"Аляксандра і Канстанцін": падобных - няма

14.02.2004
"Культура", 14 лютага 2004 г.


Беларускія Нік Кейв і Кайлі Міноуг? Рыкі Марцін і Крысціна Агілера? Барысаўскаму дуэту "Аляксандра і Канстанцін" немагчыма знайсці аналаг. "А і К" - гэта ўжо з'ява настолькі цэласная і паўнавартасная, арыгінальная і непадобная, што тыя ўлюбёныя "мянушкі", якія часам зрываюцца з вуснаў журналістаў - беларускія "Боні і Клайд", "ВІасkmore's night"... тут не працуюць.
Артысты Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, лаўрэаты прэстыжных фестываляў і конкурсаў, пераможцы адборачнага тура на "Еўрабачанне", Аляксандра і Канстанцін уяўляюць сабой незвычайную сумесь мэтанакіраванасці і рамантычнасці, практыцызму і... датклівасці. Да гэтых "антаганічных інгрэдыентаў" дамешваецца талент і прафесіяналізм, і ў выніку нараджаецца той непадобны вобраз, што і мае назву "А і К".
Напярэдадні Дня ўсіх закаханых прыгожая пара і "фронтмэны" айчыннай эстрады завіталі ў нашую залу "V.І.Р.", каб выпіць кубачак кавы і пагутарыць не толькі на сур'ёзныя тэмы.

- Аляксандра і Канстанцін, не пазбегнуць усё ж пытання пра апошнія падзеі. Трошачкі пра адборачны тур і вашую песню-пераможцу. Вядома, што музыка "Майго Галілея" была напісана яшчэ тры гады таму. Гэта так?

А: - Так. Тады мы яшчэ працавалі з кавер-версіямі амерыканскіх песень: у напрамку "кантры", "блюз". А потым да нас прыйшло натхненне, і мы пачалі апрацоўваць беларускі песенны фальклор. Гэтая песня літаральна "ўклінілася" паміж двума нашымі музычнымі напрамкамі і не стасавалася ні з адным. Але бачылі, што гэта стопрацэнтны "хіт", і вырашылі яго, так бы мовіць, "закансерваваць" да лепшага часу. I час гэты надышоў, калі Беларусь атрьмала магчымасць удзельнічаць у конкурсе "Еўрабачанне".
Тэкст да яе напісаў Аляксей Саламаха. Хочацца падкрэсліць, што гэта быў арыгінальны тэкст на англійскай мове, не пераклад з рускай альбо беларускай... Сэнс песні ў тым, што ўсе мы ходзім па крузе і шукаем новыя гарызонты. Але сэнс жыцця кожнага з нас - адкрыць нешта сваё...

- Чаму вы не спыніліся на беларускамоўнай версіі "Майго Галілея"?

К: - Мы не хацелі змешваць рускую ці беларускую з англійскай мовай, бо гэта, на нашу думку, не зусім правільна. Не працаваў бы той эфект "энергетыкі", што звычайна працуе ў беларускіх песнях, якія мы спяваем.

А: - Беларуская мова моцная, калі яна гучыць аўтэнтычна; калі вытокі яе - народныя. Тэкст у гэтым выпадку мае асаблівы энергетычны зарад. А не тады, калі словы перакладзеныя. Ва ўсялякім выпадку нам хацелася, каб нас зразумелі. Бо акрамя тых людзей, што звяртаюць увагу на музыку песні, ёсць і тыя, для якіх словы - гэтаксама важна. I часам менавіта яны псуюць добрае ўражанне ад песні. Мы ўлічылі ўсе гэтыя нюансы і схіліліся да англамоўнай версіі. I можам дадаць, што перакладу "Майго Галілея" на беларускую, рускую мовы не будзе.

К: - Песня павінна быць толькі такой.

- Якім чынам будуць развівацца падзеі пасля вашай перамогі на адборачным туры? Якіх крокаў чакаць ад вас далей насустрач "'Еўрабачанню"?

К: - Пра далейшыя планы ў гэтым накірунку вам распавядзе Белтэлерадыёкампанія, з якой мы зараз заключылі кантракт. Мы часткова ведаем пра іх задумы, але не хочам раскрываць. Калі будзе зроблена частка працы, абавязкова ўсе пра гэта даведаюцца. Магу толькі сказаць, што будзе здымацца дарагі кліп на нашую песню, і кампазіцыя абавязкова паступіць у ратацыю на радыё. Магчыма, яна ўжо гучыць на "Радыус-FМ".

- 3 гэтым усё больш-менш ясна. А што можаце вы сказаць пра Дзень усіх закаханых?

К: - На нашу думку, 14 лютага - гэта быццам 1 красавіка, толькі на тэму закаханасці. Гэта больш вясёлае, чым рамантычнае свята.

А: - Мяркую, што пачуцці, якія звычайна "ўсплываюць" падчас гэтага дня, не маюць працягу. Мы да гэтага дня ставімся не надта сур'ёзна.

- Але вы святкуеце яго?

А: - Так, калі ёсць час. Ва ўсялякім разе без падарункаў не застаёмся. Нават калі не падрыхтавалі, разам ідзём у краму і пытаемся адзін у аднаго: што ты хочаш? А ты?

- I што падорыце адзін аднаму сёння?

А і К: Сюрпрыз!

- А ці прызапашаны ў вас нематэрыяльныя падарункі? Накшталт песні ці паэмы?

А: - Паколькі мы ствараем музыку разам, таму прысвяціць песню адзін аднаму проста не можам.

- А ў вас ёсць сваё свята?

А: - Так, ёсць. Мы яго памятаем, але нічога такога неверагоднага не выкідваем. Ракеты з балкона не запускаем, у ванне з шампанскім не купаемся - усё вельмі ўтульна, ціха, камерна.

К: - Пакуль хто-небудзь з сяброў не прыйдзе: "Ага, а мы памятаем, што сёння ў вас!". Тады ўжо - не зусім ціха.

- У вас шмат сяброў?

А: - Не вельмі. Але тыя, што ёсць, - сапраўдныя. Яны верылі і вераць у нас з самага пачатку.

- Шоу-бізнес і асабістае жыццё. Часам гэтыя паняцці перашкаджаюць адно аднаму...

А: - Так, гэта няпроста. Але не настолькі складана, каб яны былі несумяшчальнымі...

К: - У нас так склалася, што гэта магчыма: мы маладыя, наша творчасць карыстаецца папулярнасцю, кар'ерныя прыступкі мы праходзім разам паспяхова. Таму ў нас атрымліваецца. Магчыма, у нас будзе пэўны ўзроставы крызіс, але пра гэта не хочацца думаць.

- Як часта, Канстанцін, вы прызнаецеся Аляксандры ў каханні?

К: - Днямі Аляксандра з'ехала ў Мінск (у яе зараз сесія), а я застаўся ў Барысаве. Раніцай я ўжо ёй тэлефанаваў, што засмуткаваў. А яе толькі аднае начы не было са мной...

- А як жа вашы скаргі на тое, каб адпачыць адзін ад аднаго?

К: - А так! Калі разам - хочацца пабыць аднаму, а калі такая магчымасць ёсць, наадварот, - хочацца быць разам.

А: - Быццам бы не хапае часткі цябе...

- А як наконт скандалаў у творчай сям'і? На захадзе вунь адна пара за другой разыходзяцца...

К (смяецца): - Калі пасварымся, мы вам пра гэта абавязкова раскажам.

- Якое самае рамантычнае прызнанне ў каханні, Аляксандра, вам давялося пачуць ад Канстанціна?

А. - (маўчыць).

К: - Не памятаеш? Я таксама не памятаю. Не было ў нас рамантыкі! Усё - бытавуха! (Смяюцца).

А: - Прызнанні - рэч вельмі асабістая. I тое, што часам расказваюць зоркі, іх прыгожыя гісторыі, канешне ж, усяго толькі РR, прадуманы ход. Сапраўднае пачуццё - вельмі інтымнае. Усё, што можам вам сказаць, - гэта тое, што мы пяць гадоў разам, а для творчых людзей - гэта значны тэрмін. Бо тут гэты зарад "плюс" і "мінус" прысутнічае...

К: - I вельмі хутка спрацоўвае...

А: - Тое, што нам удалося захаваць добрыя адносіны і што няма падстаў для таго, каб расстацца, - гэта вельмі многа.

- Ну, а вашы творчыя планы мо не такія асабістыя?

А: - Сёння ў нас ёсць матэрыял і на трэці альбом, але мы скіруем свае сілы, натуральна, на "Еўрабачанне". Тым больш, што другі альбом выйшаў толькі ў кастрычніку, і мы планавалі зрабіць канцэрт-прэзентацыю.

К: - Але для таго, каб зрабіць добры і вялікі канцэрт, неабходна падстава. Магчыма, поспех на еўрапейскім конкурсе і стане той самай інфармацыйнай падставай. I прывабіць больш людзей да нашай творчасці.

- Вы, прызнайцеся, верыце ў перамогу на "Еўрабачанні"?

К: - Так, верым. Але ведаем, што дзеля гэтага неабходна шмат працаваць. Мы бачым свае слабыя месцы і будзем іх выпраўляць. Мяркую, што ўсё ў нас атрымаецца.

- Я таксама вельмі на гэтае спадзяюся. I жадаю вам поспеху! I няхай сабе дзень Святога Валянціна свята несур'ёзнае, але ўсё ж знойдуцца ў вас пажаданні ўсім закаханым?

А: - Кахаць адзін аднаго, усміхацца, глядзець у вочы і менш казаць за спіной дрэнных слоў.

К: - Кахання, павагі, каб дарылі адзін аднаму класныя падарункі.

- Напрыклад?

К: - У мяне падчас адной перадачы спыта-лі: калі б я выйграў вялікую суму грошай, як бы яе патраціў? I я адказаў: купіў бы на гэтыя мільёны кветкі для Аляксандры. На маю думку, гэта выдатны падарунак. Ці не так?

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.