацыююцца з работай?

- Я амаль не раздзяляю жыццё на працу і адпачынак. Гэта адзіны працэс, проста так жыву. Мне вельмі цікавае сучаснае мастацтва, як яно развіваецца, таму часта наведваю выстаўкі, кінафестывалі, тэатральныя прэм'еры. Для мяне гэта спосаб пазнаваць сябе, адчуваць сябе жывой, развівацца і мяняцца да лепшага. Люблю чытаць, цяпер з захапленнем чытаю творы канадскай пісьменніцы, Нобелеўскай лаўрэаткі Эліс Манро. Мне вельмі падабаецца, як яна апісвае людзей, сумяшчае псіхалагічны і сацыяльны бакі. Захапляюся гештальт-псіхалогіяй, дзякуючы якой я зразумела, што можна быць сабой і не імкнуцца быць падобным на нейкі ідэал. Ведаеце, жыць увогуле вельмі цікава, галоўнае толькі памятаць, што існаванне не вечнае і трэба паспець так шмат зрабіць!

Марына ВЕСЯЛУХА.