Анжэліка Агурбаш: "Я ажно дрыжэла, калі стаяла ля трона..."

02.04.2005
"Культура", 2 красавіка 2005 г.


Гэты год для Анжэлікі Агурбаш асаблівы. Сёлета яна адсвяткуе пятнаццацігоддзе сваёй творчай дзейнасці і, разам з тым, асабісты юбілей. Апошняе здарыцца ў Кіеве 17 мая - акурат у тыя дні, калі гэтая спявачка будзе рыхгавацца да яшчэ адной важнай падзеі свайго жыцця. Важнай, зрэшты, не толькі для яе, але і не раўнуючы для ўсёй Беларусі. Ёсць стэрэатып на прадмет пагардлівасці і няшчырасці ўсіх эстрадных зорак агулам. Мусіць, наша доўгая ды нязмушаная гутарка са сп.Анжэлікай, якая адбылася тыдзень таму ў шыкоўным нумары гатэля "Мінск", дзе яны з мужам зазвычай спыняюцца, завітваючы на Беларусь, можа гэты стэрэатып абвергнуць. Спявачка аказалася надзіва прыязнай і абаяльнай інтэрв'юэнткай.

"Усё вырашаць тыя тры хвіліны"

Спярша мы, вядома, распыталі яе пра апошнія навіны вакол "Еўрабачання", падрыхтоўка да якога стала сапраўдным стрыжнем у сённяшнім жыцці Анжэлікі. Напярэдадні прылёту ў Мінск спявачцы давялося ўзяць удзел ва ўкраінскім тэлешоу "Песня года", якое, па шчаслівым збегу абставін, прайшло ў кіеўскім Палацы спорту - акурат на той самай пляцоўцы, дзе неўзабаве прагрыміць "Еўрабачанне".
Мы пацікавіліся ўражаннямі ад гэтага месца ды рэакцыяй тамтэйшай публікі на ўпершыню прадстаўленую ёй конкурсную песню.
- Рэакцыя была бурлівай, - усміхаецца яна. - Можна сказаць, песня адразу прыйшлася да густу. Мне вельмі спадабалася пляцоўка. Я баялася, што ажно патану ў гэтай бездані - бо зала разлічаная на васемнаццаць тысяч чалавек! Але месца гэтае аказалася вельмі цёплым ды ўтульным. Цудоўныя дэкарацыі, абсталяванне, шмат украінскіх і замежных зорак... Цікавасць да "Еўрабачання" там, вядома, ужо адчуваецца - падобна, уся Украіна жыве гэтым фэстам.

- Прагнозы адносна ходу конкурсных падзей не робіць цяпер толькі лянотны. Як вы да іх ставіцеся?
- Натуральна, я ўжо пазнаёмілася з усімі песнямі, якія возьмуць удзел у фэсце. Узровень большасці з іх вельмі высокі. Таму, мяркую, гэта будзе цудоўная імпрэза. Мне давядзецца сутыкнуцца з годнымі супернікамі - зрэшты, не вельмі сюды пасуе гэта слова.
Пераможцу ж абірае публіка - і больш нічога тут не дадасі. Ніхто цяпер не можа прадказаць, якімі будуць яе ўпадабанні. Таму спецыялісты ад прагнозаў наогул устрымліваюцца, а да таго, што пішуць у Інтэрнеце на розных форумах (якія я ўважліва праглядаю), надта сур'ёзна ставіцца не выпадае. Усё вырашацьтыя тры хвіліны, якія кожны з нас будзе на сцэне. Гісторыя "Еўрабачання" дае нам багата прыкладаў таго, калі выканаўца, які ў "папярэднім заліку" плёўся ў хвасце, раптам узыходзіў на п'едэстал. А той, каму прарочылі перамогу, апынаўся аутсайдэрам. Усё ва ўладзе Божай.

- Вам пашчасціла папрацаваць у знакамітай студыі "Abbey Road", дзе калісьці стваралі свае шэдэўры "бітлы". Якія ўражанні?
- Трымценне ў душы, у сэрцы і свядомасці. Тыя сцены і сапраўды нібы намоленыя легендарнымі людзьмі, вялікімі музыкантамі. Што абавязвала. "Эбі Роуд" - гэта цэлы студыйны комплекс, але мы працавалі ў студыі нумар два - менавіта ў "той самай" студыі! Прадзюсеры, якія з намі супрацоўнічалі, казалі, што шмат якія сусветныя зоркі, трапляючы туды, літаральна гублялі мову і не маглі нічога запісаць. У нас жа ўсё атрымалася цудоўна, і сваю справу мы зрабілі хутка. Хаця мне было вельмі складана - перадусім праз англійскую мову. Каб навучыцца спяваць па-англійску, давялося наноў вучыцца спяваць.

- Дарэчы, гэта "хранічная" праблема "Еўрабачання" - большасць выканаўцаў спявае па-англійску, але ж з "нацыянальным" акцэнтам. Што вельмі не падабаецца карэнным носьбітам мовы.
- Так, у Інтэрнеце мне даводзілася чытаць пэўныя прэтэнзіі да свайго пранонсу. Аднак, думаю, яны будуць цалкам ліквідаваныя. Мой выкшталцоны педагог па вакале Сэмі Джэй была здзіўленая тымі поспехамі, якія я раблю. А калі мы паказалі запіс "Boys and Girls" прэзідэнту кампаніі "SBN", той здзівіўся яшчэ болей: маўляў, славяне так не могуць спяваць па-англійску. I тым не меней, я буду працягваць удасканальвацца. Сэмі неўзабаве прыедзе да мяне ў Маскву, і там мы будзем цэлы тыдзень з ёй займацца. З'явіцца яна і ў Кіеве непасрэдна перад конкурсам.
Дарэчы, пра розныя перасуды. Я вельмі ўважліва выслухоўваю ўсе крытычныя заўвагі ды, карыстаючы нагодай, хачу выказаць шчырае слова падзякі ўсім нядобразычліўцам. Вы даяце мне магчымасць звярнуць увагу на недахопы, і ў мяне ёсць час на тое, каб іх выправіць.

- Каманда, з якой вы рыхтуецеся да выправы ў Кіеў, інтэрнацыянальная - у ёй ёсць і англічане, і грэкі, і рускія... Ці лёгка вам удаецца знаходзіць агульную мову?
- Творчыя людзі і без таго размаўляюць на адной мове, і таму ў нас не ўзнікае абсалютна ніякіх праблем. Творцы - людзі інтэрнацыянальныя, і паміж імі не павінна ўзнікаць ніякіх непаразуменняў. Наша каманда сабралася зусім выпадкова - але выпадковасцей не бывае! У ёй былі задзіночаны людзі, блізкія па духу, па светапоглядзе, па сваіх густах і інтарэсах. Мы аднадумцы, якія дзівосным чынам знайшлі адно аднога. Прыкладам, грэчаскія аўтары пабачылі мяне па тэлевізары - я брала ўдзел у адборачным туры ад гэтай краіны. Яны сустрэліся са мной і прапанавалі сваю песню - блізкую мне па духу, па настроі, і таму я з радасцю пагадзілася яе выконваць. Праз гэткі шчаслівы збег абставін пакуль у нас усё атрымліваецца. Дзякаваць Богу.

Гісторыя Папялушкі

- Падчас знаёмства з вашай біяграфіяй у свядомасці фармуецца вобраз Папялушкі, у якой, тым не меней, усё атрымліваецца - за што б яна ні бралася.
- А ведаеце, чаму ў Папялушкі ўсё атрымлівалася? Бо яна вельмі шмат працавала. Працавала цэлымі днямі і спала па дзве-тры гадзіны ў суткі. Тое самае і са мной. Спаць мне цяпер даводзіцца пераважна ў самалётах, і зусім няшмат. Каб я "лежала на печи и раскрашивала кирпичи", у мяне б нічога не атрымлівалася. Вядома, удача таксама адыгрывае сваю ролю. Але за пятнаццаць гадоў, праведзеных на сцэне, я ўсё болей і болей пераконваюся: прафесія артыста вельмі складаная. Лёгка спарадзіць песню-аднадзёнку і здабыць вядомасць, але складана заставацца ў полі ўвагі доўгі час. Мне гэта ўдаецца - пра мяне пастаянна гавораць, мяне любяць, мяне бэсцяць і лаюць. Значыць, я камусьці цікавая.

- Неяк, калі вы пералічвалі ўлюбёныя брэнды ў сферы высокай моды, згадалася гісторыя пра купальнік, зроблены мамай з двух ручнікоў, каб вы маглі ўзяць удзел у конкурсе "Міс Беларусь-88".
- Гэта быў лепшы купальнік у маім жыцці (смяецца). Самы эксклюзіўны, зроблены рукамі любімага чалавека. Гэтаксама яна мне і сукенку пашыла - з двух японскіх шалікау Адзін быў яе, а другі пазычаны ў сяброўкі. Потым шэдэўр "от кутюр" давялося распароць, каб вярнуць шалік. Гэта цудоўныя моманты ў жыцці, і я з радасцю іх згадваю.

- Як тады ставіліся да гэтага конкурсу?
- Вы што, тады гэта была сапраўдная падзея! Уяўляеце, дзяўчаты ўпершыню выйшлі на сцэну ў купальных касцюмах... Увага ўсёй краіны была сфакусаваная на гэтай імпрэзе. Таму, канешне, мне вельмі пашчасціла, што я ўзяла ўдзел у першым на Беларусі конкурсе прыгажосці - бы ў казцы, я прачнулася вядомай. Пра маю перамогу і пагэтуль памятаюць - бо, як Гагарын, я была першай.
Увогуле, я нават і ўявіць не магла, што здолею ўзяць удзел у конкурсе прыгажосці. Я ніколі не асацыявала сябе са словам "красуня". Усё было настолькі непрадказальна... Хаця ў дзяцінстве і юнацтве мне вельмі падабалася марыць - зрэшты, і цяпер гэта мой улюбёны занятак. I ўсе мае мары ажыццяўляліся! Тыя карціны, якія малявала маё ўяўленне, ставаліся явай! Неверагодна, ці не так?

- А як на вашы мары ўплывала няўмольная рэчаіснасць? Наколькі даводзілася чуць, карона, якой вас узнагародзілі, была зробленая з кардону...
- Ну і што? Тады яшчэ ніхто нават і не ведаў, якой павінна быць сапраўдная карона. Бы ў казцы пра Папялушку, мяне апранулі ў шыкоўную сукенку, пантофлі, упрыгожылі каронай. А калі баль скончыўся і гадзіннік прабіў дванаццаць... Усё знікае і застаецца адно твая будзённая спаднічка. Я спазнавала гэтае жыццё крок за крокам, ад выпадку да выпадку, ад сітуацыі да сітуацыі. I ўсё адбывалася лагічна. Калі я выйграла конкурс "Місіс Расія-2002", на маю галаву ўсклалі ўжо сапраўдную залатую карону з дыяментамі. Але і першая ўзнагарода для мяне вельмі дарагая. Даражэйшая за россыпы каштоўных камянёў.

- Які з конкурсаў прыгажосці быў для вас самым яркім?
- Вядома ж, першы. Тады мне раз-пораз здавалася, нібы сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Тэлеаператары потым казалі, што не маглі працаваць, бо я ажно дрыжэла ўся, калі стаяла ля трона (Анжэліка пагружаецца ва ўспаміны). Публіка раве, фотабліскавіцы шчоўкаюць штоімгненна, вядучы прамаўляе мой нумар... Да такога эмацыйнага напалу, да гэтых лаўраў я была тады не гатовая.

- Таму конкурс "Міс-фота СССР", у якім вы таксама перамаглі, столькі ўражанняў ужо не пакінуў?
- Так. Я патрапіла туды ізноў нечакана для сябе самой. Тады я ўжо была вядомым чалавекам, салісткай ансамбля "Верасы", ды ў якасці госця брала ўдзел у конкурсе "Міс Беларусь". Членамі журы там былі прадстаўнікі конкурсу "Міс-фота СССР". Яны падышлі да мяне ды прапанавалі ўзяць удзел. Адразу я адмовілася - мне гэта ўжо было непатрэбна, бо хапала на той час іншых спраў. Але намаўлялі яны мяне вельмі доўга, і ў выніку здымачнай групе давялося прыязджацьу Мінск. Скончылася ўсё перамогай.
На мяне ўскладалі вялікія надзеі, але... мая кар'ера ў мадэльным бізнесе была няўдалай. У пэўным сэнсе, мне проста не пашанцавала. Тады ўсё гэта толькі пачыналася, і ніхто не ведаў розных немалаважных нюансаў. Нашых дзяўчат почасту прадавалі ў няволю за тры капейкі, і гэта спараджала неймаверную колькасць скандалаў.
Я свой кантракт, які мне быў прапанаваны ў Італіі, падпісваць адмовілася. Чаму? Бо была падрыхтаванай. Знаёмы фатограф з Прыбалтыкі даў мне своечасовую кансультацыю, што трэба рабіць у гэтым выпадку. I толькі дзякуючы яму я не патрапіла ў прыкрую сітуацыю. Я ведала, што мушу прывезці кантракт дадому, перакласці яго на рускую, заверыць копію ў натарыуса, каб туды потым не дадалі няўзнак пару "лішніх" радкоў. I пагадзілася толькі на такі варыянт. Ён нікога не задавальняў.
Лебядзінай песняй у маёй кар'еры фотамадэлі стаў такі эпізод. Мне прапанавалі зняцца напаўаголенай разам з карабінерамі для часопіса "Republica". Я была маладой, дзёрзкай... Да таго ж, у адрозненне ад нашых дзяўчат, якія, трапляючы за мяжу, вар'яцелі ад жуек ды апельсінавага соку, я адчувала сваю самакаштоўнасць. Таму і заявіла: маўляў, у вас не хопіць грошай, каб заплаціць мне ганарар за гэтую фотасесію. Ад такога нахабства іх ажно перасмыкнула.
Мне доўга пагражалі. Абяцалі забраць карону. Але я не здавалася: калі вы хочаце пазбавіць мяне тытула "Міс-фота СССР" за тое, што я адмовілася зняцца ў непрыстойным выглядзе, - калі ласка! Я прадстаўнік вялізнай краіны, я яе твар і таму абавязана трымаць марку. У выніку, працадаўцы проста страцілі да мяне цікавасць - бо зразумелі, што я не сляпое кацяня, якое можна тыцнуць у любы сподачак. Мне купілі квіток на самалёт, і я вярнулася дадому, каб далей спяваць свае песні. Хаця, канешне, была вельмі засмучаная з прычыны такой няўдачы. Дый не дзіва: калі б усё склалася іначай, у мяне быў шанец зрабіць больш чым сур'ёзную кар'еру мадэлі.

- Скажыце шчыра: а вы не папракалі сябе потым за такую прынцыповасць?
- Ніколі. Для мяне самае важнае - гэта пражыць жыццё ў згодзе з сабой, са сваім сумленнем, са сваімі прынцыпамі. Такая ўжо я ад прыроды. Я ні ў якім выпадку не ішла ні на якія кампрамісы з сабой, ніколі сабе не здраджвала. I гэтым ганаруся. Таму мне не сорамна глядзецца ў люстэрка.

"За сваё жыццё я раскруціла два "брэнды""

- Вам пашчасціла патрапіць у ансамбль "Верасы", які на той момант меў усесаюзную папулярнасць...
- Тое, што буду спяваць у ансамблі "Верасы", я ведала ў трэцім класе.

- ?!
- Гэта ўсё тыя мары, пра якія я вам расказвала. У тыя часы, як вы ведаеце, ладзіліся штогод "навагоднія ёлкі". Усіх школьнікаў вазілі на тыя прадстаўленні, і памятаю, як на адным з іх выступаў ансамбль "Верасы". Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч спявалі "Развітальны баль", і я, седзячы ў зале, думала: "Чаму ж мяне няма на сцэне? Я б праспявала гэту песню лепей!" Уяўляеце, дзевяцігадовая дзяўчынка, якая не ведала ні кім яна будзе, ні куды яе занясе лёс, думала такое. А праз гады я стаяла на той самай сцэне і спявала гэтую ж песню...

- Ансамбль "Верасы" - гэта часы вашага станаўлення. Але праз пяць гадоў супрацоўніцтва вы наважыліся пайсці са знакамітага калектыву. Лёгка вам далося гэта рашэнне?
- Усё адбылося само сабой. Мне стала зразумелым, што адной будзе прасцей. У той час мне хацелася ўжо самастойна прымаць рашэнні: як спяваць і што спяваць. Падчас працы ў ансамблі я спявала песні толькі аднаго кампазітара (смяецца), а мне вельмі хацелася супрацоўнічаць з іншымі творцамі, развівацца далей.
Калі я пайшла з калектыву, адразу адбыўся мой творчы ўзлёт. Ніхто не ведаў, што так атрымаецца. Мне прарочылі фіяска, і я "намачыла" нямала падушак з той нагоды. Мне здавалася, што калі я такая прыгожая, такая добрая,пачну сольную кар'еру, усе з таго будуць адно радавацца. Але мала хто падзяляў мой натхнёны настрой. I толькі калі я запісала ўласны альбом "Папяровы месяц", зрабіла ўласную канцэртную праграму, усе пачалі гаварыць пра мяне як пра сур'ёзную выканаўцу. Аказваецца, у поспеху "Верасоў" была, у тым ліку, і мая творчая заслуга!
Я вельмі ўдзячна гадам, праведзеным у "Верасах". Вельмі многаму я навучылася ў калектыве. Гэта была добрая, проста ўражваючая школа, якая дазволіла мне далей існаваць.

- Прызнайцеся , вы ніколі не шкадавалі, што не сталі актрысай - хаця некалі мелі такія намеры?
- Чаму ж не стала? Я - актрыса. Толькі ў другім жанры. Я заўжды кажу пра сябе, што я больш актрыса, чым спявачка. Па сваёй сутнасці. I гэта праглядваецца ва ўсіх маіх песнях і вобразах. Я не проста выходжу да мікрафона і спяваю, я здольная куды на большае! Я імкнуся перастварыццаў кожнай песні, надаць ёй адметны вобраз. Многія кажуць: у вас няма адзінага стылю, манеры! А мне і не цікава яе мець! Мне не патрэбны адзіны стыль, манера, твар - мне, як актрысе, цікавыя розныя ролі. У гэтым уся соль. Я цікавая публіцы таму, што не аднабаковая, не аднолькавая і не спяваю пятнаццаць гадоў сто песень як адну. Я кожны раз мяняюся. Сёння - у народным строі з вяночкам, з коскамі, заўтра - элегантная дама, капялюш з вуаллю, пальчаткі, блюз, а паслязаўтра - разбітная хуліганка! I ўсе думаюць: а што ж яна зробіць далей? Мне і самой гэта цікава, бо я няспынна ствараю, развіваюся. Мяркую, на эстрадзе я рэалізавалася куды лепей, чым магла б здзейсніцца ў тэатры. Таму што тады я залежала б ад рэжысёраў. На эстраднай сцэне я сама сабе гаспадыня, сама выбіраю ролі і за свой канцэрт магу сыграць вялікую колькасць спектакляў, кожны з якіх укладваецца ўсяго ў тры-чатыры хвіліны. У сваіх кліпах я была і Клеапатрай, і простай жанчынай: эксцэнтрычнай, рамантычнай, дасціпнай... I мне ўсё гэта вельмі падабаецца.
Хаця прапановы ад тэатраў я атрымлівала, у тым ліку, і ад Рускага тэатра, але з-за недахопу часу я не магла іх прыняць.

- У шоу-бізнесе імя выканаўцы - гэта, свайго кшталту, "брэнд". I мяняць яго вельмі рызыкоўна. Напэўна, вы гэта разумелі, але... усё ж наважыліся пераўтварыцца з Лікі Ялінскай у Анжэліку Агурбаш.
- Так, гэта было няпроста, але, зноў жа, усё адбылося неяк само сабой. Па замустве я ўзяла прозвішча мужа, расіяніна грэчаскага паходжання. Але маё сцэнічнае імя - Ліка Ялінская - на пэўны час не змянілася. Аж пакуль воляй лёсу мяне не "ўгараздзіла" ўдзельнічаць у конкурсе "Місіс Расія - 2002". У гэтую авантуру мяне ўцягнулі нашы сябры Нона і Міхаіл Звяздзінскія. Муж таксама іх падтрымаў, і я вырашыла рызыкнуць, але... пад прозвішчам Агурбаш. Каб у выпадку фіяска статусу Я лінскай нічога не пагражала. Я кардынальна змяніла свой імідж, каб ніхто мяне не пазнаў.
Да паўфіналу мне ўдалося захоўваць інкогніта. Але тут мяне пазналі дзве цырульніцы - высветлілася, што яны з Беларусі. "Калі ласка, нікому не расказвайце!" - папрасіла я іх, і мой сакрэт быў захаваны. Больш за тое, гэтыя цырульніцы дапамаглі мне стварыць такі шыкоўны вобраз, што я выйграла конкурс! I маё сапраўднае імя адразу ж стала вядомым. Паўсюль па Маскве расцяжкі, плакаты, рэпартажы ў газетах... I ўсюды - Анжэліка Агурбаш.
Каб спыніць блытаніну, давялося зрабіць сваё новае імя адзіным. Мне нават стала цікава: два імені - гэта нібы два жыцці. Спачатку ў Беларусі ўсе не маглі прызвычаіцца, і калі мяне абвяшчалі як Анжэліку Агурбаш, публіка не ведала, хто гэта такая. Але цяпер ніякіх непаразуменняў ужо не ўзнікае. I я вельмі задаволена сабой, што не пабаялася і рызыкнула. Атрымалася, за сваё жыццё я раскруціла два "брэнды". Пагадзіцеся, небагата ў каго падобнае атрымалася. Мяркую, за гэта можна сябе паважаць.

- Анжэліка, вы, як сапраўдная летуценніца, не абышлі, мусіць, фантазіямі і конкурс "Еўрабачанне"?
- Ведаеце, я штогод гляджу гэты конкурс і кожны раз уяўляю сябе на сцэне. Але да апошняга часу гэтая мара была для мяне нерэальнай, бо раней Беларусь не брала ўдзелу ў "Еўрабачанні". Сёння яе здзяйсненне становіцца для мяне ўсё бліжэй. Так, я ўжо ўяўляла, як Беларусь стане пераможцай, як мяне ўзнагароджваюць, я вылятаю на сцэну на "біс", навокал беларускія сцягі, усе трыумфуюць, і я вітаю ўвесь свет. Але насамрэч усё, напэўна, трохі складаней...

- Дарэчы, як вы адсвяткуеце свой дзень нараджэння?
- У мяне багата сяброў у Кіеве. пасябравала я і са шматлікімі ўдзельнікамі фестывалю. Калі былаў Грэцыі, спявала разам з прадстаўнікамі Андоры, Мальты, Галандыі... I, натуральна, не абысціся без вечарынкі (смяецца).

Ілля СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.