Ганна Эйсмант: "Ніколі не марыла быць вядучай"

03.06.2016

По сообщению zviazda.by

Ганна адна з першых дзяўчат, хто з'явіўся на экране беларускага тэлебачання ў спартыўнай журналістыцы. Яна разбіраецца ў спорце не горш за самага заўзятага балельшчыка, з лёгкасцю расказвае як пра мастацкую гімнастыку, так і пра футбол. Сёння дзяўчына з'яўляецца вядучай, аўтарам шматлікіх фільмаў і перадач, а яшчэ выхоўвае маленькую дачку Іванку, імя якой, дарэчы, таксама звязана са спортам. Пра тое, як прайшоў першы прамы эфір, чаму сама Эйсмант доўгі час ігнаравала заняткі спортам і пра сваю новую праграму Ганна расказала карэспандэнту "Звязды".

- Дарэчы, адным з фактараў таго, што мяне ўзялі вядучай спартыўных навін, было веданне беларускай мовы, - пачынае гутарку Ганна. - Трэба было не проста казаць пра спорт па-беларуску, а яшчэ і самім пісаць тэксты, але самае галоўнае, трэба было думаць на беларускай мове. У прамым эфіры можа здарыцца ўсё, што заўгодна, і перакладаць тэкст у галаве проста няма часу.

- Да таго, як трапілі ў кадр, на тэлебачанні працавалі доўга?

- Не, усё склалася неяк хутка. Яшчэ студэнткай я прыйшла на першы канал у ток-шоў "Будні". Адна з тэм там гучала так: "Дзе цяпер беларускі футбол?" Я вырашыла ўзяцца за яе, у мае абавязкі ўваходзіла тэлефанаваць гасцям, запрашаць кагосьці асабіста, дамаўляцца. Потым нейкі час я проста насіла касеты, яны былі такімі вялізнымі... Пісала навіны, ездзіла на здымкі, а потым кіраўніцтва вырашыла, што ў навінах патрэбна дзяўчына, прапанавалі мне, я прайшла кастынг і трапіла ў кадр. Адразу адзначу, што вядучай быць ніколі не марыла, у першую чаргу я хацела стаць журналістам.

- Памятаеце свой першы прамы эфір?

- Вельмі добра памятаю! "Панараму" вёў Юрый Гроераў, гэта ўсё было на беларускай мове, ён перадаваў мне слова. Як цяпер успамінае мой брат, ён скурыў пачак цыгарэт за мой пяціхвілінны эфір. Таму што толькі ён і ведаў, я нават маме не сказала, што з'яўлюся ў тэлевізары, каб ніхто не хваляваўся.

- Выбар спартыўнай тэматыкі быў усвядомленым ці проста так супала?

- Спорт мне заўсёды імпанаваў, хоць пачала працаваць у журналістыцы з культуры. На "Радыё Рокс" вяла тэатральную рубрыку. Але спорт усё ж пераважыў. Мне здаецца ўсё ў нашым жыцці ідзе з сям'і, а я расла ў атмасферы, дзе спорт заўсёды любілі і цікавіліся ім. Калі з'явілася магчымасць працаваць у гэтай сферы, падумала: "Так выдатна, браты за мяне парадуюцца, я знаёмая з многімі футбалістамі, трэнерамі, мне ёсць пра што з імі пагаварыць".

- Напэўна, спачатку сутыкаліся са стэрэатыпам, што дзяўчына не можа разбірацца ў спорце так добра, як мужчына?

- Мяне нават мае калегі з аддзела вельмі доўга прадстаўлялі, як "вось, у нас дзяўчына тут вядучая, яна манекеншчыца". Даводзілася нагадваць: акрамя таго, што я падзарабляла манекеншчыцай, у мяне ёсць вышэйшая адукацыя журналіста і дыплом (смяецца). Вядома, нейкі час я даказвала, што таксама нешта магу. Гэта падагравала ўва мне спартыўны інтарэс, каб зрабіць штосьці лепш. А потым... Ведаеце, часам тое, што ты дзяўчына, нават дапамагае, многія пытанні дзесьці вырашаюцца за кошт жаночага абаяння. Любы мужчына трошкі падтае пры выглядзе дзяўчыны, у якім бы настроі ён ні быў, шанц на інтэрв'ю ўзрастае...

- Спартсмены выяўлялі сімпатыі?

- Вядома, але не буду называць імёны. Лічу, гэта нармальная сітуацыя, такое можа здарацца ў любым офісе.

- На "Беларусь 5" стаў выходзіць ваш новы праект "Жанчыны і спорт". Раскажыце пра яго.

- Летась Нацыянальны алімпійскі камітэт запрасіў мяне і ўключыў у склад камісіі "Жанчыны і спорт". І на першым жа сходзе ў Максіма Уладзіміравіча Рыжанкова ўзнікла прапанова стварыць які-небудзь відэапраект ад камісіі. Тады гаворка яшчэ не ішла пра тэлебачанне, але пазней вырашылі, што такая праграма павінна выходзіць на "Беларусь 5" фарматам у 26 хвілін, каб за гэты час паспрабаваць раскрыць гераіню. У беларускім спорце шмат цікавых дзяўчат з унікальнымі лёсамі. Ужо выйшла праграма пра Меліціну Станюту, усе адзначаюць, што яна была там зусім іншай, здаецца, мне ўдалося яе трохі раскрыць. У наступным выпуску перад гледачамі паўстане Алена Леўчанка. Убачыўшы дзяўчат такімі, я ўпэўненая, нашы людзі будуць хварэць за іх па-іншаму.

- За гады журналісцкай кар'еры здараліся форс-мажоры?

- Не без гэтага. У Калумбіі, напрыклад, у мяне ўкралі камеру. Мы паехалі туды разам з нашай зборнай на чэмпіянат свету па футзале. Пасля пераможнага матчу з пазітыўнымі эмоцыямі добра адздымалі і пакінулі камеру ў раздзявальні, якая ахоўваецца. Адтуль яе і ўкралі. Мы ўсё думалі, што нас абрабуюць у гатэлі ці на вуліцы, дзе заўгодна, але не там. Выклікалі паліцыю, але для іх усё, што танней за 10 тысяч долараў, - гэта не крадзеж.

- Які праект даўся вам найбольш складана?

- Адназначна гэта фільм пра Руслана Салея. Там было шмат момантаў, якія проста выбівалі з раўнавагі. Па-першае сама тэма, адна справа расказваць пра спартсмена, у якога ўсё добра, жыццё якога працягваецца, і зусім іншая - казаць пра трагедыю. Па-другое, я пачала працаваць над фільмам праз паўгода пасля катастрофы, гэта вельмі малы тэрмін. І пачала працаваць толькі тады, калі на гэта дала згоду сям'я Руслана. Як сказаў нябожчык журналіст Сяргей Аляхновіч, які пісаў кнігу пра Салея і прапанаваў мне зняць фільм, сям'я пагадзілася, каб фільм рабіла менавіта я. Вядома, калі пачула такое, то зразумела, што павінна здымаць.

- Паралельна з працай вы выхоўваеце маленькую дачку. Не баяліся сысці ў дэкрэт і выпасці з абоймы?

- У жыцці ўсё здараецца менавіта тады, калі гэта сапраўды трэба. Калі б у мяне з'явілася дзіця ў гадоў 20-25, я б хвалявалася, а так цяжарнасць здарылася, калі я ўжо так напрацавалася... Калі даведалася, што чакаю дзіця, падумала: "Ну трэба ж, нарэшце дэкрэт!" Тым не менш я да 8 месяцаў працавала ў эфіры і рабіла праграму "Дынама Іnsіdе". Думала, што тры гады буду адпачываць, але гэта, вядома ж, не атрымалася, больш за тое, я пачала вяртацца да сваіх праектаў, калі дзіцяці было 2,5 месяца. Армія са сваякоў заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу, дзякуй ім вялікі, гэта дазваляе мне самарэалізоўвацца. У мяне да гэтага часу бываюць паўночныя мантажы, вар'яцкія здымкі на ўвесь дзень, і ўсе ставяцца да гэтага з разуменнем.

- Дачка падобная на маму?

- Цяпер пра гэта складана казаць, Іванка яшчэ маленькая, ёй крыху больш за два гады. Яна авен, а я рак - мы зусім розныя. Яна ў мяне дзелавая дзяўчынка, з характарам, баявая. Я ні ў якім разе не спрабую збіць з яе гэткую пыху. Іванка вельмі самастойная, у 3 месяцы ўжо сама трымала бутэлечку. Я стараюся быць для яе сяброўкай і лічу, што дзіця будзе шчаслівым тады, калі ў яго будзе шчаслівая мама, а мама шчаслівая, калі задаволена на ўсіх франтах, і ў тым ліку запатрабаваная ў працы.

- Прыгожае і рэдкае імя - Іванка.

- Як толькі я прыйшла працаваць у спорт, мне вельмі падабаўся італьянскі клуб "Ювентус", а там гуляў Павел Недвед. Ён далёкі ад майго ідэалу мужчыны, але як футбаліст быў мне вельмі сімпатычны. Я стала чытаць пра яго, цікавіцца яго жыццём і даведалася, што яго жонку клічуць Іванка. З таго часу мне так спадабалася гэтае імя, я падумала, што калі ў мяне будзе дачка, то яна будзе Іванка. Калі незадоўга да родаў абвясціла гэта сваякам, яны былі ў шоку, а цяпер ужо не ўяўляюць, што малую маглі зваць па-іншаму.

- Вы тут згадалі ідэал мужчыны, які ён для вас?

- Ён павінен быць мацнейшым за мяне, думаю, са мной няпроста, хоць бы нават з-за прафесіі. Раней мне задавалі пытанне, ці змагла б я пакінуць працу дзеля сям'і? Я ніколі яго не разумела і не адказвала на гэта, таму што заўсёды лічыла, што калі мужчына хоча, то ён будзе з той жанчынай, якая яму патрэбна, насуперак вар'яцкаму графіку, характару і мужчынскай увазе, якой я акружана, бо працую ў асноўным заўсёды сярод мужчын. Калі ён прыме гэта ўсё, значыць, ён мацнейшы за ўсіх астатніх і яму дастанецца галоўны прыз.

- Вы выдатна выглядаеце ў кадры. Ведзяце здаровы лад жыцця?

- Я нікому нічога не навязваю і не люблю, калі навязваюць мне, таму асабліва ніколі не задумвалася над такім ужо правільным ладам жыцця. Заўсёды ігнаравала заняткі спортам, ніякіх трэнажораў, спартзалы і гэтак далей, а нядаўна вырашыла, што ўсё ж трэба пачынаць, і стала ўдзельніцай праекта "Гандбол. Мара мая", зараз хаджу на трэніроўкі. Што тычыцца харчавання, то чыста інтуітыўна замест сасіскі з'ем кавалачак мяса ці запраўлю салату не маянэзам, а чымсьці карысным, але пры гэтым, абсалютна спакойна магу заехаць у Макдональдс і часам дазволіць сабе велізарны чызбургер. Мне здаецца, што трэба жыць ужо цяпер і лавіць задавальненне ад усяго, у тым ліку ад ежы.

А што тычыцца знешняй прыгажосці, то самае галоўнае - гэта выспацца, ну і не варта забываць, што, калі ты займаешся любімай справай, як бы гэта банальна ні гучала, атрымліваеш эмоцыі, унутранае шчасце адбіваецца і на знешнасці.

- У Ганны Эйсмант ёсць сакрэт поспеху?

- Сакрэт у тым, каб працаваць з жаданнем, працаваць шмат, не проста быць прыгожай вядучай, а ведаць, разбірацца ў сваёй тэме. Умець схаваць свае капрызы кудысьці далей, часам забываць пра сябе, быць гатовым ахвяраваць сваім асабістым часам. Без гэтага ніяк.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ.