Хто пачынае раніцу з "Радыёфактам" - той у цэнтры падзей

04.03.2016

"Звязда"

4 сакавіка адзначае сваё 25-годдзе інфармацыйна-аналітычная праграма "Радыёфакт" Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Вось ужо чвэрць стагоддзя праект задае тон дня аператыўнымі, аб'ектыўнымі і кампетэнтнымі навінамі. Па буднях у рэжыме анлайн з сямі да васьмі раніцы ў эфіры нас чакаюць афіцыйная хроніка, каментарыі спецыялістаў, спецыяльныя рэпартажы, эксклюзіўныя інтэрв'ю, навіны бізнесу, культуры, спорту і шмат іншай карыснай інфармацыі. Як адзначае намеснік галоўнага дырэктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алена Давідовіч, "Гісторыя "Радыёфакта" - гэта ўжо пяць пакаленняў аўтараў і вядучых. І галоўны прынцып іх працы - паспяваць за часам, быць у цэнтры падзей і любіць і паважаць сваіх слухачоў". Мы пацікавіліся ў сённяшніх вядучых праграмы, якія 5 фактаў вылучаюць гэты праект сярод іншых і як яму ўдаецца заставацца актуальным і запатрабаваным столькі гадоў.

Аляксандр Шустэр (на 1-м канале з 2011 года, вядучы "Радыёфакта" са студзеня 2015):

1. Добра памятаю тыя часы, калі праграма толькі пачала выходзіць на радыё. У нас у кватэры працавала радыёкропка, і дзень пачынаўся не толькі са сняданка, але і з "Радыёфакта".

2. Я, збіраючыся ў школу, слухаў навіны, рэпартажы і музыку (тады яшчэ была і музыка), бадзёрыя галасы вядучых.

3. Тады і ўявіць не мог, што аднойчы сам сяду за мікрафон; а знаёмыя мне вядучыя стануць маімі калегамі і хтосьці, займаючыся ранішнімі клопатамі, будзе слухаць мяне. Калі ўпершыню апынуўся перад мікрафонам "Радыёфакта", то адчуваў хваляванне, адказнасць, хоць да гэтага меў вялізны вопыт працы ў прамым эфіры. Упэўненасці ў сабе прыдаваў давер калег і кіраўніцтва.

4. Праца ў праграме ўплывае не толькі на тое, што ваш дзень пачынаецца вельмі рана, але накладвае свой адбітак у большай ступені на вечар напярэдадні эфіру. Бо неабходна выбраць самыя цікавыя навіны, размеркаваць сюжэты па блоках праграмы. Ну і, зразумела, раней легчы спаць, бо вядучага чакае ранні пад'ём.

5. Увогуле люблю працаваць менавіта раніцай. І сам дагэтуль зранку ўключаю радыё, каб даведацца пра навіны, не адцягваючыся на тэлекарцінку.

Павел Лазовік (працуе ў праграме 10 гадоў):

1. Толькі ў нашай праграме вас чакае метэапрагноз ад Дзмітрыя Рабава 5 разоў на тыдзень.

2. Для таго, каб у нашых слухачоў была магчымасць збірацца на працу і слухаць аператыўныя навіны, вядучы прачынаецца а 4.30 раніцы (выходзіць з дому а 5-й).

3. Кожную раніцу ў нас гучыць "голас рэгіёнаў", дзякуючы таму што створана карэспандэнцкая сетка па ўсёй Беларусі.

4. Праграма з'яўляецца адзіным праектам на радыё, у якім часцей за ўсё сустракаюцца словы "Сёння адбудзецца", таму што ў эфіры - інфармацыя надыходзячага дня.

5. Для мяне "Радыёфакт" - гэта пульс жыцця Беларусі. І як вядучы я неверагодна радуюся, калі адбываецца шмат падзей. Тады менавіта ты спяшаешся першым расказаць пра іх кожнаму.

Максім Угляніца (у праграме працуе 10 гадоў):

1. У "Радыёфакце" - самае дакладнае надвор'е! Канешне, мы не можам даць 100-працэнтную гарантыю, што будзе дождж ці наадварот. Зрэшты, такую гарантыю не дадуць і сіноптыкі. Але менавіта ў нашай праграме вы можаце пачуць найбольш падрабязны і дакладны прагноз надвор'я, што называецца, з "першых вуснаў" ад спецыялістаў Гідраметцэнтра. А вось калі вы пачулі ў эфіры кароткі прагноз з нейкіх незразумелых інтэрнэт-сайтаў і ў выніку прыйшлі на працу мокры, то задайце сабе пытанне: ці тое радыё вы слухаеце?

2. Толькі ў "Радыёфакце" - гадзіна інфармацыі без музыкі! Кожны будны дзень мы працуем над тым, каб гэта была гадзіна толькі самай важнай, карыснай і цікавай інфармацыі. Хтосьці скажа: гадзіна - занадта шмат! Для гэтага мы "разбілі" праграму на чатыры ўмоўныя блокі, з кароткім перапынкам на рэкламу і надвор'е. Кожны блок - як завершаны інфармацыйны выпуск. Калі вам больш цікавая палітыка і эканоміка, міжнародныя навіны - слухайце нас у першай палове гадзіны. Калі цікавяць навіны сацыяльнага жыцця, культура, спорт - мы раскажам пра гэта ў другой палове. Аднак калі Мінск зноў прыме чэмпіянат свету па хакеі або беларускі ўдзельнік пераможа на "Еўрабачанні" - канешне, "Радыёфакт" будзе пачынацца з гэтых навін!

3. Вы можаце слухаць праграму, калі пажадаеце і дзе пажадаеце! У свой час мы назвалі гэты медыяпраект "Ад Радыёфакта да Радыёфакта". Кожны дзень свежая праграма практычна адразу пасля эфіру з'яўляецца на нашым сайце www.radіo1.by. Таму ўвесь дзень у любы час і ў любой кропцы зямнога шара (галоўнае, каб там быў інтэрнэт) вы можаце паслухаць ці пераслухаць важную для вас інфармацыю. Або проста пачуць родную беларускую мову, знаходзячыся, напрыклад, у Аўстраліі.

4. Мы ствараем радыёлетапіс жыцця незалежнай Беларусі! У маім прафесійным жыцці на сёння было каля 730-ці "Радыёфактаў". Падлік прыблізны, бо тэксты першых выпускаў, у якіх я быў вядучым, на жаль, не захаваліся. Але днямі дзеля цікавасці вырашыў паглядзець - а пра што ж мы расказвалі ў "Радыёфакце" прыкладна ў гэтыя ж дні, толькі 10 гадоў таму? Адкрыў тэкст аднаго з выпускаў са свайго "архіва". Беларусь адзначала Сусветны дзень касманаўтыкі. Стварыла свой першы нацыянальны спадарожнік. Успамінала сваіх касманаўтаў - Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка... І раптам разумею: дык мы ж толькі напярэдадні размаўлялі ў студыі праграмы з вучонымі пра першы беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, які ўжо чатыры гады працуе на нас у космасе. Пра другі, што рыхтуецца яму на змену. І пра нядаўна запушчаны спадарожнік сувязі. А ў раздзеле "нашы ў космасе" цяпер яшчэ адно прозвішча - Алег Навіцкі. Вось так незаўважна мінула 10 гадоў! А ўвесь гэты час дзень за днём "Радыёфакт" быў і застаецца своеасаблівым летапісам жыцця краіны.

5. "Радыёфакт" слухаюць усе! Безумоўна, я маю на ўвазе не колькасны склад аўдыторыі (пакуль, прызнаемся, мы не можам запісаць сабе ў актыў усе 9 з паловай мільёнаў беларусаў, якія пачынаюць раніцу з нашай праграмы), а якасны. "Радыёфакт" слухаюць усе - ад міністраў да рабочых, ад прафесараў да прыбіральшчыц. Прычым гэта не проста прыгожы вобраз, а канкрэтныя гісторыі сустрэч, часам нечаканых, са сваімі слухачамі. У вядучых праграмы такіх гісторый ёсць хіба не дзясяткі. І кожны з гэтых слухачоў для нас каштоўны - незалежна ад таго, якую пасаду ён займае, або балельшчыкам якой футбольнай каманды з'яўляецца. З маіх асабістых нядаўніх сустрэч - урач "хуткай дапамогі" і супрацоўнік станцыі тэхагляду аўтамабіляў. І хоць першых хацелася б бачыць як мага радзей, а другія нічым не дапамогуць - усё роўна прыемна!

Вольга Сямашка (вядучая "Радыёфакта" з 2009 года):

1. Традыцыйнасць. Не адно пакаленне беларусаў прывыкла ўставаць з шасцігадзінным гімнам па радыё і пачынаць дзень з галоўнай нашай праграмай "Радыёфакт". Вось ужо 25 гадоў кожную раніцу з 7 да 8 мы расказваем пра асноўныя падзеі ў краіне і ў свеце. Штогод у нашым эфіры з'яўляюцца новыя праграмы, іншыя знікаюць, змяняецца час выхаду у эфір, але "Радыёфакт" гэтыя змены не закранаюць. Я рада, што змагла далучыцца да каманды праграмы спачатку ў якасці карэспандэнта, а потым стала вядучай.

2. Адказнасць. Праграма, па якой пазнаюць Беларускае радыё, проста павінна быць самай лепшай. Таму мы вельмі адказна падыходзім да ўсяго: выбару тэм, напісання тэкстаў для вядучага і якасці гучання сінхронаў у рэпартажах.

3. Пазнавальнасць. Для мяне яна ў фразе: "Гэта вы тая Вольга Сямашка, якая вядзе Радыёфакт?"

4. Зваротная сувязь. Безумоўна, у праграмы ёсць свае прыхільнікі. Адна такая слухачка тэлефануе перыядычна адразу пасля праграмы і кажа: Вольга, сёння праграма была цудоўная, асабліва зачапіў такі-такі сюжэт, перадайце аўтару "дзякуй". Памятаю, як рабіла для "Радыёфакта" інтэрв'ю з дырэктарам цэнтра дзіцячай анкалогіі Вольгай Алейнікавай і сярод іншага яна расказала, што цэнтру патрэбны мікрааўтобус, каб перавозіць маленькіх пацыентаў. Гэтую праграму пачула кіраўніцтва Нацыянальнага банка і дапамагло.

5. Справы сямейныя. Калі я раніцай у эфіры, мае родныя, асабліва бабулі, ведаюць: са мной усе ў парадку. А як толькі яны не чуюць мяне, адразу пачынаюць тэлефанаваць і пытацца, што здарылася і хто захварэў.

Алена Вахрамеева (у праграме - 5 гадоў):

1. Быў выпадак, калі я тэлефаную сіноптыкам, пытаюся прагноз і мне кажуць, што "сёння ў нас сонечна, без ападкаў", гляджу ў акно — а там ідзе дождж. З гэтага ўзнікла ідэя зрабіць асобную праграму "Пра надвор'е і не толькі". Мы зрабілі яе, каб вось такія факты выпадковасці тлумачыць слухачам.

2. Калі не знаходжуся каля мікрафона, але ёсць магчымасць слухаць "Радыёфакт", - абавязкова гэта раблю.

3. Форс-мажоры ў эфіры ў нас амаль што адсутнічаюць. Рыхтуючыся да эфіру я, як і мае калегі, напярэдадні збіраю навіны. Здараецца і так, што ў апошні момант з'яўляецца інфармацыя больш актуальная, чым адабраная напярэдадні. Аднак гэта ўплывае толькі на вёрстку праграмы, але не на яе змест.

4. Праца ў праграме прывучыла да хуткіх збораў. І гэта вельмі дапамагае. Я "сава", і для мяне самая вялікая складанасць — рана ўстаць. Але дзякуючы "Радыёфакту" я раніцай магу сабрацца за 12 хвілін і паехаць на працу.

5. Актуальнасць нашай праграмы, на маю думку, базіруецца перш за ўсё на надзённасці тэм, якія здольны зацікавіць шырокую аўдыторыю. Бываюць выпадкі, што пасля выхаду "Радыёфакта" нам тэлефануюць людзі і дзякуюць за закранутую тэму.

Алена ДРАПКО.