Дзецi спяваюць, дарослыя выбiраюць

14.09.2006
"Звязда", 14 сентября 2006 г.


Прафесiйнае журы вызначыла фiналiстаў Рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання". Нагадаем, заяўкi на ўдзел у адборы прымалiся Белтэлерадыёкампанiяй да 8 верасня, а ўжо на 29 верасня прызначаны фiнальны гала-канцэрт. Пасля канцэрту гледачы (тэлефонным галасаваннем) i журы (закрытым галасаваннем) сумесна вызначаць песню-пераможцу, якая i прадставiць Беларусь на Мiжнародным дзiцячым конкурсе песнi "Еўрабачанне-2006", што адбудзецца ў снежнi гэтага года ў Бухарэсце (Румынiя).
Такiм чынам, з больш як 40 дасланых заявак журы адабрала ўсяго 10, i ў фiнал трапiлi:
1. Арцём АЗУКА (12 гадоў) i Аляксандра Стэльмах (10 гадоў, абое - г. Гродна) - "Песенька лета";
2. Юлiя Варабей (13 гадоў, г. Рэчыца) - "В облаках моих грез";
3. Ксенiя Жукава (15 гадоў, п. Янтарны, Гомельская вобласць) - "Зоркапад";
4. Палiна Коваль (11 гадоў, г. Мiнск) - "Имена друзей";
5. Алiна Конарава (12 гадоў, г. Вiцебск) - "Карусель";
6. Веранiка Кротава, сцэнiчны псеўданiм ДаМiНiка (13 гадоў, г. Крупкi-2, Мiнская вобласць) - "Лучик света улыбки твоей";
7. Андрэй Кунец (10 гадоў, г. Мазыр) - "Новый день";
8. Мiхаiл Лілі (12 гадоў, г. Мазыр) - "Мой дом";
9. Наталля Ліпская (11 гадоў, г. Мiнск) - "Гэта Беларусь!";
10. Крысцiна Макарчук (15 гадоў, в. Коранi, Светлагорскi раён) - "Единая душа".
Што адметна, трэцi год запар у нацыянальным фiнале аказваюцца выхаванцы мазырскай эстраднай дзiцячай студыi, кiраўнiк якой Святлана Стацэнка ўжо выхавала не аднаго лаўрэата прэстыжных конкурсаў i фестываляў. Менавiта дачка i вучанiца Святланы Ксюша Сiтнiк здолела ў адзiн год пацвердзiць першынства Беларусi i на "Славянскiм базары ў Вiцебску", i на дзiцячым "Еўрабачаннi".
Магчыма, снарад упадзе ў адну варонку тройчы, i прадстаўнiкi Мазыра зноў прадставяць нашу краiну на мiжнародным узроўнi, - але пра гэта мы даведаемся не раней за 29 верасня. Нагадаем толькi, што да ўдзелу ў конкурсе дапускалiся аўтары ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў, якiя з’яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь альбо пражываюць у ёй не менш за 2,5 года. Песня павiнна быць прадстаўлена на адной з дзвюх дзяржаўных моў. Аўтар абавязаны прымаць удзел у выкананнi песнi - у якасцi вакалiста цi iнструменталiста; усяго ж на сцэне можа прысутнiчаць не больш за 8 артыстаў. I яшчэ адно iстотнае адрозненне дзiцячага "Еўрабачання" ад дарослага: юны артыст, якi аднойчы выступiў на конкурсе, не мае права паўторна ўдзельнiчаць у рэспублiканскiм адборы.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.