Ганна Эйсмант: “Да спорту нельга адносіцца абыякава”

03.02.2004
"Звязда", 3 лютага 2004 г.


Кожны вечар беларускім мужчынам пра спорт расказвае вядучая Першага нацыянальнага Ганна Эйсмант. Прычым памыляецца пры гэтым значна менш, чым некаторыя калегі процілеглага полу. А аўдыторыя спартыўна-фанацкая, у адрозненне ад любой іншай, як вядома, вызначаецца сваёй нецярпімасцю. Усе твае памылкі адсочаць і створаць з гэтай нагоды асобную тэму на канферэнцыі якога-небудзь спартыўнага Інтэрнэт-сайта, дзе з вялікім сарказмам усё і абмяркуюць. I пакуль адны жартуюць і весяляцца перад маніторамі, другія ўпарта лічаць, што тэксты вядучая чытае па бягучым радку, і бессэнсоўна іх пераконваць, што выглядала б гэта, сама меней, камічна. Пакуль што наша гераіня не стала прычынай іроніі прасунутых балелышчыкаў і інтэрнэтчыкаў, а толькі ў адной з газет яе назвалі чамусьці шахматысткай, але ўсё роўна я лічу, што няўдзячная гэта справа - пра спорт расказваць на нашым тэлебачанні, а мая субяседніца мне пярэчыць.

- Калі мне хтосьці кажа, што не глядзіць Першы нацыянальны, я не веру. Адкуль яны тады ўсіх вядучых ведаюць? Аднойчы мы былі са знаёмай на адным спартыўным мерапрыемстве, і калі я манціравала сюжэт, пакінула эпізод, дзе яна літаральна пару секунд была ў кадры. Пасля гэтага ўсе яе знаёмыя сталі ёй паведамляць, што бачылі яе па тэлевізары. I як можна сцвярджаць, што ніхто не глядзіць БТ?

- Як ты сама трапіла на тэлебачанне?

- Аднойчы Павел Каранеўскі прыйшоў на факультэт журналістыкі і запрасіў пасупрацоўнічаць з ток-шоу “Будні” - тады гэты праект толькі стартаваў. Вельмі многія студэнты, чалавек 40, згадзіліся. I ўсе дружнай кампаніяй, у тым ліку і я, рушылі на БТ. 3 намі абмеркавалі тэмы, мы іх падзялілі. У выніку да моманту выхаду праграмы, тэмай якой быў беларускі футбол, засталася я адна. Усім астатнім надакучыла, а мяне атмасфера тэлебачання зацікавіла...
Так я і прыжылася ў спартыўнай рэдакцыі. Супрацоўнічала з МСН, “Спартыўным кур'ерам”, а потым адбыўся кастынг на вядучых спартыўных навін. Меркавалася, што гэта можа быць дзяўчына, каб разбавіць мужчынскую кампанію Булацкага і Баранава, хаця спрабавалі прайсці шмат хлопцаў. А праз пару тыдняў пасля кастынгу мне паведамілі, што ў эфіры буду я. У той час маіх першых эфіраў шмат дапамагаў Паша Булацкі. Калі ты толькі пачынаеш, вельмі важна, каб побач быў такі чалавек. Ён рабіў гэта без пачуцця саперніцтва, не бачыў у ва мне канкурэнта. Я нармальна ўспрымала яго крытыку, заўвагі пасля прамых эфіраў. Тады мне хацелася як мага хутчэй удасканаліцца і апраўдаць спадзяванні тых людзей, якія мяне выбралі.

- Што самае галоўнае для вядучай? Наколькі глыбока трэба ведаць спорт?

- Я лічу, што трэба не столькі разбірацца ў спорце, колькі быць неабыякавай да яго. Калі я, напрыклад, шчоўкаю пультам і бачу на нейкім канале спорт, я спыняюся. Зараз гэта, магчыма, і прафесійная цікавасць, але так было і раней. Мае старэйшыя браты гулялі ў футбол і прывучылі мяне “хварэць” і за футбол, і за “Формулу-1”, і за зімовыя віды.

- І які айчынны канал у падачы спорту табе найбольш сімпатычны?

- Першы нацыянальны - мы ж стараемся апраўдваць назву і быць першымі. Хаця, скажу шчыра, я заўсёды сачу за тым, што робяць калегі на іншых каналах.

- Цікава, чым вядучыя апраўдваюць свае памылкі?

- У прамым эфіры яны ва ўсіх здараюцца. Часам можа памыліцца суфлёр. Ну і я магу перахвалявацца. Першы раз, калі я выйшла ў эфір у дзённым выпуску навін у пятнаццаць гадзін, то, як звычайна, прывіталася: “Добры вечар”. Уся здымачная брыгада лягла ад смеху. А мне што заставалася рабіць? Я сур'ёзна сказала: “Прабачце, добры дзень”. Я заўважаю, што ў мяне міжволі выпрацавалася непрабівальнасць - цяпер у рабоце мяне мала што можа збянтэжыць. Дзякуй Богу, за памылкі ў прамым эфіры няма ніякіх санкцый - усе разумеюць, што гэта вялікае напружанне і стрэс.

- На эфір вядучыя спартыўных навін апранаюцца ад...

- Сашы Варламава. Я даўно сябрую з гэтым мадэльерам. Зараз ужо менш, а раней пастаянна працавала ў яго манекеншчыцай. Удзельнічала ў трох “Млынах моды”, дзесьці па 50 выхадаў у кожным. Мне часта кажуць, што бачылі ў нейкіх часопісах мае фота, нават у Маскве і Кіеве, у мяне ж няма і дзесятай долі тых здымкаў.

- Зараз як падтрымліваеш сябе ў форме?

- Проста вяду актыўны лад жыцця, вельмі люблю актыўны адпачынак на прыродзе. Ніколі не сядзела на дыетах. Стараюся есці тое, што карысна, але не таму, што баюся паправіцца. Пры нашай стрэсавай прафесіі асабліва трэба за сабой сачыць. Тэлевізійная касметыка больш сур'ёзная; чым тая, якой звычайна карыстаюцца. Таму твар патрабуе асаблівага догляду - кожны вечар у мяне гэта цэлы рытуал. Ніякімі асаблівымі рэцэптамі прыгажосці я не захапляюся. Самае галоўнае - высыпацца. Паколькі прафесія публічная, я ніколі не дазваляю сабе выглядаць дрэнна, нават калі выходжу ў магазін. Гэта не значыць, што трэба тону касметыкі нанесці, проста надаеш свежы выгляд - чысты твар, здаровы румянец і бляск у вачах. У бліжэйшы час збіраюся зноў вярнуцца ў спартыўную залу, каб да вясны быць у тонусе.

- І якім спортам сама займалася?

- Прафесіянальна - ніякім. У дзяцінстве займалася лёгкай атлетыкай, гуляла ў баскетбол.

- А шахматы?

- Гэта, напэўна, чыйсьці жарт. Мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што ў адной з газет мяне абазвалі шахматысткай. Я на самай справе не ўмею гуляць у шахматы. У шашкі гуляла ў дзяцінстве, але нават і тут нельга сказаць, што Аня Эйсмант - вялікі майстар гульні.

- На сайце Белтэлерадыёкампаніі ў сваёй анкеце ты расказала, што любіш гатаваць, прычым пірагі...

- Студэнцкае жыццё расхалоджвае. Некаторыя ў студэнцкіх інтэрнатах вучацца гатаваць, а я, наадварот, - развучылася. Раней, калі я жыла з бацькамі ў Гродне, ледзь не сама рэцэпты прыдумвала, старалася здзівіць блізкіх. Зараз рэдка каго частую стравамі ўпаснага прыгатавання. Напрыклад, калі споўніўся год з дня работы ў эфіры - 6 лістапада мінулага года, - торт я не сама спякла, а купіла. Зараз яны такія смачныя, я не магу канкурыраваць з прафесіянальнымі вытворцамі.

- Прыгожых і паспяховыж, асабліва жанчын, у нас звычайна не любяць. Прыгожых дзяўчат часта ўспрымаюць так, быццам з дзяцінства яны веда-юць толькі два словы: “дай” і “хачу”...

- Некаторыя жанчыны ствараюць падставы для такіх да сябе адносінаў, бо робяць стаўку толькі на сваю знешнасць. Я стараюся, каб мужчыны глядзелі на мяне не толькі з гэтай пазіцыі. Да таго ж, па жыцці я не прагматык, як і многія творчыя людзі. Проста лёс прапаноўваў мне шанцы, а я не разгубілася і скарыстала іх... Прыгажосць можа знікнуць з часам. Я хачу расці як спецыяліст, удасканальваць сябе. Мне хочацца быць прыемным субяседнікам, каб людзям было цікава, аб чым я думаю, чым я жыву, якія ў мяне думкі, ідэі...

- Знайшла таго, каму гэта цікава?

- Не магу сцвярджаць на ўсе сто працэнтаў, што гэта так...

- Прыгожым людзям многае даруецца. Часта карыстаешся сваёй прыгажосцю?

- Вельмі адкрыта - не. Часам ненаўмысна, але гэта бывала. У нейкіх установах, напрыклад, на вахтах, міліцыянеры даравалі, калі вуліцу не там пераходзіла... Розныя бывалі выпадкі, калі я разумела, што я была камусьці сімпатычнай і па гэтай прычыне мне дапамаглі.

- І як сябе ўдасканальваеш?

- Я стараюся паболей чытаць, хаця зараз вельмі мала часу. Люблю, калі ў чалавека ёсць пачуццё гумару, і многае яму магу за гэта дараваць. Перачытвала шмат разоў “Дванаццаць крэслаў” Ільфа і Пятрова, магу на любой старонцы адкрыць, пачытаць - і ў мяне адразу падымаецца настрой. Вельмі люблю кіно і тэатр. Такое акружэнне ў мяне склалася, калі яшчэ да тэлебачання працавала на радыё “РОКС” і вяла тэатральную рубрыку.
Я аднойчы сама здымалася ў кіно - у эпізодзе “Каменскай” я іграла мадэль. Праўда, рэжысёра я ведала яшчэ з часоў працы на “РОКСе”.

- Штосьці вельмі ўжо нейкай правільнай ты атрымліваешся. Працаваць, выходзіць, амаль няма над чым?

- Няма межаў дасканаласці, прычым у паўсядзённым жыцці. Напрыклад, я стараюся не крыўдзіць нікога. Імкнуся, каб людзі атрымлівалі станоўчыя эмоцыі ад стасункаў са мной - для мяне гэта вельмі важна. Тры сусветныя рэлігіі - іудаізм, іслам і хрысціянства вучаць аддаваць дабрыню, і яна абавязкова вернецца. Я веру ў тое, што ні наша злосць, ні дабрыня не праходзяць дарэмна і ў любым выпадку вяртаюцца да нас...

Алена АЎЧЫННІКАВА.