Аляксандр Семярнёў: "Я не бачу iншага шляху для таго, каб развiваць нацыянальнае тэлебачанне..."

18.10.2003
"Звязда", 18 кастрычніка 2003 г.


Што думаюць на самiм канале "Лад" аб магчымых зменах на тэлевiзiйным рынку пасля выхаду новага канала ў эфiр? Што наогул будзе ўяўляць сабой новы беларускi канал? Аб гэтым карэспандэнт "Звязды" папрасiў расказаць генеральнага прадзюсара канала Аляксандра СЕМЯРНЁВА.

- Дагэтуль не шмат вядома аб новым тэлеканале. Не было падрабязнай iнфармацыi аб праграмнай палiтыцы "Лада", аб тым, як ён ствараўся...

- Ствараючы канал "Лад", мы грунтуемся на вынiках сацыялагiчных даследаванняў. Паколькi большасць расiйскiх каналаў з’яўляюцца цалкам камерцыйнымi, то ўсе яны кiруюцца прынцыпам: чым больш жорсткiя моманты ў кiно, чым больш страшныя навiны - тым лепш. Такiм чынам нiбыта павышаецца глядацкi iнтарэс. Аднак праведзеныя Нацыянальнай тэлерадыёкампанiяй даследаваннi сведчаць аб тым, што глядач ад гэтага ўжо вельмi стамiўся. I мы ўлiчваем гэта, ствараючы новы канал.
Другая праблема, якую мы вырашаем, ствараючы "Лад", - гэта праблема, якая iснавала з абласнымi тэлерадыёкампанiямi. Трэба сказаць шчыра, часта яны працавалi на нелiцэнзiйным прадукце. I сiстэмнае аб’яднанне iх у адзiн канал дазволiць вырашыць гэту праблему. Нелiцэнзiйныя прадукты больш выкарыстоўвацца не будуць...
Канал "Лад" з самага пачатку задумваўся як спакойны, добры канал. Акрамя таго, што на iм не будзе прадукцыi з агрэсiяй, гвалтам, мы ставiм перад сабой яшчэ i адукацыйныя мэты. На канале будзе шмат адукацыйных праграм, як для дзяцей, так i для дарослых. Мы арыентуемся на сям’ю, а яе складаюць тры ўзроставыя групы - дзецi, таты i матулi, а таксама бабулi i дзядулi. Праграмы новага канала дазваляюць задаволiць iнтарэсы ўсiх гэтых груп.
У будныя днi ў рэгiёнах эфiрны дзень будзе пачынацца з мясцовых навiн, а потым будзе выходзiць ранiшнi рэгiянальны блок, да якога прызвычаiлiся рэгiянальныя гледачы. Пры гэтым праграмы ранiшняга блока будуць пабудаваныя так, каб, напрыклад, дапамагчы людзям разбудзiць дзiця (пакажам мультфiльм), альбо даць нейкiя карысныя парады людзям на дзень, пакуль яны збiраюцца на работу... Далей будзе выходзiць блок для жанчын, у якiм будзе расказвацца пра ўсё, што iх цiкавiць, пачынаючы ад выбару тавараў у магазiне i заканчваючы касметычнымi парадамi. Удзень будзе iсцi праграма для сям’i, прысвечаная выхаванню, адукацыi. Гэта будзе iнтэрактыўная праграма ў прамым эфiры. Увечары тэлегледачы пабачаць праграму, якая, гэтак жа як i раняшняя, будзе iсцi па рэгiянальнаму прынцыпу (у Мiнску i вобласцi - свая, у iншых абласцях - свае праграмы). Гэта праграма павiнна быць з сацыяльным ухiлам. У ёй будуць разглядацца, напрыклад, камунальныя праблемы, праблемы транспарту i г.д.
На "Ладзе" таксама будзе вялiкi культуралагiчны блок, перадачы якога будуць прысвечаныя гiсторыi, мастацтву i г.д. Гэтымi праграмамi мы будзем iмкнуцца абудзiць у людзей гонар за краiну, у якой яны жывуць, за беларускi народ. Мы збiраемся мэтанакiравана працаваць у гэтым накiрунку.
На канале будзе менш палiтыкi, чым, напрыклад, на Першым нацыянальным тэлеканале. Што датычыцца навiн, то ў кожным рэгiёне ў гледачоў будзе магчымасць глядзець навiны свайго рэгiёна. У Вiцебску будуць iсцi навiны Вiцебшчыны, у Мiнску - навiны Мiнска i вобласцi... Што гэта нам дасць? Думаю, такiм чынам мы зможам максiмальна наблiзiцца да таго, што цiкавiць гледача. Бо яму, безумоўна, больш цiкава тое, што адбываецца ў яго горадзе, на яго вулiцы, а не тое, што адбываецца недзе далёка...

- Чаму для канала была выбрана назва "Лад"? Цi былi iншыя варыянты?

- Назва "Лад" атрымала максiмальную колькасць станоўчых адзнак пры правядзеннi намi апытанняў тэлегледачоў у краiне. Адбылося гэта, мабыць, таму, што назва асацыiруецца ў людзей з думкай аб тым, што ўсё будзе добра... Таксама шмат людзей падтрымалi назву "Сям’я". Аднак складанасць з гэтай назвай у тым, што яна крыху абмяжоўвае тэматыку тэлеканала.

- Якое месца адводзiцца беларускай мове на тэлеканале "Лад"?

- Мы жадаем выхоўваць павагу да беларускай мовы. I, дарэчы, падчас нашых даследаванняў даволi вялiкая колькасць тэлегледачоў выказалася за тое, каб, напрыклад, дзiцячыя праграмы выходзiлi на беларускай мове. Таму на нашым канале частка дзiцячых праграм будзе на беларускай мове. Многiя культуралагiчныя праграмы - таксама.
Аднак, напрыклад, вячэрняя "сацыяльная" праграма будзе выходзiць на рускай мове, бо не ўсе людзi, якiя нам будуць тэлефанаваць, свабодна размаўляюць па-беларуску. У той жа час мы паставiлi задачу перад вядучымi ўсiх прамых эфiраў размаўляць па-беларуску, калi да iх будуць звяртацца на беларускай мове. Што датычыцца навiн, то яны таксама будуць выходзiць на беларускай мове...
Наогул, мы будзем iмкнуцца павялiчваць колькасць праграм на беларускай мове. Аднак галоўнае, каб беларуская мова была на высокiм узроўнi. Гэта прынцыповая пазiцыя. Гэта прынцыповая пазiцыя не толькi нашага канала, але i ўсёй Нацыянальнай тэлерадыёкампанii.

- Як, на ваш погляд, зменiцца тэлевiзiйны рынак Беларусi пасля з’яўлення канала "Лад"? Цi разлiчваеце вы на тое, што частка гледачоў вашых канкурэнтаў адыдзе да "Лада"? Як вы можаце пракаменцiраваць думку аб тым, што "Лад" не зможа прыцягнуць да сабе гледачоў СТБ i АНТ, а проста перацягне частку аўдыторыi Першага нацыянальнага канала?

- Я ўпэўнены, што пераразмеркаванне аўдыторыi памiж каналамi адбудзецца абавязкова. I гэты працэс закране ўсе каналы. Пры гэтым я не згодны з тым, што аўдыторыяй "Лада" будзе толькi частка аўдыторыi Першага канала. Думаю, аўдыторыя канала будзе сфармiраваная з розных груп гледачоў розных каналаў.

- Многiя вашы калегi-тэлевiзiйнiкi выказваюць шкадаванне аб тым, што будзе страчаны высокапрафесiянальны i некамерцыйны канал "Культура". Думаю, вялiкая частка тэлегледачоў таксама будзе шкадаваць аб гэтым...

- Што датычыцца Мiнска, то гэта, канешне, вострае пытанне. Аднак сёння ўвесь частотны рэсурс належыць дзяржаве, i стаiць задача развiваць нацыянальнае тэлебачанне. У той жа час Белтэлерадыёкампанiя аплачвае трансляцыю расiйскiх каналаў. Гэта нармальна? Я думаю, што не.
Магчыма тое, што "Лад" будзе выходзiць на частотах "Культуры" - гэта не самае чаканае рашэнне. Але я не бачу iншага шляху для таго, каб развiваць нацыянальнае тэлебачанне. Да таго ж спадарожнiкавае тэлебачанне i кабельныя сеткi дазваляюць сёння глядзець расiйскiя каналы.

- Думаю, не памылюся, калi скажу, што вялiкая частка гледачоў тэлеканала "Культура" - гэта iнтэлiгенцыя. I наўрад цi сёння яна ў стане набыць сабе спадарожнiкавыя талеркi...

- Трэба сказаць, што аўдыторыя "Культуры" ў цэлым па Беларусi зараз не перавышае трох працэнтаў. Яго глядзяць у асноўным жыхары Мiнска, а таксама Вiцебска i iншых абласных цэнтраў. I ў гэтых гарадах сёння дастаткова развiтое кабельнае тэлебачанне. Таму ў людзей будзе магчымасць глядзець беларускi нацыянальны тэлеканал "Лад" - i адначасова большасць з iх будуць мець магчымасць глядзець "Культуру" па кабелю.
Наогул, я не думаю, што гэта вялiкая траўма для большасцi людзей. Я згодны, што лепш мець больш каналаў. Але iснуе рэальнасць, i, думаю, зыходзячы з рэальнай сiтуацыi, Белтэлерадыёкампанiя прыняла правiльнае рашэнне.

Сяргей КУЗНЯЦОЎ.