Балгарскi дэбют

20.04.2005
"Звязда", 20 красавіка 2005 г.


У рамках абмену прома-турамi канкурсантаў сёлетняга мiжнароднага конкурсу песнi працягваюцца вiзiты замежных выканаўцаў у нашу краiну. Чарговыя госцi, якiх запрасiла Белтэлерадыёкампанiя, на "Еўрабачаннi" будуць прадстаўляць сонечную Балгарыю - адну з краiн-дэбютантак.
Шасцёра хлопцаў, што ўваходзяць у склад гурта "Каффе", адметныя ўжо тым, што ўсе яны маюць прафесiянальную музычную адукацыю (двое ўдзельнiкаў нават могуць пахвалiцца "корачкамi" знакамiтага каледжа Берклi ў ЗША). Другая адметнасць, якая лагiчна вынiкае з першай, - гурт "Каффе" грае i спявае толькi жыўцом. Прынцыпова. Нават на тэлепраграмах. З’явiўшыся на балгарскай сцэне ў 2001 годзе, ужо ў 2004-м гурт быў прызнаны лепшым гуртом года. Таму iх удзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" - не выпадковасць i не пагоня за славай, а новая прыступка ў развiццi.
Дарэчы, вакол самога нацыянальнага адбору ў Балгарыi разгарэўся скандал. Адзiн з 12 фiналiстаў, папулярны тэлевядучы, настолькi актыўна "пiарыў" сам сябе, любiмага, што не вытрымаў паражэння - у фiнале "Каффе" набралi 52 працэнты галасоў - i распаўсюдзiў чуткi, быццам усе гэтыя галасы купленыя. Аднак ягоныя шматлiкiя тэлефонныя скаргi не дапамаглi, i гурт "Каффе" з лiрычнай кампазiцыяй "Lorraine" ўсё-такi атрымаў права прадстаўляць Балгарыю на "Еўрабачаннi".
У Беларусь гурт прыехаў, зрабiўшы папярэдне прома-вылазку ў Кiеў, а пасля маршрут балгарскiх канкурсантаў праляжа ў Маскву, на Кiпр i ў Афiны. Графiк знаходжання ў кожнай краiне вельмi шчыльны: iнтэрв’ю, прэс-канферэнцыi, удзел у тэле- i радыёпраграмах забiраюць столькi часу, што паглядзець на горад проста няма калi - трэба ляцець далей. Па Мiнску, зрэшты, хлопцы крыху пагулялi i засталiся задаволеныя ўбачаным.
"Усе хлопцы адзначылi, што ваша канкурсантка - вельмi прыгожая жанчына, а гэта таксама немалаважна на "Еўрабачаннi", - выказаўся наконт Анжэлiкi Агурбаш прадзюсар гурта, дырэктар кампанii "Джокер Медыя" Аванес Мелiк-Пашаеў. - У яе добрыя вакальныя даныя. Праўда, мне падалося, што аранжыроўка песнi крыху стараватая, несучасная. Але гэта годная кампазiцыя".
У гурце шасцёра хлопцаў, а на сцэне "Еўрабачання", паводле правiлаў конкурсу, могуць знаходзiцца якраз шэсць чалавек, не больш. Гэта значыць, што дадатковага балетна-танцавальнага суправаджэння дзеля большай запамiнальнасцi выступлення "Каффе" зрабiць не ўдасца. Чым жа гурт збiраецца здзiвiць еўрапейскую публiку?
- Сама наша песня не хуткая, а лiрычная. Для яе не патрэбна шоу, - лiчыць фронтмен гурта Арлiн Паўлаў. - Мы мяркуем паставiць тэатральнае асвятленне i стварыць гэткае iнтымнае, асабiстае, рамантычнае пасланне. Наколькi ў хлопцаў атрымаецца ўразiць публiку ў Кiеве, стане зразумела толькi пасля iхняга выступлення 19 мая. Пакуль жа ў якасцi дэманстрацыi "Каффе" пакiнулi свой клiп - таксама надзвычай лiрычны, нечым падобны да балад "Blue", - i з гонарам расказалi, што клiп здымаўся ўсяго за два днi пры тэмпературы мiнус 7, прычым музыкантаў палiвалi вадой, ствараючы эфект пралiўнога дажджу... На шчасце, нiхто не захварэў. Ну, ды дзеля "Еўрабачання" i не на такiя ахвяры пойдзеш!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.