“Дзікія танцы” Русланы

18.05.2004
“Рэспубліка”, 18 мая 2004 г.


Міжнародны конкурс "Еўрабачанне-2004" завяршыўся днямі ў Стамбуле. Па выніках глядацкага галасавання (па падліках спецыялістаў у прамым эфіры за ходам конкурсу назіралі 10 мільёнаў чалавек з 36 краін) пакарыла музычную Еўропу песня "Дзікія танцы" ў выкананні Русланы. 3 вялікім адрывам ад астатніх удзельнікаў яна набрала рэкордную колькасць балаў - 280! Такім чынам, сёлетняй пераможцай "Еўрабачання" стала Украіна.
Другі вынік атрымала песня дэбютанта конкурсу - прадстаўніка Сербіі і Чарнагорыі Желькі Ёксімавіча. Дарэчы, прыемна адзначыць, што абодва гэтыя пераможцы ў розны час станавіліся лаўрэатамі Гран-пры "Славянскага базару ў Віцебску": Руслана - у 1996-м, Жэлька Ёксімовіч - у 1999 годзе.
Расіянка Юлія Савічава заняла ў фінале 11-е месца.
Як і заўсёды на "Еўрабачанні", краіны-суседкі аддавалі шмат галасоў адна адной. Напрыклад, 10 балаў выставіла Расія Украіне, 12 - Украіна Расіі. Між іншым, удзельнічала ў фінальным галасаванні і Беларусь, якая дала абодвум сваім суседкам вышэйшую адзнаку - па 12 балаў. Што да песень-пераможцаў, то, здаецца, з увядзеннем на "Еўрабачанні" новых правілаў (з-за вялікай колькасці жадаючых удзельнічаць падзяленне конкурсу на паўфінал і фінал адбывалася сёлета ўпершыню) трэба забыць пра тое, што "Еўрабачанне" лічылася конкурсам песні. Цяпер гэта хутчэй конкурс-шоу, і падыходзіцьда яго падрыхтоўкі трэба адпаведна. Сапраўды, ацаніць "калейдаскопам" адну за другой звыш дваццаці раней не чутых песень тэлегледачу наўрад ці магчыма. Дый не будзе ён гэтага рабіць. I перш, чым саму песню, хутчэй запомніць яе "карцінку" на тэлеэкране.Ва ўсякім разе, здаецца, менавіта гэта пацвердзілі і вынікі конкурсу - і ў фінале, і паўфінале. Магчыма, якраз адсутнасць такой "карцінкі" перашкодзіла поспеху на "Еўрабачанні" выканаўцаў нашай краіны. А каб было іх выступленне больш відовішчным, знешне яркім, можа, змаглі б беларусы наблізіцца да фіналу. Бо выбар нашай песні, мяркуючы па тых жа выніках і пераможцах, быў зроблены правільны. Прысутнічаліўёй і модны сёлета на "Еўрабачанні" нацыянальны фальклорны каларыт, і цікавая апрацоўка, і неардынарны вакал. Не было шоу. Хаця наўрад ці вінаваты ў тым уласна выканаўцы - дуэт "Аляксандра і Канстанцін". Яны для перамогі рабілі ўсё, што маглі, а першаадкрывальнікам ніколі не бывае проста. Напэўна, наступным будзе лягчэй.
Ім пачынаць рыхтавацца да новага конкурсу варта ўжо зараз. Дарэчы, ён будзе юбілейны, 50-ты, і ехаць на гэты раз далёка не прыйдзецца. Услед за “Дзікімі танцамі” “Еўрабачанне-2005” прыбудзе ва Украіну. I мы яшчэ паспяваем.

Ірына СВІРКО, “Р”.