"Эфект матылька"

02.04.2013
"Рэспублiка", 2 апреля 2013 г.

 
Алёна Ланская на "Еўрабачанні-2013" выступіць пад нумарам 11.
Арганізатарамі "Еўрабачання-2013" абвешчаны канчатковы парадак выступленняў выканаўцаў у паўфіналах міжнароднага конкурсу песні. Афіцыйны прадстаўнік Беларусі Алёна Ланская з кампазіцыяй "Solayoh" выйдзе на сцэну ў першым паўфінале 14 мая пад нумарам 11, паведамілі "Р" у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, у гэтым годзе прадзюсары "Еўрабачання" адмовіліся ад традыцыйнай жараб'ёўкі. Парадак выступлення ўдзельнікаў вызначалі рэжысёры шоу з тым, каб зрабіць яго больш цікавым і відовішчным.
"Мы хочам, каб кожная песня заззяла", - патлумачыў гэтае рашэнне арганізатараў выканаўчы дырэктар конкурсу Йон Ола Санд у час нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц "Еўрабачання-2013".
Разам з Алёнай Ланской 14 мая ў першым паўфінале выступяць выканаўцы з Даніі, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпра, Чарнагорыі, Бельгіі і Малдовы.
У другім паўфінале, які адбудзецца 16 мая, будуць спаборнічаць прадстаўнікі Латвіі, Азербайджана, Мальты, Ісландыі, Сан-Марына, Македоніі, Фінляндыі, Балгарыі, Ізраіля, Нарвегіі, Албаніі, Венгрыі, Швейцарыі, Грузіі, Арменіі і Румыніі.
Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія на правах краін - арганізатараў конкурсу і Швецыя, як пераможца мінулага года, трапляюць у фінал аўтаматычна. Фінал запланаваны на 18 мая.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2013", сёлета 58-ы па ліку, пройдзе ў шведскім горадзе Мальмё. Усяго ў папулярным песенным шоу ўдзельнічаюць 39 краін.
Лагатыпам "Еўрабачання-2013" абраны рознакаляровы матылёк, галоўная ідэя конкурсу - "Мы адзіныя" ("We are one"). Як тлумачаць выбар арганізатары, матылькі маюць адно агульнае імя, але іх існуе тысячы розных формаў і колераў. Гэтак жа і "Еўрабачанне" - адзінае цэлае, багатае нацыянальнымі адрозненнямі. Конкурс параўноўваюць з такім феноменам, як "эфект матылька", калі нязначная падзея, напрыклад узмах крылца матылька, можа выклікаць магутныя непрадказальныя наступствы, у тэорыі - стаць пачаткам урагану. Так і звычайны песенны конкурс стаў падзеяй, якая прываблівае да сябе больш за 100 мільёнаў людзей усіх узростаў у больш чым 40 краінах па ўсім свеце.

Ірына СВІРКО, "Р".