Касцюшкi даўнi запавет

27.02.2007
"Народная газета", 27 февраля 2007 г.


Прэм’ера чатырохсерыйнага дакументальнага фiльма “Тадэвуш Касцюшка. Вяртанне героя” з аўтарскага праекта Алега Лукашэвiча “Эпоха” адбылася ўчора на Першым канале.
Пошукi яшчэ непрачытаных старонак з бiяграфii Касцюшкi прывялi здымачную групу Белтэлерадыёкампанii ў ЗША, дзе Тадэвуш зрабiў кар’еру ваеннага iнжынера i быў удастоены ганаровага звання нацыянальнага героя, у Францыю, дзе славуты зямляк атрымаў адукацыю, у Польшчу, дзе быў прызнаны выдатным генералам i стратэгам.
Па словах Алега Лукашэвiча, асаблiва цiкава было даведацца пра тое, што Касцюшка, якi быў багатым чалавекам (яго дастатак па сённяшнiх мерках можна было б ацанiць у пяць мiльёнаў долараў), любiў прачынацца ў пяць ранiцы, каб на канi аб’язджаць наваколле Салатурна, што ў Швейцарыi, i раздаваць мiласцiну беднякам. У фiльме тэлегледачы ўбачаць асабiстыя рэчы славутага земляка, даведаюцца, каму Касцюшка пакiнуў у спадчыну свае немалыя грошы, а таксама пра iншыя не менш цiкавыя пункты швейцарскага завяшчання.

Марына КУЗЬМIЧ, “НГ”.