Геаграфія "Беларусі"

07.07.2012
"Культура", 7 июля 2012 г.


Радыёстанцыя "Беларусь", што працуе для замежнага слухача, сёлета адзначыла 50-годдзе ў эфіры.
Да гэтай падзеі рэдакцыя разам з Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі зладзіла для замежных слухачоў конкурс "Адкрый для сябе Беларусь!". Яго вынікам была прысвечана прэс-канферэнцыя.
Радыё "Беларусь" вяшчае на сямі мовах, і ўсе яны былі задзейнічаны ў акцыі "Адкрый для сябе Беларусь!". Конкурс праводзіўся ў чатыры туры. У кожным - пяць пытанняў. Слухачам прапаноўваліся пытанні па гісторыі і культуры Беларусі, пра сацыяльную палітыку нашай дзяржавы, пра помнікі дойлідства і спорт. Чацвёрты тур цалкам быў прысвечаны сёлетнім юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу.
Усяго на радыё прыйшло больш за 150 лістоў з адказамі. Арганізатараў конкурсу здзівіла тая акалічнасць, што найбольшую цікавасць праявілі не толькі нашы колішнія суайчыннікі па СССР ды жыхары славянскіх краін, але і немцы, англічане, грамадзяне Індыі і Бангладэш... Дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч лічыць, што тут адыграла ролю наяўнасць на постсавецкай і постсацыялістычнай прасторы стэрэатыпных уяўленняў пра Беларусь, і каб іх разбурыць, трэба прыкласці шмат намаганняў.
І месца на конкурсе занялі прадстаўнікі ФРГ і Польшчы, ІІ-е - Трынідада і Табага ды Францыі, ІІІ-е - Нігерыі і Марока. Радыё "Беларусь" мае намер запрасіць іх у нашу краіну падчас святкавання Дня пісьменства.
Кажучы пра плён конкурсу, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч адзначыў, што падобная інтэрактыўная акцыя мусіць мець працяг. "Увогуле трэба скарыстоўваць любую нагоду - культурную, эканамічную, спартыўную, - каб прагучала імя "Беларусь".
На перспектыву радыё "Беларусь" плануе асветніцкую праграму "Славутыя імёны Бацькаўшчыны". Ёсць спадзяванні, што яна будзе мець добры розгалас.