Беларускі адбор на "Еўрабачанне" стартуе ў найбліжэйшыя дні

18.10.2013
"Звязда", 18 кастрычніка 2013 г.


Днямі ў Белтэлерадыёкампаніі абмяркоўвалі падрыхтоўку да конкурсу "Еўрабачанне" - дзіцячага і дарослага. І калі з першым усё зразумела (прадстаўнік абраны, песня і нумар дапрацоўваюцца, а напрыканцы лістапада можна будзе пазнаёміцца з вынікам), то наконт другога да апошняга часу нацыянальны аргкамітэт захоўваў поўнае маўчанне. Цяпер жа стала вядома галоўнае: Беларусь у "Еўрабачанні-2014", што пройдзе ў сталіцы Даніі, удзельнічае!
Нацыянальны адбор стартуе неўзабаве - умовы яго правядзення і патрабаванні да ўдзельнікаў абяцаюць апублікаваць на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.bу ў найбліжэйшыя дні. Кіраўніком адбору, як і летась, прызначана дырэктар тэлеканала "Беларусь 2" Вольга Шлягер. Паводле яе слоў, істотных змен у палажэнні аб нацыянальным адборы сёлета не будзе.
Як даведалася "Звязда", беларускім артыстам, якія пажадаюць узяць удзел у адборачным туры да "Еўрабачання", давядзецца грунтоўна падрыхтавацца і пастарацца адразу пераканаць журы ў сваім патэнцыяле. Бо часу на "раскачку" і правільнае афармленне заявак, як мяркуецца, у іх будзе зусім няшмат - каля месяца. Да таго ж з усіх дасланых заявак без дадатковых прамежкавых этапаў суддзі будуць адразу вызначаць удзельнікаў фіналу - да 15 чалавек. Імя ж прадстаўніка нашай краіны на конкурсе будзе названа ў студзені 2014 года, паведамляе прэс-служба БТРК.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.