Канал "Культура" Беларускага радыё завяршыў работу над запісам аўдыякнігі "Ніколі не забудзем: унукі пра вайну"

05.06.2015 "Звязда" 
 
 Зборнік складаецца з работ пераможцаў аднайменнага рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Конкурс "Ніколі не забудзем: унукі пра вайну" з пачатку навучальнага года праводзіла грамадскае аб’яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі і Выдавецкага дома "Звязда". Паводле правілаў конкурсу, юныя аўтары ў сваіх творах павінны былі браць за аснову успаміны прадзядуль і прабабуль, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Абавязкова трэба было прыкласці дакументальныя сведчанні і фотаздымкі герояў творчых работ, пра якіх пісалі дзеці. Канал "Культура" Беларускага радыё вырашыў падтрымаць арганізатараў конкурсу, і яго пераможцаў - запісаць аўдыякнігу.

Аўдыякніга дазволіць пазнаёміць са зместам зборніка людзей з абмежаваннямі зроку, а таксама стане добрым падарункам для ветэранаў.

Супрацоўнікі канала "Культура" засяроджаны цяпер на другім этапе працы над аўдыякнігай - робяць яе мантаж: творчая каманда праграмы "Мэры Попінс" апрацуе больш за 17 гадзін гуказапісаў.

Выбраныя творы з аўдыякнігі прагучаць на канале "Культура" ў выпусках праграмы "Мэры Попінс".