Бокс, футбол i ўсе-ўсе-ўсе

27.07.2007
"Звязда", 27 ліпеня 2007 г.


У жнiўнi тэлеканал "ЛАД" працягне фармат спартыўнага лета i прапануе гледачам трансляцыi ўсё новых вiдовiшчных спаборнiцтваў.
Так, 2 жнiўня ў прамым эфiры будзе паказаны матч 1-га адборачнага раўнда Кубка УЕФА - сустрэча мiнскага "Дынама" i рыжскага "Сконта".
5 жнiўня аматары бокса ўбачаць паядынак за тытул чэмпiёна свету па версii WBС у лёгкай вазе - памiж дзеючым чэмпiёнам, амерыканцам Дэвiдам Дзiасам, i экс-чэмпiёнам свету ў трох вагавых катэгорыях, мексiканцам Эрыкам Маралесам. Для Дзiаса гэта абарона тытулу са жнiўня мiнулага года стане першай. Калi ўдача будзе на баку Маралеса, то ён стане першым у гiсторыi мексiканскiм баксёрам, каму ўдалося стаць чэмпiёнам свету ў чатырох вагавых катэгорыях...
Гэтаксама 5 жнiўня адбудзецца прамая трансляцыя матча за Суперкубак Англii памiж чэмпiёнам прэм’ер-лiгi "Манчэстар Юнайтэд" i ўладальнiкам Кубка Англii лонданскiм "Чэлсi". Падобныя сустрэчы традыцыйна адкрываюць сезон брытанскай прэм’ер-лiгi, трансляцыi якой таксама пакажа "ЛАД" . Увогуле, з 11 жнiўня да мая 2008 года штотыднёва гледачы змогуць бачыць самыя захапляльныя i вiдовiшчныя матчы чэмпiянату Англii па футболу: "ЛАД" пакажа па адной самай цiкавай сустрэчы кожнага з 38 тураў. Увазе аматараў па панядзелках будуць прапанаваны вiдэаагляды гэтага турнiру.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.