Дабрачынны марафон

01.06.2007
"Звязда", 1 чэрвеня 2007 г.


Беларускае радыё 1 i 2 чэрвеня праводзiць дабрачынную акцыю "Iм патрэбны наш клопат", якая накiравана на збор сродкаў для беларускiх дамоў-iнтэрнатаў.
1 чэрвеня, у Мiжнародны дзень абароны дзяцей, на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў прамым эфiры адбудзецца кругласутачны радыёмарафон. Госцi студыi - прадстаўнiкi органаў улады, вядомыя палiтычныя i грамадскiя дзеячы, зоркi беларускай эстрады. Падрыхтаваны таксама шэраг рэпартажаў пра выхаванцаў дамоў-iнтэрнатаў. Гэтаксама сёння ў рамках акцыi "Радыус-FM" наладжвае ў сталiчным парку Горкага святочны канцэрт.
2 чэрвеня вядучыя Першага канала радыё i "Радыус-FM" самi накiруюцца ў госцi да дзяцей, якiя знаходзяцца на лячэннi ў НДI анкалогii i медыцынскай радыялогii ў Бараўлянах.
Ход акцыi, што пройдзе пад дэвiзам "Падорым цяпло i клопат кожнаму дзiцяцi", будуць асвятляць усе радыё- i тэлеканалы Белтэлерадыёкампанii. Працягнецца збор сродкаў, дарэчы, па 30 чэрвеня ўключна, а грашовыя сродкi прымаюцца на наступныя дабрачынныя рахункi:
№ 3642900000278 у беларускiх рублях,
№ 3642900000281 у доларах ЗША,
№ 3642900000294 у расiйскiх рублях,
№ 3642900000308 у еўра
у фiлiяле № 510 ААБ "Беларусбанк", код банка 603, УНП 100 633 430.
Матэрыяльная падтрымка будзе аказана дзiцячым дамам-iнтэрнатам, што ўваходзяць у сiстэму Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны краiны - у iх выхоўваюцца дзецi з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця. На дадзены момант такiх дзяцей у Беларусi больш як 1,7 тысячы. У прыватнасцi, сродкi накiруюцца на адрас Рэспублiканскага рэабiлiтацыйнага цэнтра для дзяцей-iнвалiдаў у Мiнску, Багушэўскага, Гарадзiшчанскага, Чэрвеньскага дзiцячых псiханеўралагiчных дамоў-iнтэрнатаў, Рэчыцкага, Iвянецкага, Вясноўскага, Васiлiшкаўскага дамоў-iнтэрнатаў для дзяцей-iнвалiдаў з асаблiвасцямi фiзiчнага i псiхафiзiчнага развiцця.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.