Крута ты трапіў на ТБ!

19.07.2012
"Звязда", 19 ліпеня 2012 г.


Перадача "Пазакласная гадзіна" тэлеканала "Беларусь 2" перамагла ў намінацыі "Хачу ўсё ведаць" сярод пазнавальных праграм на VІІ фестывалі дзіцячага тэлебачання "Уключайся!", які праходзіў сёлета ў Маскве!
- Мы ўпершыню бралі ўдзел у гэтым папулярным конкурсе дзіцячых і юнацкіх тэлевізійных праграм і фільмаў, - расказвае дырэктар тэлестудыі "Новы горад" Людміла Канаплянік. - Больш за 200 работ у розных намінацыях было прадстаўлена ўдзельнікамі форуму з Расіі, Украіны і Латвіі. З Беларусі мы былі адзінымі канкурсантамі. Прыемна, што сталі яшчэ і пераможцамі.
Арганізатар фестывалю - Нацыянальная асацыяцыя тэлерадыёвяшчальнікаў - падрыхтавала для яго ўдзельнікаў цікавую і насычаную праграму. На працягу амаль тыдня канкурсанты сустракаліся з мэтрамі расійскага тэлебачання, знаёміліся і абменьваліся вопытам адзін з адным, наведвалі кіна- і тэлестудыі.
Як прызналіся ўдзельнікі з Беларусі, арганізацыя фестывалю была вельмі добрай. Галоўны прыз - дыплом, хрустальная статуэтка і плазменны тэлевізар - не толькі напамін аб карысных сустрэчах і добрых знаёмствах, але і высокая адзнака штодзённай працы.
... Калі ты яшчэ школьнік малодшага ці сярэдняга ўзросту, любіш глядзець тэлевізар і хочаш усё ведаць, то праграма "Пазакласная гадзіна" тэлеканала якраз для цябе! Аднагодкі-вядучыя падзеляцца з табой пазнавальнай інфармацыяй, дапамогуць засвоіць веды па агульнаадукацыйных дысцыплінах, на прыкладзе шматлікіх доследаў і эксперыментаў дадуць парады, якія спатрэбяцца ў штодзённым жыцці.
Тэлестудыя "Новы горад", якая займаецца тэлевытворчасцю шматлікіх тэлевізійных праграм, сярод якіх і "Пазакласная гадзіна", ужо рыхтуе 6-ы сезон перадачы, робіць яе больш цікавай і змястоўнай.
Працэс падрыхтоўкі толькі аднаго выпуску "Пазакласнай гадзіны" вельмі працаёмкі: патрабуецца нямала часу, сродкаў і кваліфікаваных супрацоўнікаў. Зыходзячы з канцэпцыі праграмы, пішацца сцэнар. Яго дасканала вывучаюць вядучыя, а таксама рэжысёр. Падбіраецца адпаведны рэквізіт. Узгадняецца месца і час здымак. Пасля таго, як усё знята, відэаінжынер разам з рэжысёрам ці з яго асістэнтам праглядае ўвесь матэрыял і манціруе яго. Затым - запіс гатовай праграмы на спецыяльныя эфірныя дыскі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Каб праграма патрапіла да гледача, яна павінна прайсці на тэлебачанні кантроль на прадмет браку, цэнзуры і памылак. І толькі пасля таго, як камісія дасць заключэнне, што не мае ніякіх прэтэнзій, перадача выходзіць у эфір.
- Каманда, якая працуе над выпускам праграмы, - людзі творчыя, прафесіяналы сваёй справы, - пераканана Людміла Канаплянік. - Мая задача - арганізаваць іх, каб гэты творчы механізм дзейнічаў. Таму я больш залежу ад каманды, чым яна ад мяне. Як ні кажы, а нешта добрае атрымаецца толькі тады, калі людзі - энтузіясты, зацікаўленыя ў канчатковым выніку.
А па спецыяльнасці дырэктар тэлестудыі - інжынер-мікрабіёлаг. Ніколі не думала, што будзе працаваць у тэлевізійнай журналістыцы. Хоць база для працы з людзьмі ўжо была: Людміла Канаплянік яшчэ і трэнер па аэробіцы. Толькі тэлежурналістыка для яе не толькі прафесія, гэта яшчэ і спосаб рэалізаваць задуманае, дапамагчы тым, каму гэта патрэбна.
Асаблівае значэнне для тэлестудыі "Новы горад" мае сумесны праект з ЮНІСЕФ "Кожны мае права быць розным" - пра дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. А ў падрыхтоўчай стадыі яшчэ адзін сацыяльны праект, звязаны са зборам сродкаў для новага будынка на базе Беларускага дзіцячага хоспіса. Будзе зроблены спецыяльны цыкл перадач, прысвечаны выхаванцам хоспіса, а таксама арганізавана дабрачынная акцыя, умоўна разлічаная на 400 тысяч чалавек, кожны з якіх "купіць" па цагліне для новага будынка, калі ахвяруе хаця б 10 долараў.
- Праграмы сацыяльнага кшталту мы стараемся рабіць пазітыўнымі, - працягвае дырэктар тэлестудыі. - Мы не ставім самамэтай выціснуць слязу ў жаласлівага гледача. Наша задача - усяліць надзею ў дзіцячыя душы і веру ў лепшую будучыню.
Будзем спадзявацца, што так і будзе! А ты, шаноўны глядач, чакай чарговага сезона "Пазакласнай гадзіны" і разам з яе вядучымі спасцігай новае!

Вераніка КАНЮТА.