Бандэроль з запрашэннем у Вену атрымалі Юзары і Маймуна

20.03.2015

"Звязда"

У Мінску прайшлі здымкі асноўнай часткі візітоўкі, якая прадставіць нашу краіну і ўдзельнікаў падчас трансляцыі юбілейнага міжнароднага песеннага конкурсу, што пройдзе ў маі ў Аўстрыі. Тэма сёлетніх відэапаштовак - бандэроль з сюрпрызам, якую ад імя арганізатараў шоу дастаўляе кожнаму канкурсанту работнік нацыянальнай паштовай службы.

Спецыяльна для правядзення здымак у беларускую сталіцу прыляцела аўстрыйская брыгада тэлевізійнікаў на чале з рэжысёрам-аператарам Маціясам Потчам. А самым складаным момантам у творчым працэсе быў выбар найпрыгажэйшых мясцін у горадзе і… цікавых дзвярэй, з якіх артысты мусілі выходзіць па пасылку. У выніку прыдатныя дзверы знайшлі ў старой частцы дома, што ў Верхнім горадзе. Праўда, усю задумку ледзь не давялося пераігрываць з-за строгіх прынцыпаў работы беларускай пошты: па сюжэце кур’ер мусіць пакінуць бандэроль на парозе, а па правілах - павінен перадаць выключна з рук у рукі. Адказнага кур’ера доўга ўгаворвалі ўсёй здымачнай групай, але ў выніку ўсё ж здолелі пераканаць… 25-27 сакавіка будзе знята другая частка візітоўкі нашых удзельнікаў - ужо ў Вене. Якой атрымаецца беларуская відэапаштоўка, мы ўбачым толькі 19 мая, непасрэдна перад выступленнем нашых удзельнікаў у шоу.

Тым часам беларуская дэлегацыя вярнулася з сустрэчы ў Вене, дзе прадставіла ўвесь пакет матэрыялаў і дакументаў, неабходных для ўдзелу беларускага дуэта Uzarі & Maіmuna ў конкурсе. Як расказала кіраўнік праекта "Еўрабачанне" ў Беларусі Вольга Шлягер, сёлета ўсіх удзельнікаў - а ў юбілейным конкурсе іх будзе 40 - чакае вельмі насычаная праграма: "Сама Вена як класічны ўзор музычнага мастацтва ўжо сёння жыве гэтым конкурсам. Арганізатары прадумваюць усё да дробязяў: ад найбольш зручнага транспартнага злучэння і бясплатнага праезду для членаў нацыянальных дэлегацый і да найбольш камфортнага размяшчэння ўсіх конкурсных аб’ектаў па пранцыпе крокавай даступнасці. Ну і, безумоўна, рыхтуецца ўрачыстая і вельмі прыгожая цырымонія адкрыцця конкурсу, падчас якой усе ўдзельнікі пройдуць па чырвонай дарожцы".

Што да ўласна конкурснай сцэны, яна будзе зроблена ў форме вока і мае за мэту сімвалізаваць адзінства нацый і злучальную сілу музыкі. Плануецца, што яе і грын-рум, дзе ўдзельнікі чакаюць вынікаў галасавання, злучыць "магічны мост", які дасць магчымасць гледачам лепш разгледзець сваіх улюбёных артыстаў. Такая прыдумка дызайнераў цалкам адпавядае слогану "Еўрабачання-2015" - "Будуючы масты". Каб навесці масты і зруйнаваць бар’еры паміж людзьмі, падчас трансляцыі будзе зладжана вяшчанне для гледачоў з праблемамі слыху і зроку. Папярэдне абвешчаны даты наступнага конкурсу: "Еўрабачанне-2016" адбудзецца налета 10, 12, 14 мая.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.