Iрына Дарафеева плануе выступiць у Крамлёўскiм палацы

29.06.2007
"Звязда", 29 чэрвеня 2007 г.


Аб гэтым спявачка расказала падчас онлайн-канферэнцыi, праведзенай на сайце Белтэлерадыёкампанii. Таксама прыхiльнiкi артысткi змаглi даведацца, калi чакаць новыя хiты, што прадставiць Дарафеева на "Славянскiм базары ў Вiцебску", якую музычную ўзнагароду лiчыць для сябе галоўнай, а патэнцыяльныя калегi па сцэне цiкавiлiся, як трапiць у "Тэатр песнi Iрыны Дарафеевай", якiмi спосабамi падтрымлiваць фiгуру i як часта варта мяняць сцэнiчны iмiдж. У вынiку замест дэклараванай гадзiны спявачка адказвала на пытаннi ўсе дзве, ды яшчэ частка iнфармацыi засталася "па-за эфiрам".

Гэта ўжо не сакрэт...
Iрына - рэкардсмен па беларускiх гастролях, i гэтая традыцыя пастаянна працягваецца. Напрыклад, сёння спявачка выступае ў Бабруйску ў канцэрце "За Беларусь", 30 чэрвеня прыедзе ў родны Магiлёў, потым - у Мiнск, а адразу адтуль - у Вiцебск, на "Славянскi базар".
На мастацкiм форуме ў Вiцебску, дарэчы, будуць паказаны самыя яркiя моманты з канцэрта "Купалле Iрыны Дарафеевай: Фестываль стыхiй", якi адбыўся ля сцен Мiрскага замка. Магчыма, будзе прадстаўлена новая песня Аляксандры Пахмутавай i Мiкалая Дабранравава, напiсаная спецыяльна для беларускай спявачкi. Гэтаксама плануецца выступленне з Прэзiдэнцкiм аркестрам, удзел у канцэрце зорак Еўрабачання" i г.д.
Пасля "Славянскага базару", калi атрымаецца, Дарафеева возьме мiнi-адпачынак i правядзе 7 дзён на Кiпры. А па вяртаннi працягне гастрольны тур па Беларусi "Пад мiрным небам" i запiс новага альбома ва Украiне. У перспектыве таксама - перамовы з вядомым сербскiм выканаўцам Жэлькам Йоксiмавiчам наконт супрацоўнiцтва.
У блiжэйшых планах спявачкi - сольны канцэрт у Крамлёўскiм палацы з’ездаў i "прарыў" на расiйскi музычны рынак. Iнтарэсы Iрыны Дарафеевай у Расii зараз прадстаўляе кампазiтар Кiм Брэйтбург, якi напiсаў для яе песню "Дзяўчына на беразе" (у хуткiм часе будзе зняты клiп), а для дуэта Iрыны i Руслана Аляхно - кампазіцыю "Сэрца зямлi маёй".

А цi ведалi вы, што...
Хобi ў Iрыны - "нежаночае", захапленне рыбалкай, а найлепшы адпачынак - не на турэцкiм беразе, а дзе-небудзь на беларускай рэчцы. Сябар спявачкi Руслан Аляхно нават паабяцаў спецыяльна для яе падабраць спiнiнг - вiдаць, яго i ўручыць у якасцi падарунка на дзень нараджэння.
Адным з лепшых падарункаў для Дарафеевай стаў бы... падводны душ-масаж. Спявачка даўно марыць набыць сабе такi, але складанасць у тым, што сам сабе працэдуру не правядзеш - трэба, каб прыязджаў спецыялiст i рабiў усё па правiлах.
Каб падтрымлiваць форму, спявачка вымушана не толькi не есцi пасля шасцi гадзiн вечара, але i абмяжоўваць сябе ў любiмай страве - дранiках. Гэтаксама яна ахвотна i многа займаецца спортам, у прыватнасцi, плавае рознымi стылямi.

З вяршыняў вопыту...
Жадаючы поспеху абсалютна ўсiм прэтэндэнтам ад Беларусi на "Еўрабачанне-2008", спявачка для сябе вырашыла: "Напэўна, я змагла б узяць удзел у гэтым конкурсе... Але збiрацца пакуль не збiраюся".
Дзверы ў "Тэатр песнi Iрыны Дарафеевай" заўжды адчыненыя, але гэта не значыць, што можна прыйсцi з вулiцы i адразу там застацца. Пажадана мець музычную адукацыю, талент, добрую знешнасць i вялiкае жаданне працаваць. "Выслухаць, паглядзець, падказаць - заўжды калi ласка. А яшчэ, магчыма, варта пачаць з паступлення на эстраднае аддзяленне ва Унiверсiтэт культуры i мастацтваў, дзе я выкладаю", - раiць Дарафеева. Дарэчы, дзве яе студэнткi - Iрына i Забава - трапiлi ў студыю менавiта такiм чынам, i зараз з’яўляюцца бэк-вакалiсткамi спявачкi.
Першую прэмiю на "Славянскiм базары ў Вiцебску" Iрына ўзяла яшчэ ў 1999 годзе, але дагэтуль лiчыць яе адным з важнейшых сваiх дасягненняў. Сёлетнiх канкурсантаў, якiя абодва прайшлi "загартоўку" ў яе студыi, спявачка шчыра падтрымлiвае: "I ў Анi Благавай, i у Георгiя Калдуна ёсць усё, каб быць у лiдарах конкурсу: i цудоўныя вакальныя даныя, i артыстызм, i дастатковы вопыт работы на сцэне, а таксама выдатны рэпертуар".

Ад першай асобы
- Я збiраюся, як кажуць, iнтэгравацца не толькi на расiйскi рынак, але i ў iншыя блiзкiя i далёкiя краiны. Але тут вельмi важна не згубiць твар, а ў дадзеным выпадку для мяне - гэта твар Беларусi. Вось якiя задачы я стаўлю перад сабой.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Цалкам тэкст онлайн-канферэнцыi i фотарэпартаж з яе можна паглядзець на сайце www.tvr.bу.