Чым радыё парадуе?

06.09.2003
"Звязда", 6 верасня 2003 г.


Заўтра, у Дзень беларускага пiсьменства ў Полацку, Беларускае радыё адкрые новы вяшчальны сезон восень 2003 - лета 2004, якi пройдзе пад дэвiзам "Мая краiна - Беларусь". Гэта значыць, што ў эфiры прагучыць вялiкая колькасць расказаў пра гiсторыю i сённяшнi дзень краiны, пра вядомых нашых суайчыннiкаў i беларускую iнтэлектуальную элiту.
Калi больш падрабязна, дадзеная тэматыка ахопiць лiтаральна ўсе праекты Першага нацыянальнага канала i канала "Культура". Абнаўленне чакае такiя папулярныя праграмы, як "Беларускi альбом", а таксама "Брама", "Моўная хвiлiнка", "Роднае слова", "Сентыментальнае паляванне". Рэйтынгавы радыёпраект "Сямейнае радыё. Для тых, хто дома" прадоўжыць узяты раней курс на прыцягненне ўвагi грамадства да праблем сям’i, узнiме тэму папулярызацыi беларускiх сямейных традыцый i звычаяў, будзе ствараць атмасферу ўзаемапавагi i даверу, без маралiзатарства.
Паводле iнфармацыi прэс-службы Белтэлерадыёкампанii, у музычным эфiры ў новым вяшчальным сезоне прыярытэт, як i раней, захаваецца за беларускiмi выканаўцамi i калектывамi (каля 60 працэнтаў ад агульнага гучання). Разам з тым, павялiчыцца i аб’ём выкарыстання сучаснай еўрапейскай музыкi. Рыхтуецца яшчэ i сумесны цыклавы праект з Еўрапейскiм вяшчальным саюзам - "Еўрарадыё", якое прадугледжвае абмен музычнымi праграмамi (поп, джаз, рок-н-рол, класiка), а таксама трансляцыi прэстыжных еўрапейскiх канцэртаў i фестываляў. Сумесна з Першым нацыянальным тэлеканалам хутка пачнецца рэалiзацыя спецпраекта "На скрыжаваннях Еўропы": акрамя iнфармавання пра фестывалi, сустрэч з арганiзатарамi i ўдзельнiкамi, у ранiшнi суботнi блок "Будзем разам" уключаецца пастаянная музычная старонка ў форме своеасаблiвага хiт-парада, мэта якога - не толькi знаёмства з удзельнiкамi конкурсу i iх творчасцю, але i адзнака слухачоў, магчымасць паразмаўляць у прамым эфiры.
Яшчэ адна навiнка сезона - сумесны праект памiж Першым Нацыянальным тэлеканалам i радыёстанцыяй "Радыус-FM" - нацыянальны хiт-парад, дзе кожны ўдзельнiк займае сваю нiшу ў справе папулярызацыi беларускай музыкi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.