Дзiцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе ў Мiнску!

09.06.2009
"Звязда", 9 июня 2009 г.


Такое рашэнне прыняў Еўрапейскi вяшчальны саюз, разгледзеўшы ўсе заяўкi на правядзенне наступнага дзiцячага мiжнароднага конкурсу песнi. Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампанii, шоу адбудзецца ў беларускай сталiцы 20 лiстапада 2010 года, а месцам правядзення выбраны комплекс "Мiнск-Арэна".
Першапачаткова прэтэндэнтаў было даволi многа, але пасля слуханняў наглядальнай рады ЕВС у лютым гэтага года асноўных канкурэнтаў засталося ўсяго тры: Беларусь, Расiя i Мальта. 5 чэрвеня ў Кiеве адбылося чарговае пасяджэнне наглядальнай рады ЕВС, да якога краiны-фiналiсткi адбору на права вяшчання падрыхтавалi адмысловыя прэзентацыi. I хоць зусiм нядаўна ў Маскве з вялiкiм поспехам i размахам адбыўся конкурс песнi "Еўрабачанне-2009", але што да арганiзацыi дзiцячага праекта, тут больш цiкавымi i пераканаўчымi былi iдэi беларусаў, таму рашэнне было прынятае на нашу карысць. Учора прадстаўнiкi ЕВС афiцыйна апавясцiлi аб гэтым Белтэлерадыёкампанiю, якая прызначана дамашнiм вяшчальнiкам усiх мерапрыемстваў конкурсу.
У прыватнасцi, журы адзначыла падрабязную, дэталiзаваную прапрацоўку ўсяго перыяду знаходжання замежных дэлегацый у Беларусi, праграмы адпачынку юных артыстаў, афармлення конкурснай сцэны. Дзiцячае "Еўрабачанне-2010" пройдзе пад дэвiзам "Fееl thе mаgiс" - "Адчуй чараўнiцтва", а для самiх удзельнiкаў мяркуецца стварыць атмасферу пераднавагодняй казкi. Напрыклад, прымаць юных артыстаў Беларусь будзе як сапраўдных зорак: плакаты з партрэтамi ўдзельнiкаў мяркуецца расклеiць на цэнтральных вулiцах беларускiх гарадоў, а ў Мiнску дадаткова - транслiраваць на вялiкiх экранах прэзентацыйныя вiдэаролiкi. Канкурсантаў чакае таксама майстар-клас, якi дасць зорка сусветнай поп-сцэны (цяпер разглядаецца спiс кандыдатур, сярод якiх Джэнiфер Лопез i Джасцiн Цiмберлейк). На дапамогу беларускай камандзе будуць запрошаныя дасведчаныя спецыялiсты па ўсталяваннi неабходнай апаратуры, якiя ўжо былi задзейнiчаныя ў дзiцячых i дарослых конкурсах "Еўрабачанне".
Нагадаем, у адрозненне ад дарослага конкурсу, для правядзення дзiцячага "Еўрабачання" краiне не трэба папярэдне выйграваць у творчым спаборнiцтве, затое неабходна атрымаць "дабро" ад заснавальнiкаў. У 2008 годзе Беларусь таксама падавала заяўку на правядзенне дзiцячага "Еўрабачання", але тады ЕВС аддаў перавагу Украiне, дзе сёлета i адбудзецца конкурс.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.