Айчыннае тэлебачанне зробіць яшчэ пяць крокаў да беларускасцi

30.01.2009
"Звязда", 30 января 2009 г.

Чакаем новых праграм i фiльмаў на роднай мове?
Днямi адбылася сустрэча старшынi Таварыства беларускай мовы iмя Францыска Скарыны Алега Трусава i старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Зiмоўскага. Пасля яе СМI гучна затрубiлi - айчыннае тэлебачанне значна больш "беларусiзуецца". Значыць, прыхiльнiкi роднай мовы нарэшце дамаглiся свайго!
У старшынi БТРК на гэты конт крыху iншае меркаванне - так, сустрэча адбылася па iнiцыятыве ТБМ, i па 5 з 7 прапанаваных пунктаў па пашырэннi ўжытку беларускай мовы было дасягнутае пагадненне: "Мы прынялi тыя пункты, якiя не супярэчаць палiтыцы нашых тэлеканалаў. Але нiякiх ультыматумаў нiхто не ставiў, сустрэча праходзiла як нармальнае рабочае абмеркаванне. I нават калi б ТБМ звярнулася да нас раней, вынiк быў бы такi ж - бо павелiчэнне колькасцi беларускамоўных праектаў было ў нашых планах".
Добра, кiраўнiкi сустрэлiся i пагутарылi, а чаго ў вынiку чакаць гледачам? Па пунктах:
- заснавання невялiкай (10-15 хвiлiн) перадачы "Гаворым па-беларуску";
- стварэння цыкла беларускамоўных перадач, першая з якiх будзе прысвечана 600-годдзю перамогi беларусаў у складзе войска Вялiкага Княства Лiтоўскага ў Грунвальдскай бiтве;
- з'яўлення перадачы (пры садзейнiчаннi Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы НАН Беларусi), прысвечанай 10-й гадавiне Мiжнароднага дня роднай мовы, заснаванага паводле рашэння ЮНЕСКА;
- правядзення раз на месяц на тэлебачаннi тэматычных "круглых сталоў" па пытаннях беларускай мовы, лiтаратуры i культуры;
- нарэшце, вяртання на айчынныя тэлеканалы замежных фiльмаў, дубляваных на беларускую мову. 

- Аляксандр Леанiдавiч, цi хутка чакаць рэалiзацыi гэтых планаў? - звярнулiся мы непасрэдна да старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Аляксандра ЗIМОЎСКАГА.
- Вы ж разумееце, тэлевытворчасць мае свае правiлы - таму, напрыклад, праца над цыклам перадач пра Грунвальдскую бiтву патрабуе пэўнага часу. Што датычыцца "Хвiлiнкi беларускай мовы", як умоўна назваў гэту iдэю спадар Трусаў, то ў нас ёсць такiя праграмы на радыё, ёсць вопыт iх стварэння, таму гэтая справа пойдзе хутчэй. Хачу зазначыць, што першым крокам будзе запрашэнне спадара Трусава на адно з нашых рэйтынгавых ток-шоу, дзе абмяркоўваюцца спрэчныя пытаннi, якiя хвалююць усё наша грамадства. Вырашылi, што найлепшай пляцоўкай для гэтага абмеркавання будзе ток-шоу "Ход у адказ", якое вядзе на Першым канале Аляксандр Мартыненка - гэта ўжо ў найблiжэйшых планах.

- Цi можна назваць канкрэтных асобаў, якiя будуць адказваць за той цi iншы праект?
- Думаю, займацца iх рэалiзацыяй будзе дырэкцыя, якая раней называлася "лiтдрама" - мы зараз выявiм, хто з супрацоўнiкаў больш здатны да гэтай работы, каб гэта адчувалася цiкавым па змесце, выкананнi i абавязкова высакаякасным, каб выконвалiся нормы сучаснага правапiсу i г.д.
 
- Што датычыцца дубляжу замежных фiльмаў на беларускую мову - раней на канале "ЛАД" была такая практыка, пераагучвалiся фiльмы вытворчасцi дзяржаўнага французскага канала, але паступова ўсё спынiлася. Цяпер дубляж будзе адноўлены па гэтай жа схеме цi нейкiм iншым чынам?
- Дубляж будзе здзяйсняцца крыху iнакш. Тыя фiльмы, якiя прапаноўваюцца Белтэлерадыёкампанii для набыцця i паказу, я лiчу, павiнны быць дубляваныя на беларускую мову, але займацца гэтым павiнны тыя, хто iх прапаноўвае - дыстрыб'ютары, кiнавiдэапракат. Да таго ж трэба ўлiчваць патрабаваннi пракатчыкаў. Да прыкладу, па ўмовах пракату фiльма "Страсцi Хрыстовы" гук павiнен быў заставацца арыгiнальны, мы мелi права толькi зрабiць субтытры. А вось, скажам, фiльм "Каты" Анджэя Вайды - лiчу, ён варты i павiнен быць сапраўды дубляваны на беларускую. Хоць пачаць цяпер варта ўсё ж субтытраў, бо якасны дубляж вымагае часу, вялiкай колькасцi акцёраў...
- Грошай.
- Грошы, як кажуць, знойдзем. Але найперш, мяркую, патрэбныя добрыя акцёры i лiтаратуразнаўцы.
 
- Цi праводзiлi вы даследаваннi, якая беларускамоўная праграма на сёння - самая рэйтынгавая? Па водгуках гледачоў складваецца ўражанне, што галоўныя сiмпатыi маюць "Калыханка" i "Тэлебарометр"...
- Не, мы не вялi падобных даследаванняў - проста таму, што не падзяляем тэлевiзiйныя прадукты па моўным прынцыпе. Напрыклад, калi ў выпусках навiнаў цi ў "Панараме" ёсць сюжэт на беларускай мове - ён прыцягвае вялiкую ўвагу ўжо таму, што самi гэтыя праграмы i час iх выхаду ў эфiр - найбольш рэйтынгавыя. Або наш праект "Зямля беларуская", цалкам беларускамоўны - адзiн з самых запатрабаваных i высокарэйтынгавых, бо ён цiкавы i блiзкi гледачам. Так што галоўны падыход у нас - тэлевiзiйны прадукт павiнен быць якасным, незалежна ад таго, на якой мове ён зроблены.
 
...Дададзiм: у якасцi прыемнага бонусу частка фiрменных сувенiраў Белтэлерадыёкампанii будзе аформленая па-беларуску. Што да яшчэ дзвюх прапаноў Таварыства беларускай мовы - у перспектыве зрабiць Першы канал тэлебачання цалкам беларускамоўным, а беларускамоўную рэкламу даваць па меншым кошце, чым рускамоўную - iх разгляд пакуль што адкладзены.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.