Хто на "Еўрабачанне" крайні?

26.11.2013
"Звязда", 26 лістапада 2013 г.

 
У мінулую нядзелю афіцыйна скончыўся прыём заявак ад ахвотных прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2014".
Як расказала "Звяздзе" кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская, ужо да сярэдзіны дня панядзелка арганізатары атрымалі больш як 60 заявак. "Але мы не выключаем, што гэтая лічба не канчатковая, - падкрэсліла яна, - бо яшчэ некалькі дзён будзем прымаць бандэролі, дата адпраўкі якіх - 24 лістапада".
У спісе прэтэндэнтаў хапае ўжо добра вядомых гледачам імёнаў. Так, свае сілы сёлета ўжо не ў першы раз выпрабоўваюць гурт Nutekі, салісты прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Дарыя, Аляксей Грос, Іван Буслай, баяніст Віталь Варанко, Алена Грышанава, Наталля Тамела, Алена Валошына, Георгій Калдун. Першы беларускі ўладальнік Гран-пры "Славянскага базару ў Віцебску", спявак Макс Лорэнс і знакаміты гітарыст ДзіДзюЛя выступілі адзіным фронтам, падаўшы агульную заяўку. Праз 10 гадоў пасля ўдзелу ў дзіцячым "Еўрабачанні" вырашыў замахнуцца на дарослае Ягор Ваўчок. А вось заяўкі ад Аляксандра Саладухі па стане на панядзелак арганізатары яшчэ не атрымлівалі.
У фінальны канцэрт строгае журы, куды ўваходзяць, акрамя старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, некалькі народных і заслужаных артыстаў, а таксама прафесіяналы з галіны шоу-бізнесу і тэлебачання, прапусціць усяго 15 удзельнікаў. Няцяжка падлічыць, што фартуна ўсміхнецца максімум кожнаму чацвёртаму з прэтэндэнтаў, якія даслалі свае заяўкі, а значыць, канкурэнцыя абяцае быць сур'ёзнай - і тым больш цікавай для публікі. Дарэчы, спіс фіналістаў будзе абвешчаны ўжо ў гэту пятніцу, а вось гала-канцэрт і выбар першага сярод найлепшых адбудзецца ўжо ў студзені наступнага года.
Сам жа конкурс "Еўрабачанне-2014", нагадаем, пройдзе ў маі наступнага года ў сталіцы Даніі Капенгагене.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.