Гэта чула ўся Еўропа

18.11.2003
"Звязда", 18 лістапада 2003 г.


15 лістапада ў Капенгагене (Данія) прайшоў доўгачаканы дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне".
Доўгачаканы - не толькі таму, што адбыўся ён у практыцы Еўрапейскага вяшчалынага саюза ўпершыню, але і таму, што ў ім бралі ўдзел беларусы, дакладней беларусачкі: 10-гадовая Вольга САЦЮК з Кобрына і 16-гадовая Каця ЛІПОЎСКАЯ з вёскі Казлоўшчына Слуцкага раёна (Волечка спявала, Каця, якая з'яўляецца аўтарам слоў і музыкі конкурснай песні "Танцуй", стаяла за клавішамі).
У выніку нашы дзяўчаткі занялі 4-е месца, уступіўшы свае пазіцыі трывалага другога месца толькі ў апошні момант. Усяго ў творчым спаборніцтве ўдзельнічала 16 юных выканаўцаў з Беларусі, Харватыі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Польшчы, Македоніі, Румыніі, Швецыі, Даніі, Нарвегіі, Іспаніі і іншых краін. Вольга Сацюк набрала пры галасаванні 103 балы, а ў тройцы лідараў месцы размеркаваліся наступным чынам: 3-е - Вялікабрытанія (118 балаў), 2-е - Іспанія (125 балаў), 1-е - Харватыя (пераможца, жвавы хлопчык па імені Дзіна, набраў 134 балы). Наступны ж конкурс адбудзецца ў 2004 годзе ў Манчэстэры (Вялікабрытанія).

Месца для разваг

Беларусы выступілі - і вельмі няблага. У прынцыпе, спецыялісты прагназіравалі, што песня Каці Ліпоўскай складзе сур'ёзную канкурэнцыю іншым канкурсантам, упэўнена падкрэслівалі, што нашы ўдзельнікі трапяць у дзесятку. Мелі шанцы і на перамогу. Але - атрымалася так, як атрымалася. Зараз можна колькі заўгодна спрачацца, ці прадугледжвала Іспанія такіх моцных сапернікаў і ці не наўмысна тамтэйшае журы паставіла беларусам "троечку". Можна ўзгадаць, што ў нацыянальным уборы беларусачка Вольга выглядала б куды больш каларытна і прывабна, чым у стандартным падлеткавым "прыкідзе" з яркай маечкі і штаноў. А можна сказаць, што так распарадзіўся лёс - куды больш прыемна думаць, пагадзіцеся, што творчыя дзеці не сталі заложнікамі амбіцый, у тым ліку палітычных, "уладу маючых" дарослых, і што для іх гэта было перш за ўсё агульнае сеята, а не жорсткая барацьба... Асабіста я лічу, што выйсці ўпершыню на еўрапейскую сцэну і адразу ўпэўнена заняць высокую прыступку - гэта вялікі поспех. Малайцы, дзяўчаткі!
Здаецца, усе кропкі над "і" расстаўлены. Тым больш што маленькай жыхарцы Кобрына сапраўды няма прычын засмучацца - яна спявае ледзь не ўсё жыццё, можна сказаць, што гэты тапент перадаецца ў сям'і Сацюк як спадчына з пакалення ў пакаленне; і за сваю творчую кар'еру дзяўчынка паслела столькі ўсяго заняць і заваяваць, што ў кватэры бацькоў ужо няма месца для дыпломаў - даводзіцца упрыгожваць гэтымі знакамі пашаны кватэру бабулі і дзядулі... Думаю, што не менш светлы шлях ляжыць і перад Кацярынай Ліпоўскай, якая сцвердзіла сябе як шматбакова таленавітая дзяўчына (аўтар слоў, кампазітар, выканаўца) ужо падчас тэлевізійнага конкурсу Белтэлерадыёкампаніі "Сузор'е надзей". Калі зараз не пакінуць дзяўчат сам-на-сам толькі з дыпломамі, праз некалькі гадоў нам не трэба будзе ламаць галаву, хто ж з маладых выканаўцаў зможа годна прадставіць Беларусь на міжнародным узроўні... I не трэба будзе запускаць ніякіх фабрык-канвеераў па вытворчасці аднатыпных "зорак".

Знаёмцеся: героі дня

Вольга САЦЮК нарадзілася 2 жніўня 1993 года ў г.Кобрыне. Бацька, Алег Віктаравіч, скончыў у свой час біялагічны факультэт, але зараз працуе акампаніятарам у ансамблі народнай музыкі "Магдалена", грае на скрыпцы. Маці, Святлана Анатольеўна, скончыла матэматычны факультэт, выкладае матэматыку ў школе. Старэйшая сястра Вольгі - Насця - вучыцца ў 10-м класе, займаецца танцамі. Сама Вольга пачала займацца вакалам ва ўзросце 5 гадоў, калі мама за руку прывяла дзяўчо ў Дом творчасці юных г.Кобрына. Тады ж Вольга ўпершыню ўдзельнічала ў творчым спаборніцтве (гэта быў агульнагарадскі конкурс "Рытмы маладосці"), а праз год атрымала прыз глядацкіх сімпатый па выніках рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу "Усе мы родам з дзяцінства". Увесну 2003 года дзяўчынка выступіла на сцэне Палаца Рэспублікі ў адборачным туры Нацыянальнага тэлеконкурсу юных талентаў "Сузор'е надзей" і стала лаўрэатам у намінацыі "саліст-вакаліст". Зараз Вольга вучыцца ў 4-м класе і займаецца ў музычнай школе па класу фартэпіяна. Спявае на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах, развучвае песню на англійскай мове. Вельмі любіць спяваць, танцаваць, маляваць, а больш за ўсе - выступаць на вялікай сцэне перад вялікай колькасцю гледачоў.
Каця ЛІПОЎСКАЯ нарадзілася 2 кастрычніка 1987 года ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна. Бацька, Уладзімір Часлававіч - дырэктар дзіцячай школы мастацтваў. Маці, Валянціна Валянцінаўна, выкладчыца тэорыі музыкі, кіруе хорам у дзіцячай школе мастацтваў. Сама Кацярына ўпершыню выйшла на сцэну ў 7 гадоў. У 1998 годзе ўзяла ўдзел у рэспубліканскім тэлевізійным фестывалі "Усе мы родам э дзяцінства", а ў 2003-м заваявала званне лаўрэата ў Нацыянальным тэлеконкурсе юных талентаў "Сузор'е надзей". Каця паспела ўжо скончыць школу мастацтваў па класу фартэпіяна і харэаграфіі, зараз вучыцца ў 11-м класе і адначасова займаецца ў тэатральнай студыі, самастойна вывучае англійскую мову. Дзяўчына піша вершы і музыку, прыдумвае сцэнарыі для школьных спектакляў, распрацоўвае свой сцэнічны імідж. Марыць стаць актрысай. У Каці ёсць брат Максім і сястра Алеся; калі 10-класнік Максім сур'ёзна захапляецца матэматыкай, то 7-класніца Алеся, здаецца, спрабуе быць падобнай на старэйшую сястру.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.