"Калыханка" адзначыла юбілей

09.01.2016

"Звязда"

Адзін з найстарэйшых праектаў беларускага тэлебачання і ў той жа час праграма, якая застаецца заўжды маладой, бо разлічана на дзіцячую аўдыторыю, 1 студзеня адзначыла сваё 35-годдзе.

Новы 2016 год беларусы сустрэлі вялікім юбілеем нацыянальнага тэлебачання, якое існуе 60 гадоў. За гэты час было падрыхтавана шмат дзіцячых праектаў, але, без сумненняў, першай праграмай, што ўзгадае кожны, будзе "Калыханка". Дзед Барадзед, хлопчык Бульбінка, сабачка Цява і Дзядуля Лесавічок - гэта далёка не поўны спіс герояў, на якіх выгадавалася не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчатак.

"У 1981 годзе мы хацелі стварыць вячэрнюю казку, максімальна не падобную да "Спокойной ночи, малыши!", якая мела б нацыянальны каларыт", - падзялілася ўспамінамі стваральніца "Калыханкі" Ніна Вячаславаўна Шоба, якая доўгі час была галоўным рэдактарам праграм для дзяцей і юнацтва. Менавіта яна падала ідэю першай беларускай вячэрняй казкі для дзяцей, прыдумала канцэпцыю праграмы і назву "Калыханка". Разам з вялікай камандай - у першую чаргу з Верай Руцкай, Людмілай Тарасавай, Леанідам Качанкам, Аленай Фурсавай - яна ажыццявіла сваю арыгінальную задумку.

Аднымі з першых персанажаў "Калыханкі" былі жартаўнік і казачнік Бай, а сярод лялек - Буслік. Дарэчы, 1 студзеня Буслік вярнуўся на тэлеэкраны з доўгага падарожжа (ці гэта ўжо хутчэй яго праўнук?). Ён зноў забаўляе маленькіх гледачоў канала "Беларусь 3" разам з лісічкай Янай (Інай Ганчар) і медзведзяняткам Топам (Уладзімірам Варанковым). Калі раней лялечных герояў агучвалі супрацоўнікі дзіцячай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, то сёння гэта робяць прафесійныя акцёры, і Буслік загаворыць голасам актрысы Эміліі Пранскутэ, якая раней агучвала ў "Калыханцы" Сплюшыка.

Адпраўляе хлопчыкаў і дзяўчатак у чароўны свет казкі зладжаная прафесійная каманда: Фея Сноў (Алена Бікранёва), Дзед Дабрадзей (Валянцін Салаўёў), вандроўнік Нестар (Сяргей Жбанкоў) і нянька Палінка (Таццяна Чардынцава). Рэдактары ўвесь час знаходзяцца ў творчым пошуку, выдумляюць разнастайныя цікавыя формы падачы матэрыялу, ствараюць новыя дэкарацыі. Героі "Калыханкі" таксама ўвесь час абнаўляюцца, бо праграма крочыць разам з сучаснымі дзецьмі, якія выдатна разбіраюцца ў найноўшых камп'ютарных тэхналогіях і, вядома, мультыплікацыі.

У студзені канал "Беларусь 3" пачне паказваць 12-серыйны мультсерыял "Продкі", вытворцамі якога з'яўляюцца маладыя беларускія аніматары. Стваральнікі "Калыханкі" ўпэўнены, што новы мультфільм прыйдзецца даспадобы маленькім гледачам.

- Мы набывалі серыял на рускай мове, але агучваем яго па-беларуску, што стане падарункам для дзетак да юбілею "Калыханкі". Для нашых прыхільнікаў падрыхтавана шмат сюрпрызаў. Напрыклад, у канцы студзеня плануем адкрыць выставу, прысвечаную 35-годдзю любімай праграмы ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, куды абавязкова запросім нашых гледачоў. Падчас выставы будзе паказаны відэафільм пра гісторыю "Калыханкі", створаны Белтэлерадыёкампаніяй, - расказала выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 3" Ларыса Есарція.

"Калыханка" шчыра віншуе сваіх маленькіх і дарослых гледачоў з цудоўнымі зімовымі святамі і зычыць усяго самага добрага!

Алена ДРАПКО.