Беларусь знаёмая i невядомая

21.06.2008
"Звязда", 21 июня 2008 г.


Звычайна лета для тэлевiзiйнiкаў - "мёртвы сезон". Але гэта не значыць, што акрамя навiнаў для эфiру не рыхтуецца нiчога новага. Напрыклад, на гэтым тыднi каманда карэспандэнтаў тэлеканала "ЛАД" пачынае падарожжа па Беларусi. Адзнятыя ў вандроўцы матэрыялы складуць аснову для новага праекта, якi носiць рабочую назву "Экспедыцыя".
Творчая каманда "Экспедыцыi" на чале з рэжысёрам Ягорам Шолькiным раней рабiла турыстычна-забаўляльную праграму "КомпаС", але цяперашнi праект - больш пазнавальны, з краязнаўчым ухiлам. У iм, як мяркуецца, нават не будзе вядучага - факты з гiсторыi той цi iншай мясцовасцi раскажуць самi тутэйшыя краязнаўцы.
Два аранжавыя джыпы са сцягам тэлеканала стартуюць з Гродна i праедуць па тэрыторыi 5 абласцей усю Беларусь ад заходняй да ўсходняй мяжы. Па вынiках трохтыднёвага ваяжу ў лiпенi на "ЛАДзе" выйдзе цыкл праграм. Прычым, як абяцаюць стваральнiкi, у тэлеверсii будзе паказана тое, што не пазначана ў даведнiках. Асноўны акцэнт зробяць не на аб'екты, што вядомыя турыстам па энцыклапедыях, а на мясцовыя асаблiвасцi побыту людзей. Пры тым героем праграмы тэарэтычна можа стаць кожны ахвотнiк, хто ведае што-небудзь цiкавае i незвычайнае пра сваю мясцовасць i сваiх землякоў. Для аўтараў самых цiкавых гiсторый каманда "ЛАДу" падрыхтавала прызы i падарункi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.