Букмекеры ставяць на шведа

15.05.2015

"Звязда"

За два дні да афіцыйнага адкрыцця юбілейнага песеннага шоу "Еўрабачанне-2015" найбольш верагодным яго пераможцам еўрапейскія букмекерскія канторы лічаць прадстаўніка Швецыі Монса Зелмерлёў.

У спіну яму, паводле звестак агрэгатара ставак OddsChecker, дыхаюць італьянскае мужчынскае трыа "Іl Volo" - трыумфатары Сан-Рэма, а таксама спявак і кампазітар Гай Себасціян з краіны - дэбютанткі конкурсу Аўстраліі. Папярэдне вельмі няблага ацэньваюцца шанцы Расіі - Паліне Гагарынай прадракаюць упэўненую перамогу ў паўфінале і 3-5 месца ў фінале. Беларускі дуэт заўзятары музычнага шоу, якія і галасуюць кроўнымі еўра, бачаць у сярэдзіне выніковай табліцы - на 16-м месцы. Улічваючы, што яшчэ пару месяцаў таму наша краіна знаходзілася толькі на 37-й пазіцыі, прагрэс відавочны, хоць, безумоўна, хацелася б трапіць як мага вышэй.

Самі выканаўцы, зрэшты, усе гэтыя жарсці стараюцца не ўспрымаць блізка да сэрца, аддаючы перавагу музычнаму складніку конкурсу. Пасля прыбыцця ў Вену наша каманда паспела адзначыць дзень нараджэння вакаліста (Юзары споўнілася 24 гады) і правяла першую "прыстрэлку" - рэпетыцыю на сцэне Wіener Stadthalle, дэманстрацыю сцэнічных убораў і прэс-канферэнцыю для еўрапейскіх СМІ. Беларусы расказалі, чаму ўнеслі некаторыя змяненні ў конкурсны нумар і якое пасланне хочуць данесці да ўдзельнікаў і гледачоў шоу праз сваю песню "Tіme". Маймуна распавяла гісторыю знаёмства артыстаў з прыхільнікам "Еўрабачання", беларускім хлопцам Андрэем Таранікам, які цягам 4 гадоў пераадольвае рак і дэманструе выключную сілу волі і жыццялюбства. Таму беларускі дуэт, як патлумачыла скрыпачка, вырашыў прысвяціць сваё выступленне ўсім людзям, якія змагаюцца з анкалагічнымі хваробамі. Гэты расповед замежная прэса сустрэла авацыямі…

Як расказалі "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, сёння ў прадстаўнікоў нашай краіны адбудзецца другая індывідуальная рэпетыцыя, пасля якой будзе выбраны канчатковы варыянт пастаноўкі нумара, а ў нядзелю 17 мая яны возьмуць удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця 60-га "Еўрабачання" ў Венскай ратушы. Далей адлік пойдзе ўжо літаральна на гадзіны, і 19 мая дуэт Uzarі & Maіmuna пад нумарам 11 выступіць у першым паўфінале конкурсу. Нагадаем, за сваіх удзельнікаў беларусы прагаласаваць не змогуць, а вось трымаць кулакі на ўдачу - колькі заўгодна!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.