Крокі да ўдасканалення

22.04.2016

"Звязда"

У Белтэлерадыёкампаніі адбылося першае пасяджэнне грамадска-кансультацыйнай рады тэлеканала "Беларусь 2".

Рада з'яўляецца пастаянна дзеючым грамадска-назіральным органам пры Белтэлерадыёкампаніі, якая была спецыяльна створана для вывучэння і абагульнення меркаванняў тэлевізійнай аўдыторыі, а таксама для вывучэння грамадскіх ініцыятыў, што маюць дачыненне да дзейнасці тэлеканала.

На першым пасяджэнні ўдзельнікі абмеркавалі мэты і задачы грамадска-кансультацыйнай рады, а таксама разгледзелі шэраг пытанняў, сярод якіх - асвятленне конкурсу "Уладар сяла" на тэлеканале "Беларусь 2", прысутнасць тэмы прафілактыкі наркаманіі сярод моладзі ў праектах тэлеканала, узаемадзеянне па асвятленні Усебеларускага народнага сходу, асвятленне ўступнай кампаніі-2016 у эфіры "Беларусь 2" і іншыя. Увогуле асноўнымі задачамі рады з'яўляюцца планаванне інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх мерапрыемстваў, пошук аптымальных формаў супрацоўніцтва і ўнясенне прапаноў па стварэнні сумесных праектаў, накіраваных на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі дзяржавы; вывучэнне і абагульненне думкі грамадзян, а таксама абмеркаванне грамадскіх ініцыятыў, звязаных з дзейнасцю тэлеканала "Беларусь 2"; арганізацыя і правядзенне кансультацый з экспертамі, спецыялістамі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, прафесійных саюзаў, сродкаў масавай інфармацыі па пытаннях рэалізацыі канцэпцыі тэлеканала; унясенне прапаноў і рэкамендацый, накіраваных на фарміраванне станоўчага іміджу і ўдасканаленне дзейнасці тэлеканала "Беларусь 2", ажыццяўленне іншых функцый.

Узначаліла грамадска-кансультацыйную раду намеснік генеральнага прадзюсара генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі Ганна Ялфімава. Намеснікам старшыні рады прызначана кіраўнік "Беларусь 2" Наталля Марынава. У склад рады ўвайшлі прадстаўнікі тэлеканала "Беларусь 2" і структурных падраздзяленняў медыяхолдынга, а таксама іншых дзяржаўных органаў і арганізацый: Мінгарвыканкама, РГА "Белая Русь", Савета Федэрацыі прафсаюзаў, Цэнтральнага камітэта ГА "БРСМ", МУС, Міністэрства адукацыі. На пасяджэнні рады могуць быць запрошаны эксперты і іншыя кансультанты, якія спецыялізуюцца ў сферах, суадносных з дзейнасцю тэлеканала, або ў пытаннях, вынесеных на пасяджэнне рады.

- Вынікам дзейнасці грамадска-кансультацыйнай рады тэлеканала "Беларусь 2" павінна стаць перспектыўнае планаванне, выпрацоўка аптымальных формаў супрацоўніцтва і аператыўнае вырашэнне пытанняў, звязаных з інфармацыйнай падтрымкай і стварэннем спецыяльных праектаў па асвятленні грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі дзяржавы, - сказала галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 2" Наталля Марынава.

У сваю чаргу, намеснік генеральнага прадзюсара Ганна Ялфімава адзначыла, што рашэнні рады носяць рэкамендацыйны характар і могуць быць улічаныя пры фарміраванні рэдакцыйнай палітыкі "Беларусь 2".

Алена ДРАПКО.