Финалист шоу "Я могу!" Дмитрий Иваненко: "Если выиграю - деньги отдам на благотворительность"

27.04.2015

По сообщению mgazeta.by ("Маладзечанская газета"), kraj.by

У чацвер, 30 красавіка, адбудзецца фінал праекта народнага шоу "Я магу!". На яго трапіў адзіны маладзечанец Дзмітрый Іваненка. Мы пагутарылі з ім напярэдадні.

Фінал пачнецца па "Беларусь 1" у 19.00.

У кастрычніку 2014-га творчая група Белтэлерадыёкампаніі праводзіла ў Маладзечне кастынг новага праекта - народнага шоу "Я магу!" і праглядзела 37 нумароў. Васьмёра артыстаў з народа былі адабраны для ўдзелу ў паўфіналах, якіх было 12.

Паспяхова пераадолеў все выпрабаванні і сярод 24 сапернікаў выйшаў у фінал наш зямляк Дзмітрый Іваненка. Ён сцвярджае, што на праект пайшоў дзеля новых уражанняў і вопыту. А прызы - прыемныя стымулы.

Пераможцу вызначаць тэлегледачы

Пераможца "Я магу!" вызначыцца у выніку галасавання тэлегледачоў. Прыз - аўтамабіль Geely EX7 і 30 000 000 беларускіх рублёў.

- Ужо на кастынгу ведаў: выйграю прыз - аддам на лячэнне або аперацыю дзіцяці. Не будзе хапаць менавіта гэтай сумы, аддам ўсю, калі часткі - дапаможам некалькім дзеткам, - распавядае Дзмітрый. - Жонка і дзеці ідэю падтрымалі.

"Былі валасатымі "нефармаламі"

Дзмітрыю было гадоў пяць, калі бабуля ўбачыла ў ім выканаўцу:
- Па тэлевізары ішла, здаецца, "Песня-88", а я падпяваў Ігару Карнелюку. Бабуля паглядзела і рэзюмавала: будзе выступаць!

У музыкальнай школе па класе ўдарных Дзіма правучыўся усяго два гады. Не атрымалася і з музыкальным вучылішчам - прайшоў толькі падрыхтоўчы курс.
- У маім юнацтве на піку папулярнасці быў Курт Кабэйн і яго гурт "Нірвана". Стыль гранж у музыцы і адзенні, рэпетыцыі ў нейкіх гаражах ды падвалах - мы былі валасатымі "нефармаламі", было весела!

Але Дзмітрый не толькі іграў на барабанах, але і пісаў вершы для песень. Зараз рыфма цяжкая на пад'ём, прызнаецца ён, і часу практычна няма (Дзіма працуе ў лакаматыўным дэпо).

Каньяк ці алей?

"Тэлекухня" для Дзмітрыя не ў навінку. Не так даўно ён шмат гадзін назіраў за ёй у масоўцы шоу "100 мільёнаў". Аднак спяваць перад камерай для маладзечанца было хвалююча.

- Да "маленькай" сцэны я прывык. Калі ж твае слухачы - дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне... Тут любы разгубіцца! - падкрэслівае субяседнік.

Дзмітрый кажа, што на праекце прафесійнай дапамогі ў плане вакалу не было. На конкурсе "Я магу!" шукаюць рэальны талент з народа, а не рыхтуюць новую зорку.

- Я ж на рэпетыцыях супрацоўнічаў у асноўным з рэжысёрам. Ён амаль за руку вадзіў па сцэне, казаў, дзе і як стаяць, як рухацца.

Перад фіналам ён асабліва хвалюецца за голас. Аднойчы ў дзень здымак ужо былі праблемы з галасавымі звязкамі, але выратаваў урач-фаніятр. Дыягназ - хваляванне.
- Трэба каньяку грам 30-40 выпіць перад выхадам! - жартуе Дзмітрый, - А лепей - алею. Рэальна змякчае звязкі.

На фінал - з дачкой і сынам

Дзмітрый доўга сумняваўся наконт фінальнай песні. Спачатку хацеў выканаць штосьці з рэпертуара грута "Тяни-Толкай", аднак разам з Алесяй Кульшой выпадкова знайшлі песню "Сын і дачка" Леаніда Партнога.

- Песня складаная, але ў Алесі спяваюць усё! Схадзіў некалькі разоў на заняткі да яе ў студыю эстраднай песні "Мерыдыян" і, сапраўды, спяваецца! А на фінальную сцэну разам са мой выйдуць мае сын і дачка, а ў зале будуць падтрымліваць суседзі - сям'я Гардзей і брат з жонкай.

Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.