Да святаў - з песнямі

03.05.2014
"Звязда", 3 мая 2014 г.

 
Белтэлерадыёкампанія, тэлеканал "Беларусь 3" і Маладзёжны тэатр эстрады рыхтуюць арыгінальнае віншаванне - канцэрт у рамках праекта "100 песень для Беларусі", прысвечаны Дню працаўнікоў тэлебачання, радыё і сувязі. Удзел у ім бяруць выканаўцы, якія запісалі для праграмы "Наперад у мінулае" сучасныя версіі аўтэнтычных народных песень.
- Праект існуе ўжо больш за два гады, назбіралася шмат песень, і стала зразумела, што можна і трэба фарміраваць нармальную канцэртную праграму,?- адзначыў намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 3" Сяргей Макарэй.?- Першы такі канцэрт мы зрабілі на навагоднюю ноч, ён меў рэзананс і знайшоў сваіх прыхільнікаў, таму вырашылі рабіць гэта традыцыйна. У перспектыве плануем ладзіць такія канцэрты і з нагоды іншых падзей.
Музычныя падарункі ў першым аддзяленні будуць дарыць Вольга Плотнікава, Алена Грышанава, Жанет, Наталля Тамела, Галіна Шышкова, гурты "Дразды", "Інжыр", "Аўра" і шэраг іншых артыстаў. А ў другім аддзяленні выступіць ансамбль народнай музыкі "Бяседа" Белтэлерадыёкампаніі (мастацкі кіраўнік - народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны).
Весці канцэрт будзе нязменная вядучая праекта "Наперад у мінулае" Аксана Вечар у пары з удзельнікамі дзейства Тарыелам Майсурадзэ, Андрэем Хлястовым, Віталем Карпанавым і Кірылам Ермаковым.
- У канцэрце атрымала працяг ідэя "100 песень для Беларусі",?- кажа вядучая Аксана Вечар.?- Хочацца такое ж свята зладзіць да Дня абароны дзяцей. А цяпер кулуарна адзначым прафесійнае свята тых, хто працуе на радыё і тэлебачанні.
Тэлеверсію свята можна будзе паглядзець 7 мая на тэлеканале "Беларусь 3" і спадарожнікавым канале "Беларусь 24". Прыемным сюрпрызам, безумоўна, будзе і радыёверсія канцэрта, якая плануецца на 8 мая.

Алена ДРАПКО.