Хвіліны радасці з "Бяседай" у Бабруйску

21.09.2015

По сообщению bobrlife.by ("Бабруйскае жыццё")

У Палацы мастацтва з аншлагам прайшоў канцэрт ансамбля народнай музыкі "Бяседа". Выступленні калектыву па роднай краіне праходзяць у рамках маштабнай акцыі "Любіць Беларусь!" тэлеканала "Беларусь 3" Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Белая Русь". Да пачатку канцэрту ў фае Палаца адбылася прэс-канферэнцыя для мясцовых СМІ. На пытанні журналістаў адказала салістка ансамбля Таццяна Лазоўская.

- Мы рады сустрэчы з вамі. Мне ўдвая прыемна прыехаць у Магілёўскую вобласць, дзе я нарадзілася. Мы паспяхова ўжо праехалі Гродзенскую, Гомельскую вобласці. Для нас дадзеная акцыя - выдатная магчымасць сустрэцца з нашымі любімымі гледачамі. Наш калектыў гастралюе па ўсім свеце, мы аб'ехалі шмат краін, але для сябе падкрэслілі адно, так як нас сустракаюць у роднай Беларусі, не сустракаюць нідзе. Мы жывем і спяваем для вас.

Першыя дваццаць хвілін канцэрта прайшлі не зусім традыцыйна для такога мерапрыемства. Вядучая праграмы "Размаўляем па-беларуску" на тэлеканале "Беларусь 3" Алена Трацэнка прапанавала гледачам паспрабаваць сябе ў якасці мовазнаўца і паўдзельнічаць у віктарыне. Ну а затым загучалі знаёмыя мелодыі песень і прыгожыя галасы салістаў ансамбля. Ногі самі прасіліся ў скокі. Паўтары гадзіны канцэрту праляцелі незаўважна, артыстаў не хацелі адпускаць са сцэны. У фінале канцэрту да музыкаў выйшаў нязменны кіраўнік ансамбля Леанід Захлеўны. На памяць аб горадзе на Бярэзіне яму падарылі кнігу пра Бабруйск.