"Давайце памножым i смех, i ўсмешкi, i песнi!"

29.11.2005
"Звязда", 29 лістапада 2005 г.


...Маленькая дзяўчынка з Мазыра за некалькi дзён зрабiла тое, на што многiя дарослыя трацяць гады: песня пра мiр i сяброўства "Мы вместе" спрацавала лепш за патэтычныя прамовы з высокiх трыбун. А ў розных краiн свету з’явiлася яшчэ адна прычына зацiкавiцца жыццём Беларусi. 10-гадовая Ксенiя Сiтнiк стала лепшай у Еўропе юнай выканаўцай - пасля блiскучай перамогi на дзiцячым конкурсе песнi "Еўрабачанне-2005" у бельгiйскiм Хасельце.
Дзякуй табе, Ксюша, - i не толькi за гэту перамогу, але яшчэ i за разбурэнне шэрагу стэрэатыпаў, трывала замацаваных у нашай свядомасцi. Аб чым гэта я? Ды вось жа...

Выбар
Казалi, што снарад двойчы ў адну варонку не трапляе, i другi год запар журы на правiнцыю стаўку не зробiць. Да таго ж, калi першая прадстаўнiца Беларусi, Вольга Сацюк з Кобрына, заняла на конкурсе 4-е месца, то праз год мазыранiн Ягор Ваўчок быў толькi 12-м - дынамiка прасочвалася не вельмi аптымiстычная.
Атрымалася, што снарад ляцiць дакладна па справядлiвасцi. Калi Ксенiя аб’ектыўна была лепшай у нацыянальным адборы, то нават наяўнасць у яе тытула пераможцы "Славянскага базару" не магла ўжо нi дапамагчы, нi пашкодзiць iншым канкурсантам. Ну а тое, што беларускае журы не памылiлася з выбарам, падкрэслiў Ксюшын трыумф у Хасельце. I хоць сама дзяўчынка сцвярджае, што "гэта мамiна заслуга", перамога ў роўнай ступенi належыць i кiраўнiку студыi эстрадных спеваў "ЮМЭ’С" Святлане Стацэнка, i Ксюшы. I мазырская прапiска тут нi пры чым.

Касцюм
Казалi, што на дзiцячым "Еўрабачаннi" з гэтым вельмi строга. Арганiзатары спецыяльна папрасiлi беларусаў унесцi пэўныя змены ў сцэнiчны касцюм Ксюшы. Так, рашучае "не" было сказана высокiм батфортам, адкрытаму жывату i плячам - адзенне павiнна было быць максiмальна закрытым. Праўда, старшыня нашага журы народны артыст Беларусi Васiль Раiнчык слушна заўважыў, што "такая перастрахоўка - гэта еўрапейскiя замарочкi, у iх там свае праблемы". Але пярэчыць супраць патрабавання, каб дзiцячыя касцюмы максiмальна адпавядалi ўзросту ўдзельнiкаў, беларуская дэлегацыя не стала. I беларуска-марыйскi мадэльер Iван Айплатаў стварыў новы вобраз - спартыўны гламур. "Я хацеў, каб беларуская цукерка мела еўрапейскую абгортку", - кажа наконт гэтага сам Iван.
Атрымалася, што не касцюм адзiны, а дакладней, зусiм не ён робiць спевака заўважным. Але менавiта ў касцюме лiтаральна ў апошнi момант адбылiся змены. Чорныя штаны, паверх якiх Ксюша надзела спаднiчку, папрасiлi зняць. Паводле афiцыйнай версii, таму, што цёмныя штаны злiваюцца з цёмнай падлогай. Па неафiцыйнай - гэта ўсё ж Васiль Раiнчык вырашыў паказаць еўрапейцам вострыя Ксюшыны каленi, якiя надавалi вобразу дзiцячую кранальнасць i непасрэднасць. Дызайнер, якi паклаў на стварэнне касцюма для Ксюшы Сiтнiк, Палiны Ждановiч i Васi Раiнчыка-малодшага нямала сiл i часу, па чутках, на такi выбар пакрыўдзiўся. Але ўсё адно наша канкурсантка спадабалася яму больш за iншых - значная частка ўдзельнiкаў, паводле слоў Iвана Айплатава, не мела ўласнага стылю i была апранута "ў танных дзiцячых крамах". Невядома, колькi працэнтаў поспеху прынёс Ксюшы менавiта касцюм - але выступiла яна на "ўра". У агульнаеўрапейскiм маштабе.

Нумар
Казалi, што нацыянальным каларытам Еўропу зараз цяжка здзiвiць - прыводзiлi ў якасцi прыкладу дарослае "Еўрабачанне", не вельмi ўдалае выступленне барысаўскага дуэта "Аляксандра i Канстанцiн" i г.д. Сцвярджалi, што зыход конкурсу ўгадаць практычна немагчыма. Стаўкi на перамогу Ксюшы не рабiла нават яе мацi - Святлана Стацэнка проста настройвала дзяўчынку на годнае, найлепшае выступленне.
Атрымалася, што менавiта "народнасць" Ксюшынага голасу ў прыпеве так спадабалася публiцы (некаторыя пазней нават заўважылi падабенства песень Ксюшы i Вольгi Сацюк). А яшчэ слухачоў-гледачоў зачапiў аб’яднаўчы тэкст, такi просты i адначасова мудры: "Мы многае можам, калi будзем разам!".
Адзiнае, у чым папярэднiя меркаваннi супалi з вынiкамi - 16-ы стартавы нумар сапраўды аказаўся для Ксюшы шчаслiвым.

Галасаванне
Казалi, што Беларусь традыцыйна засуджваюць. Зноў спасылалiся на дарослы аналаг конкурсу, дзе галасаванне вiдавочна iдзе па геапалiтычнаму прынцыпу. Паколькi ж у дзiцячым "Еўрабачаннi" з краiн былога СССР удзельнiчалi толькi Латвiя i Расiя, разлiчваць на "добрасуседскiя галасы" мы асаблiва не маглi. Скептыкi рыхтавалiся з горкiм расчараваннем заявiць: "Мы так i ведалi!".
Атрымалася, Латвiя i Расiя сапраўды паставiлi Ксюшы па 12 балаў. Але столькi ж дала i Мальта. I ўвогуле нiводная з 17 краiн, уключаючы Кiпр, якi не ўдзельнiчаў у конкурсе, але галасаваў, не абышла беларускую канкурсантку баламi! Ксюша набрала 149 балаў, абышоўшы моцнага сапернiка - iспанца Антонiо Хасэ - на 3 балы i ўладальнiцу трэцяга месца нарвежку Малiн - на 26. Яшчэ пытаннi наконт неаб’ектыўнасцi галасавання будуць?

Вынiк
Казалi асцярожна, навучаныя папярэднiм вопытам гучных абяцанняў, што беларускiя прадстаўнiкi пастараюцца прадставiць краiну як мага лепш. "На мой погляд, нумар атрымаўся добры", - дыпламатычна заўважыла на апошняй перад ад’ездам прэс-канферэнцыi выканаўчы прадзюсар прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Людмiла Барадзiна. Радавыя тэлегледачы ставiлiся да конкурсу як да чарговай нагоды ўключыць у суботу вечарам тэлевiзар i пахварэць за сваiх, але ж загадзя плакаты "Вiншуем, Ксюша!" нiхто не маляваў. Проста спадзявалiся. На цуд?
Атрымалася... Ён, цуд, i атрымаўся. Салiдныя прадстаўнiкi НДТРК скакалi з беларускiм сцягам не горш за дзяцей. Шчаслiвыя пераможцы ледзь паспявалi адказваць на пытаннi журналiстаў. У аэрапорце "Мiнск-2", куды ў нядзелю прыляцелi нашы маленькiя героi, iх сустракаў практычна мiтынг балельшчыкаў, сярод якiх былi намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусі Алег Праляскоўскi, мiнiстр культуры Леанiд Гуляка, старшыня НДТРК Уладзiмiр Мацвяйчук. На сайт тэлерадыёкампанii, дарэчы, працягваюць паступаць вiншаваннi з усiх куткоў свету, ад Расii да Аргенцiны. (Здаецца, сярод соцень лiстоў я заўважыла i прывiтанне мiнулагодняй пераможцы дзiцячага "Еўрабачання" iспанкi Марыi Iсабэль.) Мэтры беларускай сцэны ў адзiн голас сцвярджаюць, што цяпер планка дзiцячых конкурсаў паднялася яшчэ вышэй - але ў нас хапае юных талентаў, якiя прэтэндуюць на ўзяцце гэтых вышынь.
А Ксюша? Чарговы тытул пераможцы не выклiкаў у дзяўчынкi "зорнай хваробы" - яна ўсё такая ж шчырая, надзiва разумная i поўная планаў на будучыню. Што б нi адбывалася, Ксенiя Сiтнiк цяпер не згубiцца. Думаю, мы не раз яшчэ ўбачым яе ў ролi вядучай i спявачкi. Так трымаць, Ксюша!

P.S. Наступны дзiцячы конкурс "Еўрабачанне" пройдзе ў Бухарэсце (Румынiя).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.