Аксана Вечар: "У глыбінцы дакранаешся да сапраўднага, істотнага і грунтоўнага..."

29.08.2013
"Белорусская нива", 29 августа 2013 г.


Праграма "Наперад у мінулае" пераносіць нас у беларускую глыбінку.
Яе героі - фальклорныя калектывы, носьбіты аўтэнтычнай культуры. Штотыднёва разам з вядучай праекта Аксанай ВЕЧАР, якая распавядае не толькі пра ансамблі, што захавалі ў вёсках песенную спадчыну, мы кіруем ў падарожжа па Беларусі, даведваемся пра гісторыю і знакамітых людзей тых мясцін, адкуль ідуць здымкі, любуемся на маляўнічыя краявіды, даведваемся пра абрады і народныя рамёствы. Апошнія выпускі вяліся з Валожынскага, Акцябрскага, Расонскага раёнаў. Дарэчы, праект "Напераду мінулае" з 1 ліпеня пераехаў з тэлеканала "Беларусь 2" на "Беларусь 3".

- Аксана, як змяняўся праект з моманту выхаду ў эфір, са студзеня 2012-га?
- Спачатку да нашых жанчынак мы вазілі з сабою зорак эстрады, і для вяскоўцаў гэта было сапраўднае свята. Пазней для артыстаў перапрацоўвалася песня, якую яны выконвалі ў фінале праграмы...

- Хто з вядомых артыстаў пабываў з вамі у рэгіёнах?
- Прасцей сказаць, хто не пабываў. Што тычыцца пап-зорак, то з намі вандравалі: Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка і Алеся, Жанэт, Вянера, абодва Хлястовы...

- А "Песняры"?
- Вось яны - не ездзілі. Мы не ведаем, што новага могуць зрабіць "Песняры". І ці будзе гэта цікава? І наколькі? Калі, да прыкладу, кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Слава Шарапаў звернецца да нас і скажа, што ім цікава паехаць з намі, то мы іх возьмем з задавальненнем. Дарэчы, у нас была размова з Валерам Дайнэка з "Беларускіх Песняроў". Ён шчыра адказаў: таксама так шмат працаваў у гэтым жанры, што не ведае, ці можна яшчэ нешта новае зрабіць...
А, напрыклад, як узяць Алега Хаменка і яго групу "Палац"? Што ён будзе рабіць у нашым праекце? Ён застанецца Хаменкам. Калі мы бяром Ганну Шаркунову, яна ў нас будзе зусім іншая, таму што падобных песень да гэтага часу не спявала. Таму нам цікава з артыстамі, якія з фальклорам мала працавалі. Нам патрэбен нейкі эксперымент.

- Дык усё ж, што змянілася ў праекце?
- Мы адмовілся вазіць з сабой артыстаў. Таму што калі раней ездзілі па Мінскай вобласці, ім неяк можна было выехаць з намі. А зараз мы пашырылі геаграфію здымак. Зразумела: чым далей ад'ехаў ад Мінска, тым больш знойдзеш цікавага. Таму артысты цяпер прыходзяць толькі ў студыю гуказапісу, дзе ім паказваем матэрыял, які ўзялі ў вёсках. Яны яго пераглядаюць і паралельна каментуюць. Гэтыя моманты паказваем у праграме, і ствараецца ўражанне, што артысты прысутнічаюць на месцы здымак разам з намі.
А другі вядучы праекту - Юрый Вашчук - болей не ездзіць у вёскі. Мы падзялілі сферы дзейнасці. Я займаюся выключна фальклорнымі калектывамі і выканаўцамі, а Юра працуе ў студыі.

- Якія рэгіёны ахапілі? Дзе больш спадабалася?
- Пабывалі ва ўсіх абласцях. Больш за ўсё прыйшлася да спадобы Любань. Мы там частыя госці. Наведаліся ўжо трэці раз. Па-першае, там сапраўдная песенная скарбніца. Па-другое, там жыве знакаміты збіральнік фальклору Сяргей Выскварка. Калі мы яму кажам, што праз два-тры гады на Любаншчыне не будзе чаго здымаць, ён пярэчыць: "Я па Любанскім раёне езджу пятнаццаць гадоў і кожны раз знаходжу нешта новае". Там вельмі цікавыя калектывы, фальклор. І, самае галоўнае, ёсць людзі, якім цікава аўтэнтычная культура. Сяргея Выскварку ведае ўся Беларусь. Ён знаходзіць агульную мову з любой бабуляй, нават сам з'яўляецца распаўсюджвальнікам фальклору - у адным месцы запісвае новую песню, едзе ў другое і там яе аддае спевакам. Да таго ж на Любаншчыне ў сферы культуры працуе Васіль Каткавец, які таксама апантаны сваёй справай.
Вельмі цікава наведвацца ў Жыткавічы і Тураў, Полацкі раён. Шмат куды. У Жыткавічах адна бабулька ўспамінала: "Лучанок з Мулявіным да нас прыехалі і яшчэ там нейкага хлопца прывязлі, таго, што "Волагду" спяваў. Дык мы яму кажам: "Ты нам "Волагду" заспявай, тады і мы табе будзем нешта выконваць. І ён нам "Волагду" зацягнуў. І так прыгожа, так падобна на тое, як па тэлевізары выконваў..."

- Аксана, мінулы раз, калі мы размаўлялі, вы казалі, што паедзеце ў Мір, дзе нарадзіліся...
- Не атрымалася. Ехаць дзеля запісу аднаго калектыву не варта. Таму лепш знайсці два-тры раёны, якія знаходзяцца побач, каб у кожным хаця б па аднаму аўтэнтычнаму калектыву запісаць. Дарэчы, мы здымаем і самадзейнасць, калі ў іх ёсць цікавыя песні, якіх мы раней не чулі.

- Пасля Любані калі адправіцеся зноў у дарогу і куды?
- У адной паездцы здымаем адразу некалькі праграм "Наперад у мінулае". Нядаўна былі ў Ганцавічах, Івянцы. У наступны раз адправімся ў дарогу толькі ў кастрычніку. Дарэчы, у Івянцы большасць песень нам выконвалі на польскай мове, якой, натуральна, не ўсе нашы артысты валодаюць. Але адну песню ўсё ж наспявалі на роднай мове, на ёй мы і спыніліся.

- Аксана, хто глядач праграмы "Наперад у мінулае"? Ці цікавіцца ёй моладзь?
- Калі прыязджаем у любы раён, дзе нават да гэтага не былі, заўсёды чуем: "О, нарэшце! Вы для нас самыя жаданыя госці, мы вас доўга чакалі!" Адчуваецца, што ёсць сапраўды глядач у праграмы. А ў сацыяльных сетках адпісваюцца больш маладыя людзі, якія таксама ўдзячныя за праект. Гэта вельмі прыемна.

- Узрост вашай аўдыторыі самы розны?
- Так. Колькі людзей цікавяцца сваёй спадчынай, прыкладна столькі ў нас і гледачоў. І яшчэ людзі, якія жывуць у вёсках. Яны чакаюць нашага прыезду, бо мы часта ездзім па вёсках, якія выміраюць. Там мала што адбываецца, таму кожны наш прыезд - гэта для іх свята... Калі збіраліся ехаць у Любань, каб не губляць часу, вырашылі заехаць у Слуцкі раён. Там нам сказалі: "Ёсць у нас тры бабуські. Яны ўжо такія старэнькія! Вы іх здыміце, можаце не паказваць нідзе, проста для архіву, для памяці"... Як тут адмовіць?

- Аксана, можа ўспомніце самую цікавую сустрэчу, асабліва каштоўную?
- У нас такіх шмат. Першая сустрэча была з двумя цудоўнымі бабулькамі ў Валожынскім раёне. Адна з іх слоў не ведала, а другая кепска чула. З імі было складана, але мы іх запомнілі на ўсё жыццё. Не таму, што здымалі першую праграму, а таму, што вясковыя людзі настолькі адкрытыя, цудоўныя. Ці ўзяць бабулю Еву ў Акцябрскім раёне. Яна ні ў якіх калектывах не ўдзельнічае, проста з маленства спявае сабе і спявае. Жыве адна. Усё расказала пра сваё маленства, дзявоцтва. Яна ставілася да мяне, як да роднага дзіцяці. Уражваюць такія адносіны.
Ці ўзяць бабульку з Полацкага раёна. Яна выконвае песню, а потым пытаецца: "Ну як? Ці не блага? Ці не горш за іншых людзей, што былі ў праграме?" І мы разумеем, што для яе гэта настолькі важна! Пасля проста цяжка рабіць дрэнную праграму (смяецца).

- Што б яшчэ хацелася ў гэтым праекце зрабіць?
- Больш зняць, больш запісаць, таму што першакрыніцы выходзяць з жыцця, і гэта вельмі сумна. Калі мы сутыкнуліся з народнай песняй, то зразумелі, наколькі гэта цікава і важна. Таму б хацелася зрабіць болей запісаў. Для нас, насамрэч, ёсць азарт запісаць такую песню, каб яна гучала па-іншаму, каб мелодыя была незвыячайная, каб болей ніхто да гэтага яе не чуў. І сапраўды, мы шмат такіх песень запісвалі. Шкада, што не заўсёды нашыя густы супадаюць з густамі артыста, які па ўмовах праекта выбірае песню, якую ён будзе спяваць. І шкада, што многа цікавых песень імі не выконваецца. Мы іх спрабуем укідваць у Інтэрнэт...

- Вось мы кажам, што спяваюць у вёсках бабулі. А мужчыны?
- Іх вельмі мала. З тых людзей, што мы здымалі, іх можа толькі пяць адсоткаў. Не жывуць мужчыны доўга ў нас. А калі і ёсць доўгажыхары, то не заўсёды яны імкнуцца спяваць.

- А ці спяваюць разам з бабулямі ўнукі?
- Бывае. І маладыя кабеты. І дзіцячыя калектывы, якія таксама ездзяць у экспедыцыі па вёсках да носьбітаў фальклору, праслухоўваюць песні, запісваюць іх і пасля выконваюць. І дзеці спяваюць і абрадавыя, і побытавыя песні. Падобны выдатны калектыў мы запісалі ў Акцябрскім раёне...

- Аксана, што асабіста вам дае гэты праект?
- Для мяне гэта такое натхненне! Калі вырываешся за межы горада, адчуванні такія выдатныя, што не выказаць словамі. Таму што ты дакранаешся да чагосьці такога сапраўднага, істотнага і грунтоўнага. Гэта заўсёды нейкае адкрыццё.

Вера ГНИЛОЗУБ, "БН".