Фільм пра савецкую гітару пакажуць 8 красавіка на "Беларусь 1"

08.04.2016

"Звязда"

 У новай серыі праекта "Лёс гігантаў - 4".

8 красавіка ў вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 1" тэлеаўдыторыю зноў запрашаюць у вандроўку па краіне, якой ужо не знойдзеш на карце. У чарговым выпуску дакументальнага цыкла "Лёс гігантаў - 4" аўтары праекта прапаноўваюць успомніць усё самае цікавае, што звязана з савецкай гітарай.

Зорачка вялікая і малая, карэ, лесвіца... Што азначаюць гэтыя паняцці? Усе, хто нарадзіўся ў часы Савецкага Саюза, ведаюць, што менавіта так тады называлі акорды для ігры на гітары... У новай серыі праекта "Лёс гігантаў - 4" сабраны цікавыя факты пра гэты музычны інструмент, віртуознае валоданне якім некалі, дарэчы, было справай прэстыжу і павышала асабісты статус. У савецкія часы на гітары ігралі ці не ў кожным двары, а для некаторых менавіта той інструмент стаў пропускам у свет вялікай музыкі. У пятніцу пасля праграмы "Панарама" нас чакае шмат займальных гісторый. Напрыклад, даведаемся, як у тыя часы станавіліся сапраўднымі майстрамі ігры на гітары, калі на 15 чалавек было ўсяго два інструменты, і тыя без струн. Таксама журналісты Агенцтва тэленавін падзеляцца з намі вынікамі расследавання пра тое, якімі шляхамі пастаўлялі раней "гібсаны" і "стратакастары".

Глядзіце новы выпуск "Лёс гігантаў - 4" у вячэрнім эфіры на "Беларусь 1" ужо сёння.

Алена ДРАПКО.