Двайная порцыя добрай раніцы

01.08.2014
"Звязда", 1 жніўня 2014 г.

 
"Дыбра - гэта такая жывёла, помесь бабра і выдры", - з "шасцісоткі", самай вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі, гучыць на два галасы скорагаворка пра невядомую жывёліну. Зазіраем туды і вырашаем, што перагрэліся: перад камерай актыўна жэстыкулюе хлопец, а за працэсам сочыць... ён жа.
- Гэта не ў вас у вачах дваіцца, - супакойваюць калегі-тэлевізійнікі. - Проста новыя вядучыя тэлевізійнай "Раніцы" на канале "Беларусь 2" - сапраўды двайняты.
Дакладней, двойчы двайняты: блізняты-дзяўчаты і блізняты-хлопцы. А апошнім яшчэ і па 22 гады - вось такая забаўная магія двоек атры малася.
"Хацелася чымсьці здзівіць гледача. А здзівіць у ранішнім эфіры даволі складана, бо жанр гэты даўно сфарміраваны і ўсебакова распрацаваны на многіх тэлеканалах, - зазначае кіраўнік дырэкцыі "Беларусь 2" Наталля Марынава. - Паколькі мы пазіцыянуем сябе як маладзёжна-забаўляльны канал, вырашылі запрасіць новых маладых вядучых - блізнятаў. Шукалі па сацыяльных сетках, праз знаёмых, на кастынгах. У выніку выбралі дзве пары: Равіль і Рустам Насыравы, а таксама Аляксандра і Валянціна Груздзевы".
Браты Насыравы як на духу выкладваюць, што родам яны з Ліды, малодшыя з чатырох дзяцей у вялікай сям'і; што гадоў да шаснаццаці вельмі саромеліся сваіх імёнаў, таму прадстаўляліся як Андрэй і Руслан; што хоць тэлевізійнага вопыту яны не маюць, але ў сваім маладым узросце ўжо прайшлі неблагую загартоўку: вучыліся ў архітэктурным каледжы, працавалі на будоўлі і ў рэстаране, займаліся танцамі і нават уваходзілі ў сотню лепшых танцораў СНД... Амаль выпадкова трапілі на кастынг тэлепраекта "Хачу ў тэлевізар" і нечакана нават для саміх сябе атрымалі прапанову працаваць у буйнейшым медыяхолдынгу. "Мы яшчэ не да канца паверылі, што ўсё гэта адбываецца з намі, - прызнаюцца хлопцы, - а ўжо для родных які сюрпрыз будзе!" Гаваркія, усмешлівыя, вельмі рухавыя - энергіі ў блізнят, здаецца, хопіць не тое што на дваіх, а на два ў дзясятай ступені.
Спявачкі Валянціна і Аляксандра Груздзевы, наадварот, прызнаюцца, што далёка не "жаваранкі" і ранішні эфір для іх - пэўнае выпрабаванне. "Калі б не дзеці (сыну і дачцэ артыстак з невялікай розніцай неўзабаве споўніцца 2 гады. - Аўт.), якія прыходзяць і сцягваюць коўдру, бо ім тэрмінова нешта трэба, ні ў якім разе не ўставалі б. Мы рэдкія "совы"! - тэатральна вохкаюць артысткі. - Затое пасля "сядзення" з дзецьмі ніводная праца не страшная. Тым больш, у нас ужо ёсць вопыт на тэлебачанні, за час творчага водпуску назапасілася мноства ідэй - справімся".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.