Два дні будуць праслухоўваць прэтэндэнтаў на ўдзел у "Еўрабачанні-2016"

27.11.2015

"Звязда"

Ужо больш за 80 заявак атрымалі ў Белтэлерадыёкампаніі ад артыстаў, якія будуць змагацца за ўдзел у міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2016". Праслухоўванне прэтэндэнтаў будзе праходзіць на працягу двух дзён, улічваючы вялікую колькасць ахвотных.

Сярод прэтэндэнтаў сёлета - Віталь Карпанаў, ансамбль "Песняры", "Чысты голас", Валерыя Садоўская, Аляксей Грос, Ян Маерс, гурты "Napolі", "Правакацыя", "Zombіe band", "Аўра" і многія іншыя. 26 лістапада на праслухоўванне запрасілі 60 артыстаў. З астатнімі музыкантамі прафесійнае журы сустрэнецца 1 снежня.

Падчас праслухоўвання можна назіраць за выступленнямі любімых артыстаў у рэжыме тут і зараз - на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі арганізавана анлайн-трансляцыя.

Да 2 снежня прафесійнае журы вызначыць не больш за 15 выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Само ж фінальнае шоу, на якім мы даведаемся імя прадстаўніка нашай краіны на конкурсе, адбудзецца не пазней за 25 студзеня 2016 года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта ў прамым эфіры. Пераможцу нацыянальнага адбору з дапамогай тэлефоннага і sms-галасавання выберуць падчас трансляцыі фіналу тэлегледачы. Ён і будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе ў Швецыі.

Нагадаем, арганізацыю нацыянальнага адбору "Еўрабачанне-2016" здзяйсняе Белтэлерадыёкампанія - як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.