Крок дзіцячы, крок дарослы

06.10.2012
"Культура", 6 октября 2012 г.


Падрыхтоўка да "Еўрабачання" ўваходзіць у новы графік. Не паспелі мы на мінулым тыдні выбраць прадстаўніка нашай краіны на дзіцячае спаборніцтва (у снежні ў Амстэрдаме выступіць 12-гадовы мінчанін Ягор Жэшка з песняй "А мора-мора..."), як пачаўся адбор на дарослы конкурс. Апошні дзень прыёму заявак - 22 кастрычніка.
Папярэднія праслухоўванні павінны адбыцца да 31 кастрычніка. Паўфінал - 16 лістапада. Фінал - 7 снежня: менавіта тады мы даведаемся, хто паедзе ў Швецыю ў маі 2013-га. Дарэчы, адборачных прыступак можа быць і менш: калі журы адразу вылучыць не больш за дзесяць прэтэндэнтаў, паўфінал не спатрэбіцца.
Пакуль, як прызналася кіраўнік праекта "Еўрабачанне-2013", намеснік галоўнага дырэктара канала "Беларусь 2" і тэлевядучая Вольга Шлягер, ніводнай заяўкі не паступіла. Але тэлефанаванняў ды электронных пытанняў было шмат, у тым ліку з Расіі і Румыніі. Прычым пачыналі цікавіцца адборам задоўга да 1 кастрычніка.
Змяніліся сёлета і некаторыя іншыя ўмовы. Белтэлерадыёкампанія ўжо не будзе так апекаваць артыстаў, як раней. Яна адказвае, найперш, за трансляцыю. І за папярэднюю "раскрутку". Асаблівы акцэнт будзе зроблены на замежных тэлегледачоў, якія ў час правядзення "Еўрабачання-2013" змогуць галасаваць за нашага ўдзельніка.
Ну а свае нумары, іх сцэнічнае афармленне, фанаграмы і ўсё астатняе, што датычыцца творчага складніка, рыхтуюць самі канкурсанты ці тыя прадзюсары, калектывы ды арганізацыі, якія імі займаюцца. Тым не менш, як запэўнілі журналістаў на прэс-канферэнцыі, калі кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі прыме рашэнне кагосьці прадзюсіраваць, будзе складзена адпаведная каманда.
Менш пампезным стане і фінал нацыянальнага адбору. Як і паўфінал, ён пройдзе ў прамой трансляцыі, але не з канцэртнай залы, а з вялікай студыі тэлебачання.