"Фэст" супраць "Фабрыкi"

12.10.2005
"Звязда", 12 кастрычніка 2005 г.


(патрыятычныя развагi на музычную тэму)
Вось так заўжды i атрымлiваецца: адкладзеш якую-небудзь справу "на потым", а потым вырашыш нарэшце заняцца - аказваецца, позна. Хацела я ўзяць ды i праявiць свае таленты - накiраваць заяўку на Нацыянальны тэлевiзiйны фестываль-конкурс "Фэст маладых выканаўцаў". Меркавала, маўляў, як выйду на сцэну, як спяю штосьцi - усё, апладысменты, слёзы замiлаванай публiкi, чырвоная дывановая дарожка, кветкi, сто прапаноў ад прадзюсараў, хiт-парады, альбомы, паўнюткiя канцэртныя залы... Тры ха-ха! У сэнсе: голас (танклявы) i слых (музыкальны) пры мне як былi, так i засталiся, а вось наконт усяго астатняга - гэта я пагарачылася.
А самае галоўнае - заяўку падаваць ужо позна: папярэдняе праслухоўванне ў Мiнску прайшло яшчэ 26 верасня на базе Маладзёжнага тэатра эстрады. На гала-канцэрт журы пад старшынствам кампазiтара, прафесара, дырэктара i мастацкага кiраўнiка тэатра эстрады, народнага артыста Беларусi Васiля Раiнчыка абрала з 55 кандыдатаў 20 маладых выканаўцаў. У iх лiку - дакладна ведаю - даволi раскручаны спявак Нiльс (ён жа Слава Лышчык). Куды ўжо мне! Хiба што на гала-канцэрт 27 кастрычнiка ў той жа Маладзёжны тэатр эстрады падысцi, парадавацца за iншых. I за сябе таксама - што не давялося ганьбiцца.
Зрэшты, панiкаваць па майму прыкладу больш упэўненым у сабе асобам не варта. Узяць удзел у адборачным туры ў Мiнску вы сапраўды ўжо не паспееце, але далёка не ўсё страчана. Аргкамiтэт Мiнскага абласнога адборачнага этапа конкурсу працягвае прыём заявак. Накiраваць iх можна ў ДУ "Мiнскi абласны цэнтр народнай творчасцi" (Мiнск, вул. Гiкала, 4). 25 кастрычнiка ў Сеннiцкiм цэнтры культуры а 16 гадзiне пачнецца само праслухоўванне. Фiнальны гала-канцэрт прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе адбудзецца 29 кастрычнiка ў Палацы культуры г. Маладзечна.
У Брэсцкай вобласцi ўпраўленне культуры аблвыканкама правяло папярэдняе праслухоўванне яшчэ 12 лiпеня, а 20 верасня прайшоў першы адборачны тур. З 38 яго ўдзельнiкаў 18 выканаўцаў (i яшчэ 17 з папярэдняга праслухоўвання) журы дапусцiла да другога тура, якi пройдзе 10 кастрычнiка ў Брэсцкiм тэатры драмы i музыкi. Фiнальны гала-канцэрт, якi павiнен вызначыць двух лепшых прадстаўнiкоў вобласцi на "дэлегаванне" ў сталiцу, запланаваны на 29 кастрычнiка.
Гэтак жа аператыўна разабралася са сваiмi канкурсантамi Вiцебская вобласць (ну, iм пасля вопыту "Славянскага базару" не прывыкаць вызначаць лепшых выканаўцаў з якой заўгодна колькасцi прэтэндэнтаў). Тут засталося паглядзець хiба што фiнальны канцэрт 21 кастрычнiка ў Вiцебскай абласной фiлармонii.
Гомель вызначыўся асаблiва: жадаючыя праспяваць на ўсю рэспублiку сабралiся ў Гомельскiм дзяржаўным каледжы мастацтваў iмя Н. Сакалоўскага яшчэ 29 чэрвеня. Тыя, хто прайшоў "адсеў" рэгiянальнага адборачнага праслухоўвання, будуць удзельнiчаць у гала-канцэрце 28 кастрычнiка.
Гродзенскi аргкамiтэт правёў адбор па вобласцi ў два этапы. 27 верасня маладыя спевакi i спявачкi дэманстравалi свае вакальныя i артыстычныя здольнасцi ў Лiдскiм гарадскiм Доме культуры, на дзень пазней - у Гродзенскай абласной фiлармонii. Да ўдзелу ў фiнальным гала-канцэрце былi дапушчаны 20 выканаўцаў.
Адносна доўга "раскачвалася" з прыёмам заявак Магiлёўская вобласць. Затое тутэйшы абласны аргкамiтэт, калi шчыра, прадаставiў сваiм канкурсантам самую падрабязную i поўную iнфармацыю. Для ўдзелу ў першым туры рэгiянальнага конкурсу дапускаліся выканаўцы 18-31 года з песнямi любога жанру i накiрунку. Абавязковыя ўмовы - хранаметраж кампазiцыi не павiнен перавышаць 4 хвiлiн, а самому канкурсанту неабходна мець прапiску ў рэгiёне. Выканаўцам раілі падрыхтаваць два творы ў сучаснай апрацоўцы (адно - абавязкова беларускiх аўтараў, другое - па выбару), а таксама прапрацаваць уласны сцэнiчны вобраз, ад касцюма да макiяжу. Пагадзiцеся, быццам бы вiдавочныя, але ўсё адно не лiшнiя напамiны... Дробязь, а прыемна.
З 7 па 9 кастрычнiка ў трох гарадах рэгiёна прайшоў адборачны тур нумар адзiн. Другi тур, куды трапяць 15 лепшых выканаўцаў з першага адбору, прадугледжвае не толькi адкрытае галасаванне журы, але i iнтэрактыўнае галасаванне: 27-29 кастрычнiка зазiрнiце ў магiлёўскi дыска-клуб "Метро" - магчыма, вашы галасы падораць камусьцi шанц прабiцца далей, у фiнал "Фэсту маладых выканаўцаў".
Нагадаю, у лiстападзе фiналiсты (па 2 прадстаўнiкi ад кожнай вобласцi i ад сталiцы) збiраюцца ў Мiнску, i на працягу двух тыдняў карпатлiва працуюць з прафесiяналамi - кампазiтарамi, паэтамi, аранжыроўшчыкамi, стылiстамi, харэографамi i iншымi неабходнымi для фармiравання будучай "зоркi" майстрамi. Вынiкам напружанай працы стане запiс новых арыгiнальных песень i канцэртных нумароў для кожнага ўдзельнiка. Iнтэрактыўнае галасаванне ў прамым эфiры вызначыць пяцёрку лепшых, якiя возьмуць удзел у гала-канцэрце на адной сцэне з мэтрамi i монстрамi айчыннай эстрады (у снежнi).
Лаўрэаты фестывалю-конкурсу будуць рэкамендаваныя для ўдзелу ў конкурсе маладых выканаўцаў "Вiцебск" i мiжнародным конкурсе "Еўрабачанне". А вы яшчэ кажаце - "не трэба ля-ля"... Трэба! I чым больш - тым лепш. Па-першае, не забывайцеся на 75 працэнтаў беларускай музыкi ў радыёэфiры - самi па сабе гэтыя працэнты не намалююцца. Па-другое, надакучылi ўжо гэтыя "Фабрыкi"-аднадзёнкi, хочацца нармальных чалавечых песень i клiпаў, у якiх даўжыня ног выканаўцы не ўплывае на рэйтынг... Алё, тэрмiнова шукаюцца таленты!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.