Беларусы ўбачаць "Грэмi"

08.02.2008
"Звязда", 8 лютага 2008 г.


10 лютага ў Лос-Анджэлесе пройдзе юбiлейная, 50-я цырымонiя ўручэння музычных узнагарод Нацыянальнай акадэмii ЗША - "Грэмi". Гэтая прэмiя, прызнаная прафесiяналамi музыкi адной з найбольш прэстыжных, прысуджаецца ў 108 катэгорыях па 30 музычных жанрах - ад класiкi да альтэрнатывы. 11 лютага ўпершыню Першы канал пакажа тэлеверсiю "Грэмi". Каментаваць цырымонiю будзе дыджэй радыёстанцыi "Радыус-FM" Дзмiтрый Шэпелеў.
Фаварытамi 50-ай прэмii "Грэмi", паводле папярэднiх ацэнак, з'яўляюцца брытанская спявачка Эмi Уайнхаус i амерыканскi рэпер Канье Вест. Хапае сярод прэтэндэнтаў i прызнаных "зорак": Пол Макартнi, Крысцiна Агiлера, "Green Day", "Nickelbak" "U2" i г.д.
 
Дарэчы
Прэмiя "Грэмi" была заснаваная Асацыяцыяй гуказапiсваючых кампанiй ЗША ў 1958 годзе, а iдэя нарадзiлася ў прафесiйных музыкантаў на год раней, калi адзначаўся юбiлей вынаходнiцтва Томасам Эдзiсанам грамафона. Менавiта таму была абрана назва "Грэмi" i форма прызавой статуэткi - пазалочаны грамафон. Так што ўсе iншыя "грамафонныя" хiт-парады, не важна, залатыя цi сярэбраныя - усяго толькi калька...