Бац-бац, i - мiма...

08.02.2008
"Звязда", 8 лютага 2008 г.


Удзельнiкi праекта "Цудоўная сямёрка. Эпiзод 5" на сабе выпрабавалi, цi лёгкi хлеб у бiятланiстаў
У рэалiцi-шоу тэлеканала "ЛАД" "Цудоўная сямёрка" ўдзельнiчаюць людзi вядомыя, папулярныя - артысты, акцёры, журналiсты, тэлевядучыя. Але, у адрозненне ад многiх iншых шоу, дзе ад iх патрабуецца толькi ўпрыгожваць кадр, вядучыя "Цудоўнай сямёркi" выцiскаюць з удзельнiкаў лiтаральна ўсе сокi. А як iнакш, калi праект прысвечаны здароваму ладу жыцця: сем эпiзодаў - розных вiдаў спорту, па сем удзельнiкаў у кожным, а ў фiнале - сем пераможцаў збяруцца паспаборнiчаць за званне лепшага i галоўны прыз - дарагi джып.
Праект стартаваў яшчэ летась зiмой, i тады першым удзельнiкам давялося засвоiць горныя лыжы. У спаборнiцтве перамагла спявачка Алеся. Другi, "летнi" эпiзод - спаборнiцтвы па вадналыжных гонках - выйграла Вольга Барабаншчыкава. Лепшай у трэцiм эпiзодзе - сiнхронным плаванні - стала вядучая "Калыханкi" Алена Бiкрэнева, а ў чацвёртым - конны спорце - перамога дасталася Аляксею Хлястову. Нядаўна быў зняты чарговы, пяты эпiзод - бiятлон. Удзел у iм узялi артыстка прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Алена Ланская, лiдар гурта "Без бiлета" Вiталь Артыст, удзельнiк гурта "Тяни-Толкай" Павел Тараймовiч, спявак Аляксандр Патлiс, тэлевядучая Аксана Вечар, заслужаны майстар спорту па мастацкай гiмнастыцы Яўгенiя Паўлiна i журналiст газеты "Советская Белоруссия" Вiкторыя Папова. Навуку "страляючых лыжнiкаў" наваспечаным спартсменам выкладалi пяцiразовы чэмпiён свету Вадзiм Сашурын i ўладальнiца 17 медалёў чэмпiянатаў свету Алена Зубрылава.
З першых жа крокаў на лыжах вызначылiся лiдары - Аляксандр Патлiс i Вiталь Артыст iмчалiся з хуткасцю ветру, пакiдаючы далёка за спiнай астатнiх удзельнiкаў. Як высветлiлася, выканаўцы час ад часу трэнiравалiся, у адрозненне ад дзяўчат, многiя з якiх апошнi раз стаялi на лыжах яшчэ ў школе. "Ой, не мне дастанецца галоўны прыз - ноўтбук", - сумавала спявачка Алена Ланская, якая ўсё нiяк не магла справiцца з каньковым ходам. Затое страляла выдатна, пяць з пяцi, чым выклiкала заслужанае адабрэнне трэнераў i нават прапанову "Алёна, кiдай ты гэты шоу-бiзнэс, iдзi да нас у бiятлон".
...Хто ў рэшце рэшт перамог у пятым эпiзодзе, прадзюсары "Цудоўнай сямёркi" прасiлi заўчасна не раскрываць - з 15 лютага гледачы ўсё змогуць убачыць i самi. А ўдзельнiкi, мiж iншым, так пасябравалi за час трэнiровак, што незалежна ад вынiкаў спаборнiцтва дамовiлiся сустракацца ў Раўбiчах на лыжнi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.