Бяры лахі пад пахі

10.10.2014
"Звязда", 10 кастрычніка 2014 г.

 
Штотыдзень у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" гульня "Размаўляем па-беларуску". Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер "Размаўляем па-беларуску" запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай "Звязды".

Ці ведалі вы, што: 

Чуць праз лес малітву - значыць, мець пра нешта вельмі і вельмі прыблізнае ўяўленне, але, тым не менш, імкнуцца пра гэтае нешта "падрабязна" і "маляўніча" распавесці. Гэты выраз адпавядае рускаму "Слышал звон, да не знает, где он". 

Узяць лахі пад пахі - ужываецца са значэннем "прыхапіць з сабой" - панесці перад адыходам, уцёкамі куды-небудзь свае пажыткі ("шапку в охапку", ногі ў рукі). Выраз "лахі пад пахі" ўвайшоў у літаратурны ўжытак з паўднёва-заходніх гаворак рэспублікі, дзе слова лахі з'яўляецца агульнай назвай адзення. З часам кампаненты выразу набылі больш шырокае значэнне: лахі - не абавязкова толькі "адзенне", пад пахі - не абавязкова "пад плечы". Адтуль і пайшло: бяром лахі пад пахі - гэта значыць, усё сваё і сябе таксама - і ходу.

Балазе - тым больш што, добра што (злучнік, размоўнае слова. Вучыся, балазе ёсць умовы).

Енк - працяглы жалобны стогн, выкліканы болем ці горам (Працяглы енк вырваўся з грудзей. Дзеяслоў енчыць, напэўна, больш знаёмы, чым назоўнік енк. Спалучэнне - ен паказвае на польскае паходжанне слова).

Андарак - саматканая паласатая або ў клетку спадніца (з агульным значэннем "спадніца сялянак" слова андарак ёсць і ў польскай, і ва ўкраінскай, і ў рускай мовах. Але карані яго хаваюцца ў нямецкай).

Жлукта - драўляная ёмістасць для запарвання бялізны (у некаторых рэгіёнах Беларусі жлукта ўжывалася аж да другой паловы XX ст., да шырокага ўкаранення пральных машын).

Пачвара - казачная страшная істота.

Рэшта - частка чаго-небудзь, якая засталася нявыкарыстанай (слова "решта" ёсць ва ўкраінскай мове, а па-нямецку гэта гучыць крыху інакш, але пазнавальна: rest).

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры "Беларусь 3" кожную суботу ў 11.10-11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.