Фінал юбілейнага песеннага шоу пройдзе без нас

21.05.2015 "Звязда"

Уначы 19 мая заўзятары "Еўрабачання" атрымалі адказ на пытанне, як складзецца сёлета конкурс для беларусаў. Цікавасць да юбілейнага шоу, адзначым, назіраецца надзвычай вялікая - па ўсім свеце за ім сочаць каля 200 мільёнаў тэлегледачоў! Па выніках першага паўфіналу "Еўрабачання", у якім удзельнічалі 16 краін (а яшчэ чатыры - Аўстрыя, Іспанія, Францыя і спецыяльны госць юбілейнага шоу Аўстралія - таксама трансліравалі і галасавалі), пуцёўкі ў фінальны канцэрт 23 мая атрымалі Албанія, Арменія, Расія, Румынія, Венгрыя, Грэцыя, Эстонія, Грузія, Сербія і Бельгія. Назвы нашай краіны ў спісе шчасліўчыкаў не аказалася. Безумоўна, вынік для беларусаў не вельмі радасны, але і не звыштрагічны. Бо пры ўсёй сваёй пафаснасці і маштабах 60-е "Еўрабачанне" - гэта ўсяго толькі конкурс, у фінал якога Беларусь прабівалася толькі 4 разы з тузіна спроб.

Дарэчы, першы паўфінальны канцэрт абазначыў некалькі выразных трэндаў юбілейнага сезона. Па-першае, практычна ўсе выканаўцы адмовіліся ад грувасткіх сцэнічных дэкарацый, мудрагелістых пастановак і складанай харэаграфіі - выступленні былі аформлены як ніколі проста, артысты ставілі найперш на вакал, а з задачай паказаць удзельнікаў у найбольш выгадных ракурсах цалкам справіліся аўстрыйскія аператары і рэжысёры трансляцыі. Па-другое, надзвычай актыўна выкарыстоўваўся сацыяльны складнік: ці не кожная другая кампазіцыя, прывезеная на конкурс, - не проста песня, а своеасаблівае пасланне свету і людзям, або, як модна казаць, "меседж". Так, армяне прысвяцілі сваё выступленне старонкам уласнай гісторыі - 100-годдзю генацыду; прадстаўнікі Фінляндыі заявілі своеасаблівую дэкларацыю права на паўнавартаснае жыццё людзей з сіндромам Даўна; спявачка з Венгрыі выказала пратэст супраць узброеных канфліктаў сучаснасці, у тым ліку ў Ізраілі і ва Украіне; гурт з Румыніі спяваў пра "еўрасірот", чые бацькі з’ехалі на заробкі за мяжу; беларускі дуэт Uzarі&Maіmuna прысвяціў сваю кампазіцыю "Tіme" людзям, якія змагаюцца з анкалагічнымі хваробамі; песня Паліны Гагарынай з Расіі з’явілася музычным пасланнем "за мір ва ўсім свеце" і стала адным з безумоўных лідараў…

Як паказалі вынікі галасавання міжнароднага журы і тэлегледачоў, не ўсе гэтыя заклікі знайшлі водгук у сэрцах аўдыторыі. Зрэшты, поўную карціну, хто, як і за каго галасаваў, мы па традыцыі ўбачым толькі пасля фіналу. Пакуль жа можна толькі выказваць здагадкі, чаго не хапіла беларусам на гэты раз: ці то вакальнай упэўненасці, ці то больш прадуманага "меседжу", ці то яркай "фішкі" ў нумары, ці то суседскага галасавання, ці, не будзем выключаць, банальнага шанцавання? У любым выпадку, выступленне нашых канкурсантаў на агульным "чорна-белым" касцюмаваным фоне было цалкам годным і не выглядала ні бледнай школьнай самадзейнасцю, ні "піярам падчас чумы за бюджэтныя грошы". Атрыманы вынік - вопыт у агульную скарбонку і высновы для арганізатараў беларускага адбору для далейшай працы. Мы ж працягваем глядзець 60-е "Еўрабачанне", але ўжо не як яго ўдзельнікі, а проста як балельшчыкі і гледачы.

Сёння ў Wіener Stadthalle адбудзецца другі паўфінальны канцэрт, у якім выступяць (у парадку выхаду на сцэну) Літва, Ірландыя, Сан-Марына, Чарнагорыя, Мальта, Нарвегія, Партугалія, Чэхія, Ізраіль, Латвія, Азербайджан, Ісландыя, Швецыя, Швейцарыя, Кіпр, Славенія і Польшча. Хто з іх выцягне яшчэ 10 шчаслівых білецікаў у фінал, даведаемся ўжо ўвечары - па традыцыі тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі транслююць абодва паўфіналы "Еўрабачання".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.