Iрына Якаўлева: "Адпачываю ля тэлевізара"

26.11.2005
"Звязда", 26 лістапада 2005 г.


У журналiстыку, здаецца, самая пазнаваемая вядучая БТ Iрына Якаўлева трапiла... амаль выпадкова. Калi вучылася на другiм курсе Магiлёўскага тэхнiчнага унiверсiтэта, убачыла аб’яву: мясцовая студыя тэлебачання праводзiць кастынг.

- З фiзiкаў - у лiрыкi... Не шкадуеце?
- Нiколькi. Больш за тое, сёння я нават не магу ўявiць сябе без эфiру.
Хоць у школе аб працы ў СМI я нават не задумвалася - цягнулася да дакладных навук: матэматыкi, фiзiкi, таму i абрала прафесiю эканамiста. А тут... Я проста вырашыла паспрабаваць.
Не, страшна не было, а вось юнацкага максiмалiзму, сiл, жадання ў 19 гадоў хапала (гэта зараз я ўжо стаўлюся да сябе больш крытычна). А адбор, дарэчы, быў вельмi сур’ёзны: 300 чалавек, 3 этапы, але я прайшла. Мяне ўзялi з выпрабавальным тэрмiнам, каб я паспела агледзецца. Адзiн дзень так прайшоў, другi... Потым нечакана захварэла вядучая вячэрнiх навiн, мне i кажуць: "Рыхтуйся ў эфiр".

- Хвалявалiся?
- Так, памятаю кожную хвiлiнку, у тым лiку i таму, што адбывалася гэта ў дзень нараджэння мацi. Я ёй патэлефанавала i сказала: "Прымай тэлевiзiйны падарунак". Усё прайшло гладка, калi не лiчыць маiх спалоханых вачэй i дрыжачага голасу. Было гэта 8 гадоў таму, але адчуваннi, дакладна тыя ж, засталiся: без хвалявання нельга.

- А ў Мiнск пераехалi чатыры гады таму...
- I амаль адразу ж мяне запрасiлi вядучай навiн на БТ. Дачцэ Машы тады толькi споўнiлася паўтара года. Я шмат разважала i... згадзiлася. Спачатку, безумоўна, цяжка было: новы горад, чужыя кватэры, няма родных, блiзкiх.

- Нiколi не шкадавалi, што эканамiчная адукацыя i нават "чырвоны" дыплом засталiся непатрэбнымi?
- Гэта не так. Журналiст нiколi не ведае, аб чым прыйдзецца пiсаць цi здымаць сюжэт. Трэба быць спецыялiстам амаль ва ўсiх сферах. Атрыманыя веды мне шмат дапамагаюць, бо эканамiчнай iнфармацыi сёння хапае.

- Тэлебачанне вас змянiла?
- Натуральна. Я стала больш сабранай, сур’ёзнай, у той жа час - узважанай, дарослай. Што датычыцца iмiджа, то сёння я стаўлюся да яго больш уважлiва: я не iмкнуся яго кардынальна мяняць, бо глядач прывыкае да вобраза. I ўвогуле, чалавек, якi працуе ў кадры, незалежна ад абставiнаў павiнен выглядаць iдэальна. Як нi банальна гэта прагучыць, але нас, вядучых, сустракаюць па адзенню, таму знешняму выгляду я ўдзяляю шмат увагi.

- Пазнавальнасць раздражняе?
- Не, я лiчу, што гэта абавязковы атрыбут публiчнай прафесii. I што б нi гаварылi расiйскiя цi заходнiя зоркi, увага заўжды прыемна.

- Адпачываць паспяваеце?
- Так... ля тэлевiзара. Але i тут прафесiя накладвае адбiтак. Адсочваю практычна ўсе iнфармацыйныя праграмы. Часам дачка просiць разам паглядзець мультфiльмы, i тут нiкуды не дзенешся: пераключаем кнопку, бо ў анiмацыi таксама ёсць цiкавыя жыццёвыя моманты. Яшчэ я люблю чытаць. Аддаю перавагу класiцы i кнiгам рамантычным (любiмая - "Знесеныя ветрам"). На жаль, часу на гэта амаль нiколi не хапае, вось дэтэктыў Усцiнавай каторы тыдзень ля ложка ляжыць. Гатую таксама з радасцю, але зноў-такi рэдка, не апантаная я гаспадыня.

- Дачка на адсутнасць увагi не скардзiцца?
- Не, ёй я прысвячаю ўвесь вольны час (хоць у нас ёсць i няня). Летам мы часцяком наведвалi паркi, ездзiлi на прыроду, да рэчкi, зараз (калi пахаладала) "захварэлi" на цырк i тэатры. На выхадныя вось думалi ў Лядовы палац схадзiць, але не атрымалася. Хачу дачку далучыць да фiгурнага катання, бо аб гэтым сама марыла ў дзяцiнстве.

- А як Маша ставiцца да "тэлевiзiйнай" мацi?
- Крытычна (а ёй усяго чатыры з паловай), яна - мой галоўны глядач, амаль заўсёды дае каментарый: "Мамачка, у цябе сёння быў прыгажэнны пiнжак". Цi - "твая хусцiнка мне не спадабалася".

- I, вядома, сама марыць стаць вядучай...
- Так, на пытанне, кiм хочаш быць, яна адказвае: "Чытаць "Панараму". Гэта жаданне, дарэчы, добры стымул для таго, каб вучыць лiтары. Мае адносiны да гэтага, зразумела, яшчэ дзiцячага выбару? Апошняе слова скажа, канешне, Маша, але я была б рада, калi б дачка пачала працаваць на тэлебачаннi, бо гэта сапраўды вельмi цiкава.

- Якiмi якасцямi павiнен валодаць iдэальны дыктар?
- Абаяльнасцю, уменнем прывабiць да сябе людзей, несцi iнфармацыю, разумець тое, пра што гаворыш. Таксама - вялiкай працаздольнасцю. Пагадзiцеся, не кожны зможа выходзiць у прамы эфiр у 12 ночы.

- Складанасцяў не баiцеся?
- Не, бо яны гартуюць, прымушаюць мабiлiзавацца, расцi.

- I нi аб чым у жыццi не шкадуеце?
- Не, я лiчу, што яшчэ не падышла да таго ўзросту, ды i не было ў мяне нявыкарыстаных магчымасцяў. А за што сорамна было? За падман у дзяцiнстве: я гаварыла бацькам, што хаджу ў музычную школу, якую вельмi не любiла, а сама... Пасля гэтага зараклася хлусцiць.

- У вашым разуменнi шчасце - гэта...
- Мары, якiя здзейснiлiся, - любiмая праца, добрая сям’я.

- Вы - аптымiст?
- Хутчэй рэалiст. Я ўпэўненая: трэба з удзячнасцю прымаць тое, што дае жыццё, успрымаць яго такiм, якое яно ёсць. Не перабольшваць, не разглядаць праз ружовыя акуляры, але i не ачарняць. Я заўжды iмкнуся даваць усяму аб’ектыўныя ацэнкi, у тым лiку i сабе.

Настасся ЦЕЛЕШАВА.