Фiльм, якi можна... прачытаць

17.12.2007
"Звязда", 15 снежня 2007 г.


Вострасюжэтны дэтэктыўны серыял Сяргея Урсуляка "Лiквiдацыя", якi iдзе па буднях у вячэрнiм эфiры Першага канала, стаў рэкардсменам па рэйтынгу. Па сабранай аўдыторыi серыял узначалiў спiс самых папулярных тэлевiзiйных падзей за ўвесь 2007 год. Такiя даныя прадставiў па вынiках праведзенага апытання аналiтычны цэнтр "EcooM".
14-серыйная гiсторыя аб барацьбе з бандытызмам у пасляваеннай Адэсе пабудаваная на рэальных падзеях 1946-47 гг., i нават здымалася ў тых жа мясцiнах. Апальны маршал Жукаў у 1946 годзе прызначаны камандуючым Адэскай ваеннай акругай. Прыбыўшы на месца, Жукаў дзiву даецца - у горадзе небывалы ўсплёск крымiналу, адзiнай уладай па сутнасцi выступае няўлоўны нямецкi шпiён Акадэмiк, ды яшчэ банда "Стэпавыя ваўкi" пачала дзёрзка рабаваць ваенныя склады. Дзеля выкаранення злачыннасцi маршал сумесна з кiраўнiком адэскага крымiнальнага вышуку Давiдам Гоцманам задумвае складаную небяспечную аперацыю...
Усё гэта - i закручаная iнтрыга, i гiстарычнасць падзей, i зорны акцёрскi ансамбль (у галоўных ролях Уладзiмiр Машкоў, Мiхаiл Парэчанкаў, Уладзiмiр Мяньшоў, Сяргей Макавецкi, Святлана Кручкова) - а таксама той факт, што на экраны Беларусi серыял трапiў упершыню - прыцягнула да фiльма вялiзную глядацкую ўвагу. Больш за тое, частка аўдыторыi нават пасля прагляду серыяла заставалася на Першым, павялiчваючы тым самым рэйтынгi iнфармацыйнага канала "Панарама". Як адзначаюць сацыёлагi, у вынiку амаль трэцяя частка гледачоў краiны глядзела "комплекс" з фiльма i "Панарамы", а гэта самы высокi паказчык цiкавасцi да iнфармацыйных праграм за гэты год.
Серыял ужо з поспехам прайшоў ва Украiне, а ў Расii стартаваў на тыдзень пазней, чым у нас. Дарэчы, крыху раней за фiльм убачыла свет кнiга "Лiквiдацыя", напiсаная паводле сцэнарыя Аляксея Паяркова. Прычым аўтарам двухтомнага рамана выступiў беларус - журналiст, дыджэй "Альфа Радыё" Вячаслаў Бандарэнка. "Раман даволi заўважна адрознiваецца ад фiльма. У кнiзе больш падрабязна прасочваецца лёс галоўных персанажаў, дэталёва прапiсаны многiя лiрычныя сюжэты, больш увагi аддадзена лёсу маршала Жукава", - адзначае Вячаслаў Бандарэнка. Гэтаксама дзякуючы яму ў рамане прысутнiчаюць "беларускiя матывы" - напрыклад, адзiн з герояў узгадвае пра Мiнскi оперны тэатр. Пра іншыя падрабязнасцi можна даведацца нават раней, чым скончыцца серыял - двухтомнiк "Лiквiдацыя", выдадзены ў расiйскiм выдавецтве "Росмэн" тыражом у 20000 асобнiкаў, ужо з’явiўся на прылаўках сталiчных кнiжных магазiнаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.