Дырэктар тэлеканала "Беларусь 3" Віктар Маючы: "Нашай краіне трэба захоўваць аўтэнтычнасць..."

27.09.2013
"Звязда", 27 верасня 2013 г.

 
Кіраўнік сацыякультурнага тэлеканала жанглюе тэрмінамі, шмат іранізуе, лёгка раскладвае па палічках формы і змест культуралагічных тэлепраектаў, да дзясятых доляў працэнта ведае аб'ём беларускамоўнага вяшчання і крытычна ацэньвае кожную перадачу, якая выходзіць на "Беларусь 3". Мабыць, дзякуючы гэтай цвярозасці погляду размова пра фарміраванне нацыянальнай самаідэнтычнасці беларускай культуры і іншыя стратэгічныя мэты тэлеканала мела свой адметны тон, не збочыўшы ні ў эмацыянальны надрыў, ні ў сухую мову афіцыйнасці...
Усяго толькі ў лютым пачалося тэставае вяшчанне першага цалкам лічбавага тэлеканала Беларусі, а ў новым сезоне гледачы маюць паўнавартасную культуралагічную тэлепляцоўку, запоўненую лепшымі ўзорамі дакументальнага і мастацкага кіно, асветніцкімі праграмамі з залатога фонду айчыннага тэлебачання, а таксама ўласнымі новымі праектамі. Бінга! Ці ўсё ж ёсць куды расці?

Справа дзяржаўнага значэння

- Наколькі вы задаволены цяперашнім абліччам "Беларусь 3"?
- Я сабой ніколі не задаволены. Калі з ранку пагляджу пэўную праграму на нашым канале - мае супрацоўнікі ведаюць, што гэта заўжды завяршаецца разборам памылак.

- Тады што будзе мяняцца?
- Па дробязях - шмат чаго, канцэптуальна нічога. Разумееце, тэлебачанне - гэта вельмі кансерватыўная штука. Асноўнае пытанне заключаецца ў тым, каб знайсці кропкі ўздзеяння на мэтавую аўдыторыю, і планамерна на іх націскаць.

- Ад пачатку "Беларусь 3" узяў на сябе асветніцкую місію - мякка кажучы, няўдзячную...
- З часоў першых асветнікаў іх альбо спальвалі альбо адсякалі ім галаву, таму нейкага прызнання, кветак і авацый тут складана чакаць.

- Тым не менш важнасць і каштоўнасць культуралагічнай тэматыкі бясспрэчная. Але гэта падобна, даруйце за параўнанне, на сітуацыю са здаровым харчаваннем: усе разумеюць, што варта яго прытрымлівацца для даўжэйшага жыцця, але продаж шкоднай ежы - чыпсаў, сухарыкаў і г. д. - толькі расце... Прыкладна тое і з ежай духоўнай. Як зацікавіць гледача культурай?
- Давайце ўзгадаем піраміду Маслоў, якая адлюстроўвае структуру патрэб чалавека. Сучаснаму чалавеку для таго, каб падтрымліваць жыццядзейнасць, неабходна выдаткаваць менш рэсурсаў на базавыя патрэбы - харчаванне, жытло, адзенне. І тады на першы план выходзіць духоўная ежа. Але "эфект перавернутай піраміды" заключаецца ў тым, што патрэбы з рэальнага жыцця пераходзяць і ў медыйнае асяроддзе, і людзей цікавяць тыя ж тэмы: перадачы пра кухню, адзенне, секс. Ад гэтага нікуды не падзецца. Сучаснае тэлебачанне выкарыстоўвае гэта, каб прыцягнуць гледача і даражэй прадаць час рэкламадаўцам.

- Атрымліваецца, канал "Беларусь 3" зарыентаваны на дастаткова вузкае кола інтэлектуалаў?
- Каналы кшталту "Культуры", незалежна ад таго, у Беларусі яны, у ЗША, у Польшчы ці ў Антарктыдзе, не маюць долі больш за 2% аўдыторыі. Параўнаем тэлеканалы з гандлёвымі сеткамі: ёсць гіпермаркеты, куды ходзяць усе, ёсць крамы крокавай даступнасці, у іх крыху іншая "аўдыторыя" наведнікаў, ёсць спецыялізаваныя крамы - гаспадарчых тавараў, бытавой хіміі, швейнай фурнітуры і г.д. А ёсць буцікі, куды можа зайсці кожны, але мала хто можа дазволіць сабе набыць іх тавары. Тое ж тычыцца і тэлеканалаў. Калі попыт ёсць, ён задавальняецца.
Ва ўмовах глабальнай медыяпрасторы перад малымі краінамі, як краіны Скандынавіі, або, скажам, Балгарыя, паўстае пытанне захавання сваёй этнакультуры, сваёй аўтэнтычнасці і самаідэнтыфікацыі. Важна гэта і для Беларусі. Пры вялізнай колькасці практычна аднолькавых інфармацыйна-забаўляльных каналаў, якія прыходзяць да нас з за мяжы, неабходна мець свой тэлеканал са сваім нацыянальным кантэнтам.
Наогул, культура - справа дзяржаўная. І вельмі добра, што ў Белтэлерадыёкампаніі з'явіўся старшыня, які выйшаў з культуры, узначальваў творчыя саюзы і таму выдатна, літаральна ўсёй скурай адчувае неабходнасць падтрымкі гэтай справы. Стварэнне "Беларусь 3" - найперш яго заслуга, і калі б Генадзь Браніслававіч Давыдзька не быў заслужаным артыстам Беларусі, гэтае званне яму варта было б даць за адкрыццё нацыянальнага культурна-асветніцкага канала.

Кантэнт і прыхільнікі

- Сетка "Беларусь 3" пабудаваная па прынцыпе ратацыйнасці: у нас 14 рубрык, якія ахопліваюць пэўныя сегменты: жывапіс, архітэктура, тэатр і г. д. Кіно - гэта асобны вялікі жанр, без якога абысціся нельга. Хоць мы пастараліся б абысціся без кінафільмаў наогул, бо культуралагічны праект мусіць абапірацца на падзеі, якія ідуць ад жыцця, а не на мастацкую выдумку. Але паколькі канал разлічаны ўсё ж на масавага гледача, аўдыторыя проста не зразумее, калі ў нас не будзе мастацкага кіно. І другі момант - выкананне пэўнай сацыяльнай задачы, прадстаўленне нацыянальнага кінематографу, - мой суразмоўца на пэўны час губляе іранічны тон. - Наш канал павінен "медыятызаваць" беларускую культуру, зладзіць сувязь паміж напрацаванымі культурнымі традыцыямі і гледачамі. У прыватнасці, мы падпісалі з "Беларусьфільмам" сумесны пратакол, паводле якога захаваныя толькі ў іхніх, а таксама і ў расійскіх, запасніках беларускія кінафільмы будуць прыведзены ў такі стан, каб іх можна было паказваць у сучаснай тэлевізійнай якасці. Спадзяёмся атрымаць варты вынік. На пачатку лістапада зробім кінатыдзень Юрыя Тарыча, аднаго з пачынальнікаў беларускага кіно; цяпер ідзе тэматычны кінатыдзень Ул.Корш-Сабліна, далей - тыдзень В.Турава, В. ацверыкова, І.Дабралюбава, Б.Сцяпанава і г. д.

- Адна з новых праграм на "Беларусь 3" - на мой погляд, вельмі цікавы праект "Дыя@блог", вядучыя якога разважаюць пра мову, літаратуру, творчасць і адпаведнасць рэлігійных запаведзяў жыццёвым рэаліям і запрашаюць гледачоў да інтэрактыву. Ці адчуваецца водгук з таго боку экрана? У інтэрнэт-блогах актыўнасці каментатараў пакуль што не назіраецца...
- Гэта асаблівасць нашых інтэрнэт-карыстальнікаў, якіх, акрамя інтэрнэту, іншыя каналы сувязі быццам бы ўжо не цікавяць. У тым і задача "Дыя@блогу", каб пастарацца прывабіць інтэрнэт-аўдыторыю да тэлевізара. Не тое каб прымусіць, не. Ёсць такое моднае слова "канвергенцыя" (працэс збліжэння. - Аўт.), і чамусьці лічыцца, што канвергенцыя медыйная ідзе толькі ў адзін бок: тэлебачанне прыходзіць да гледача. Чаму ж не можа быць наадварот? Вось мы і вырашылі зрабіць падобную спробу. Наколькі яна ўдалая, казаць рана, мы яшчэ на пачатку шляху.

- Частка гледачоў скардзіцца, што цікавыя для іх перадачы ідуць у нязручны час, пасярэдзіне працоўнага дня.
- Можна паглядзець у паўторы.

- Некаторыя праграмы - можна, а некаторыя ідуць толькі позна ўвечары, і іх мала хто дачакаецца. Я і сама шмат што паглядзела б, але раблю выбар на карысць працы. Наколькі рухомая праграма "Беларусь 3"?
- Гэта пытанне крытычнай масы. Калі мы атрымаем звесткі аб перавагах аўдыторыі і будзем бачыць сапраўды значную патрэбу ў "перасоўванні" пэўных праграм - усё вырашальна.

- Ці з'явяцца ў эфіры тэлеканала, акрамя кіно, дакументальных і асветніцкіх праграм, навіны культуры?
- Калі гаворка ідзе пра асвятленне падзей грамадскага жыцця, то з гэтым цудоўна спраўляюцца нашы калегі з "Беларусь 1" у інфармацыйных блоках і асобных праграмах, прысвечаных культуры. А калі мець на ўвазе канстатацыю падзей, што адбываюцца ў культурным асяродку, то гэтую функцыю ўзяла на сябе наша праграма "Калейдаскоп". Хоць гэта і не навіны ў чыстым выглядзе, хутчэй, хроніка падзей мінулага ці будучага часу.

Замест эпілогу

- Калі не сакрэт, колькі чалавек робіць "Беларусь 3"?
- Па штатным раскладзе - 32. Але мне хочацца адказаць на гэтае пытанне іншым чынам. Калі ў Чкалава, які здзейсніў першы беспасадачны пералёт з СССР у ЗША, запыталіся ў Ванкуверы, колькі чалавек рабілі самалёт "АН 25", ён сказаў: "150 мільёнаў. Бо гэта ўся вялікая краіна, якая стаіць за мной". Таму і нас - роўна столькі, колькі знаходзіцца ў Белтэлерадыёкампаніі, бо падтрымка калег заўжды адчуваецца, і гэта вельмі каштоўна.

- Кажыце ўжо адразу: нас 9 з паловай мільёнаў...
- У нейкай ступені і так. Бо ўсе гэтыя людзі ствараюць усе тыя інфармацыйныя нагоды, што даюць нам магчымасць выйсці ў эфір.

З "Канцэпцыі вяшчання тэлеканала "Беларусь 3"

Місіяй тэлеканала з'яўляецца пазіцыянаванне беларускага грамадства ў галіне культуры ў самым шырокім сэнсе, г.зн. як сукупнасці матэрыяльных і інтэлектуальных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь у сучасным медыяасяродку.

Слоган тэлеканала "Беларусь 3" - "Каб любіць Беларусь!"

Сацыяльна-культурнае вяшчанне складае каля 51% і ўключае праграмы ўласнай і пабочнай вытворчасці, фондавую і архіўную прадукцыю, якія прапагандуюць беларускую культуру, асвятляюць найбольш значныя гістарычныя падзеі, расказваюць пра знакамітыя мясціны Беларусі, выхоўваюць пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы. Музычна-забаўляльнае вяшчанне складае 3%... магчымае выкарыстанне канцэртаў класічнай музыкі з фондаў. Кінапаказ складае да 42% (у тым ліку 8% - дакументальны). Улічваючы, што магчымасці нацыянальнага кінематографа абмежаваныя, мяркуецца ўключэнне ў структуру кінапаказу (у памеры 22% ад агульнага аб'ёму вяшчання) лепшых фільмаў савецкага кінематографа, серыяльнай прадукцыі РФ і краін СНД пры ўмове адпаведнасці гэтых фарматаў канцэпцыі вяшчання, стратэгічным мэтам тэлеканала і перавагам аўдыторыі. 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.