Барацьба за пуцёўку на Мальту

17.06.2016

"Звязда"

27 чэрвеня ў сценах Белтэлерадыёкампаніі пройдзе праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2016".

Як вядома, арганізатарам Нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца галоўны медыяхолдынг краіны. Адбор праводзіўся ў адпаведнасці з Палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Сёлета да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі, названымі ў Палажэнні. Заяўкі прымаліся на працягу месяца, і сёння, 17 чэрвеня, - апошні дзень адпраўкі бандэроляў.

Ужо стала традыцыяй, што прэтэндэнты дасылаюць свае заяўкі ў апошнія дні адбору, і гэты год не стаў выключэннем. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць "люфт" з 10 дзён для таго, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору.

А ўжо 27 чэрвеня ў 14.00 патэнцыйныя ўдзельнікі музычнага дзіцячага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы. Па выніках праслухоўвання журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале, які будзе праведзены не пазней за 16 верасня 2016 года ў форме гала-канцэрта ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Пераможца Нацыянальнага адборачнага тура, які вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў, прадставіць нашу краіну на дзіцячым "Еўрабачанні-2016" на Мальце ў горадзе Валета 20 лістапада. Эксклюзіўным вяшчальнікам дзіцячага конкурсу традыцыйна выступіць тэлеканал "Беларусь 1".

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару адборачнага тура - Белтэлерадыёкампаніі.

Алена ДРАПКО.