"Хлопчыкi i дзяўчынкi" да Кiева давядуць

04.02.2005
"Звязда", 4 лютага 2005 г.


Са спазненнем, аднак прафесiянальнае журы i аргкамiтэт усё ж вызначылiся, хто менавiта будзе прадстаўляць Беларусь на Мiжнародным конкурсе песнi "Еўрабачанне-2005", якi пройдзе ў маi гэтага года ў Кiеве. "Пасля доўгiх спрэчак i дэбатаў", як адзначылi ў прэс-службе БТРК, шляхам агульнага галасавання было названа iмя Анжэлiкi Агурбаш.
Скептыкi практычна адразу пасля абвяшчэння вынiку заявiлi: а хто б сумняваўся. Песiмiсты прагназуюць: зноў не праб’ёмся нават праз паўфiнал, будзем дысквалiфiкаваныя i нарэшце перастанем выдаткоўваць грошы незразумела на што. Рэалiсты тэрмiнова вывучаюць украiнскую мову, каб у складзе групы падтрымкi цi самастойна паехаць "пахварэць" у Кiеў (гэта ўсё ж не Стамбул - i блiжэй, i танней выйдзе). Аптымiсты... Яны якраз сабралiся ў зале пасяджэнняў Белтэлерадыёкампанii i абмяркоўвалi, што зроблена, а што яшчэ наперадзе.
Так, сярод беларускiх мадэльераў абвешчаны своеасаблiвы конкурс на стварэнне фiрменнага стылю беларускай прадстаўнiцы на "Еўрабачаннi". Акрамя шматлiкiх убораў для самой спявачкi (Анжэлiка вiдавочна любiць пераапранацца для прэс-канферэнцый, прыёмаў, рэпетыцый, не кажучы ўжо пра выступленнi), неабходна распрацаваць "унiформу" для групы падтрымкi, прычым галоўнае патрабаванне - каб у касцюмах прасочвалася беларуская нацыянальная адметнасць. Iстотныя перамены чакаюць конкурсную песню "Boys and Girls" ("Хлопчыкi i дзяўчынкi"), якая пакуль што звышрадасных эмоцый не выклiкае; на гуказапiсвальных студыях Вялiкабрытанii павiнен нарадзiцца канчатковы i, будзем спадзявацца, найлепшы варыянт кампазiцыi. Таксама за мяжой плануюцца i здымкi клiпа. Не забыты яшчэ адзiн важны бок - прамоўшн, ён жа раскрутка (на адных толькi галасах Расii ды Украiны мы на высокае месца разлiчваць не зможам). Анжэлiка Агурбаш збiраецца ўжо зараз выпусцiць вялiкую колькасць аўдыё- i вiдэапрадукцыi, каб на працягу трох месяцаў, што засталiся да конкурсу, распаўсюдзiць iх па ўсiм свеце. Белтэлерадыёкампанiя i мiнiстэрства культуры рэспублiкi, па ўсiм вiдаць, такую самастойнасць i iнiцыятыўнасць толькi вiтаюць - аднак апошняе слова застанецца ўсё ж за iмi. "Я спадзяюся, выканаўца прыкладзе ўсе свае сiлы, увесь вопыт i ўвесь талент, каб наш удзел у гэтым конкурсе быў паспяховым", - рэзюмаваў Мiхаiл Фiнберг.

Экспрэс-каментарый

На вынiковую прэс-канферэнцыю, дзе афiцыйна агучвалiся вынiкi нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне", старшыня прафесiянальнага журы Мiхаiл Фiнберг прыехаць не змог - быў заняты на рэпетыцыi. Затое прыбыў Васiль Раiнчык - кампазiтар, кiраўнiк маладзёжнага Тэатра эстрады, стваральнiк эстраднай студыi "Верасы", з якой у свой час выйшла спявачка Лiка Ялiнская (няхай нават сёння яна стала Анжэлiкай Агурбаш). Хто ж ведае больш пра магчымасцi i здольнасцi сваёй былой выпускнiцы, як не Васiль Пятровiч?
- З "Верасоў" выйшла даволi многа цiкавых i вядомых артыстаў: гэта i Аляксандр Цiхановiч з Ядвiгай Паплаўскай, i Iрына Дарафеева, i Вiкторыя Алешка, i Сяргей Брыкса, i Юлiя Скараход... Але самая яркая з’ява ансамбля "Верасы", самая заўважная артыстка - гэта, безумоўна, Лiка, - перакананы Васiль Раiнчык.
- З пункту гледжання прафесiянала што можна сказаць пра конкурсную песню Анжэлiкi?
- Пакуль мы можам толькi меркаваць, якое ўражанне яна зробiць на еўрапейскiх гледачоў, вынiкi непрадказальныя. Магу сказаць, што над песняй працавалi i працуюць выдатныя майстры, i кампазiцыя мае шмат цудоўных вартасцяў, якiя павiнны даць плён. Песня безумоўна добрая.
- Вам не цяжка было вызначыцца пры галасаваннi: Палiна Смолава - сённяшняя артыстка Тэатра эстрады, Анжэлiка - былая салiстка ансамбля "Верасы" - атрымлiваецца, выбiраць трэба было памiж "сваiмi"?
- Я лiчу, што Анжэлiка заслужыла гэта права - прадстаўляць Беларусь на еўрапейскiм узроўнi. Пры тым, што яна ўдзельнiчала ў конкурсе на агульных падставах, вельмi адказна ставiлася да падрыхтоўкi, шмат працавала. Усё было правiльна. Пераважная большасць журы зрабiла менавiта такi выбар, i ён супаў з меркаваннем аргкамiтэта. А ў Палiны наперадзе яшчэ мноства конкурсаў i мноства магчымасцяў паказаць свой талент.
...Выбар адбываўся абсалютна адкрыта i без нiякiх закулiсных iнтрыг - гэта неаднаразова падкрэслiлi i старшыня НДТРК Уладзiмiр Мацвяйчук, i намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка. Зараз пачынаецца найбольш напружаны этап падрыхтоўкi - здаць у Кiеў усе аўдыё- i вiдэаматэрыялы для падрыхтоўкi шоу трэба будзе ўжо праз паўтара месяца. У кожную з 41 краiны-ўдзельнiцы "Еўрабачання-2005" Белтэлерадыёкампанiя накiруе запiсы нашай канкурсанткi, каб даць уяўленне пра музычны нумар ад Беларусi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.