Ад пернікаў і дыскаў да сукенак-трансформераў: чым адзначыліся нашы артысты на "Еўрабачанні"?

11.05.2015

"Звязда"

"Любімае шоу хатніх гаспадынь", "міжнародная гей-тусоўка" і пры тым найбуйнейшае і, бадай, самае папулярнае неспартыўнае мерапрыемства ў свеце - гэта ўсё пра яго. Сёлета Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне" адзначае 60-гадовы юбілей і абяцае прайсці з небывалым размахам.

Гісторыя ўдзелу Беларусі ў 5 разоў карацейшая за гісторыю самога конкурсу - для нас майскае шоу стане толькі 12-м. З гэтай прычыны скардзіцца на беспаспяховасць спробаў скарыць песенны алімп беларусам зарана - ёсць удзельнікі са значна большым "стажам", якім дагэтуль перамога толькі сніцца. З іншага боку, пэўны вопыт за мінулыя гады Беларусь усё ж такі назапасіла - і кожны год тыя ці іншыя прадзюсары або выканаўцы сцвярджаюць, што ўжо цяпер яны ведаюць, як "праняць Еўропу"… Давайце прыгадаем, хто з беларускіх канкурсантаў чым спрабаваў уразіць і заваяваць сімпатыі суддзяў і публікі?

Роля першых ластавак - і першых мішэняў крытыкі - дасталася ў 2004-м дуэту "Аляксандра і Канстанцін". Як назнарок, менавіта ў гэты год у сувязі з вялікім наплывам удзельнікаў арганізатары змянілі правілы і падзялілі конкурс на паўфінальны адбор і фінал. Беларусы, якія прывезлі на шоу нацыянальны каларыт ("народны" голас Аляксандры Кірсанавай ды акарына), уборы ад Івана Айплатава і сціплы промапакет (дыскі, каляндарыкі, плакаты), апынуліся на 19-м месцы і ў фінал не прайшлі. Ну што ж, - бывае, справа жыццёвая. Але, відаць, наступная прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні", Анжэліка Агурбаш так не думала і разгарнулася, што называецца, напоўніцу: памножыўшы ўласныя амбіцыі на немалыя мужавы грошы, спявачка двойчы мяняла песню, харэаграфію і нават дызайнера сцэнічнага ўбору… Але ні сукенка-трансформер за 40 тысяч долараў ад Юдашкіна, ні шыкоўная вечарынка на цеплаходзе, ні проматуры на прыватным самалёце, ні прадзюсарскае "апякунства" Філіпа Кіркорава не дапамаглі Анжэліцы вырвацца за межы паўфіналу. Не назавеш удалым і выступленне на "Еўрабачанні-2006" Паліны Смолавай - ва ўспамінах ад яго засталіся хіба толькі назва песні "Мама" і дзіўны чырвоны ўбор (ці то піжама, ці то шорты на мяжы прыстойнасці). А вось у Дзімы Калдуна на "Еўрабачанні-2007", відаць, правільна склаліся зоркі. Пазнавальнасць на постсавецкай прасторы, удалая змена іміджу, падтрымка расійскага "поп-караля" Філіпа Кіркорава, прома-прадукцыя - цукеркі і бальзам у адмысловым "Куфары Ведзьмака" - усё сыграла ў плюс. Нават прадзюсарскія скандалы вакол маладога артыста. Вынік, які дагэтуль застаецца найлепшым за ўвесь час удзелу Беларусі ў шоу - 6-е месца ў фінале.

Далей - о, далей пайшла, так бы мовіць, цыганачка з выхадам. Штогод прадзюсары фантаніравалі ідэямі: то зрабілі ў 2008-м з Руслана Аляхно "хлопчыка на шары", а ў якасці прома-прадукцыі парадавалі Еўропу беларускім зефірам і бялізнай (замежная прэса, кажуць, была ў захапленні, але на вынік гэта не паўплывала - 17-е месца ў паўфінале), то прыдумалі для Пятра Ялфімава танцорку з "крыламі" і глазіраваныя сыркі з марожаным у якасці падтрымкі (вынік - 13-е месца ў паўфінале і сапсаваныя стасункі выканаўцы з усёй астатняй дэлегацыяй). Пасля скандальных унутрыкамандных "разборак" у 2010-2011 гадах выканаўцаў рыхтавалі ўжо зусім іншыя людзі і абодва разы тэлеканал АНТ рабіў унутраны адбор. Спачатку прапанавалі варыянт "прыгожа і багата": песню спецыяльна створанаму пад конкурс гурту "3+2" пісаў расійскі кампазітар Максім Фадзееў, ён жа здымаў нятанны кліп, акампаніраваў вядомы шведскі піяніст Роберт Уэлс, дзяўчатам пашылі з японскага шоўку ўнікальныя сукенкі-трансформеры з крыламі матылькоў, а ў прома-пакеты ўвайшлі музычныя цацкі-матылькі, парфума, майкі, ласункі. Як вынік - 9-е месца ў паўфінале і перадапошняе, 24-е, у фінале. На наступны год зрабілі з дакладнасцю наадварот, "танна і сярдзіта": песню для студэнткі з Дзяржынска Насці Віннікавай пісалі свае, беларускія, аўтары, у нумар дабавілі нацыянальны каларыт - цымбалы, з прома-прадукцыяй не мудрылі… Але ўсё адно вышэй за 14-е месца ў паўфінальным рэйтынгу Беларусь не паднялася.

Наступныя некалькі гадоў нацыянальны беларускі адбор на "Еўрабачанне" праходзіў у рэжыме "дадзім перцу" - скандал на скандале. Так, у 2012-м сітуацыя з падтасоўкай галасоў у глядацкім галасаванні вырашалася на самым высокім узроўні. Для гурта "Lіtesound" прага справядлівасці абярнулася выйгранай пуцёўкай на конкурс, але прайгранай бітвай - 15-е месца ў паўфінале і не надта добрая рэпутацыя ў айчынных музычных колах. А спявачка Алена Ланская, прадэманстраваўшы байцоўскі характар, спакойна ўзяла сваё на наступны год: і нацыянальны адбор выйграла, і ўпершыню за доўгі час вывела Беларусь ажно ў сярэдзіну фінальнай табліцы - 16-е месца. Можна доўга спрачацца, якую долю ў гэтым поспеху мае выканальніцкі талент самой Алены, а наколькі дапамаглі ёй танцавальны хіт ад еўрапейскіх аўтараў, сукенка з 70 тысячамі стразаў Свароўскі і прома-прадукцыя з больш як 50 найменняў (у тым ліку курткі-вятроўкі, пернікі і адмысловыя кубікі Рубіка). Але ж галоўнае - вынік! Зрэшты, дакладна такі ж, пры ўмове поўнай самааддачы ў творчым плане і значна меншых фінансавых выдаткаў на падрыхтоўку, прадэманстраваў у 2014 годзе спявак Тэо (Юрый Вашчук), чыя надзвычай пазітыўная песня "Cheesecake" за мінулы год, бадай што, толькі з прасаў не гучала. І бачыце - зноў 16-е месца ў фінале. Прагрэс, аднак.

Сёлетнія прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні", дуэт Uzarі&Maіmuna, на юбілейным конкурсе робяць стаўку перадусім на музычны складнік і, як прынята казаць, месэдж сваёй песні "Tіme" - падтрымка анкахворых у іх барацьбе з хваробай. Ці спрацуе гэта формула, дазнаемся менш чым праз тыдзень, а пакуль пагартаем больш даўнія старонкі конкурсу.

Зрэшты, узгадаем яшчэ адну адметную дэталь. Яшчэ 8 гадоў таму Беларусь на конкурсе магла быць прадстаўлена беларускамоўнай песняй. У фінале нацыянальнага адбору 2007-га такіх было ажно дзве - у маладога дзявочага калектыву "New Generatіon" і мазырскага поп-ансамбля "Сваякі", а ў 2008-м адзначыўся арыгінальным сцэнічным вобразам вядомы гурт "Палац". Сёлета таксама ў сваю песню спецыяльна ўставілі беларускамоўны куплет адны з фаварытаў адбору - гурт "Mіlkі" пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыбака. Аднак дагэтуль (ці гэта выпадковасць, ці заканамерны вынік нашых музычных густаў) беларусы едуць здзіўляць Еўропу песнямі на англійскай…

З размахам!..

Найдаражэйшым у гісторыі, паводле апублікаваных справаздач арганізатараў, з‘яўляецца "Еўрабачанне-2012" у Азербайджане - яго правядзенне абышлося ўбольш чым 63 мільёны долараў. Для параўнання: "Еўрабачанне-2014" каштавала Даніі каля 15 мільёнаў еўра, зладжанае з усім размахам славянскайдушы "Еўрабачанне-2009" у Маскве мела бюджэт у 30 мільёнаў еўра, а Грэцыяў 2006 годзе наогул "уклалася" ў 12 мільёнаў еўра.

5 фактаў з гісторыі конкурсу

Самыя-самыя

Першай пераможцы песеннага конкурсу, швейцарцы Ліз Асіа (сапраўднае імя - Роза-Міна Шэрар), якая выйграла "Еўрабачанне" ў далёкім 1956-м, ужо 91 год. Але цікавасці да шоу яна не губляе ўсё жыццё - яшчэ двойчы Ліз прадстаўляла Швейцарыю на конкурсе, а ў 2011 годзе зноў удзельнічала ў нацыянальным адборачным туры, дайшла да фіналу і заняла 8-е месца.

Адна з самых маладых канкурсантак "Еўрабачання" за ўсю гісторыю - удзельніца дуэта з Сан-Марына Аніта Сіманчыні: дзяўчына стала першай артысткай, хто выступае ў дзіцячым і дарослым конкурсах у суседнія гады. І ўсё ж не яна з’яўляецца самай юнай удзельніцай конкурсу. Перамогу ў "Еўрабачанні" 1986 года атрымала бельгійка Сандра Кім з Бельгіі, якой на той час было ўсяго… 13 гадоў. А ў 1989 годзе, калі нароўні з дарослымі выступалі 11-гадовая францужанка і 12-гадовы прадстаўнік Ізраіля, арганізатары зразумелі, што з гэтым трэба штосьці рабіць, і ўвялі правіла абмежавання па ўзросце - удзельнікам на момант правядзення конкурсу мусіць быць не менш за 16 гадоў.

А вось самым сталым артыстам за ўвесь час стаў удзельнік шоу 2013 года, віяланчэліст швейцарскага гурта "Takasa" - абаяльны дзядуля Эміль Рамзаўэр выйшаў на конкурсную сцэну ва ўзросце 95 гадоў!

Музыка з геаграфіяй

У першым конкурсе ўдзельнічалі ўсяго 7 краін: Бельгія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя, ФРГ і Швейцарыя. Гэта, дарэчы, быў першы і апошні раз, калі кожная краіна прадставіла па 2 песні. Акампаніраваў выканаўцам жывы аркестр з 24 музыкантаў.

Самая паспяховая краіна-ўдзельніца "Еўрабачання" - Ірландыя! Прадстаўнікі гэтай краіны выйгравалі конкурс ажно 7 разоў, прычым тройчы - запар: у 1992-1994 гадах. Ганаровы аўтсайдар, які даўжэй за ўсё не выйграваў конкурс, - Партугалія. Краіна выступае на "Еўрабачанні" ажно з 1964 года, а найлепшым яе вынікам дагэтуль застаецца 6-е месца, занятае ў 1996 годзе. І паглядзіце, нічога - жывуць!

Часцей за ўсіх краінай-гаспадыняй конкурсу выступала Вялікабрытанія: 8 разоў (у 1960, 1963, 1968, 1972, 1974, 1982 і 1988 гадах). 5 разоў яна праводзіла шоу на правах леташняга пераможцы, яшчэ тройчы - выручала іншыя краіны, якія з нейкай прычыны адмаўляліся ад падобнага гонару.

Найбольш актыўна, з сапраўднай нямецкай педантычнасцю, у конкурсе ўдзельнічала Германія - 58 разоў, прапусціўшы з прычыны нізкага месца ў кваліфікацыйным раўндзе толькі 1996 год. Прытым перамагалі яе прадстаўнікі ўсяго двойчы: у 1982-м і 2010-м. А вось Марока, наадварот, стала самым пасіўным удзельнікам шоу, "засвяціўшыся" ў ім усяго аднойчы - у 1980-м.

Першымі з постсавецкіх краін да песеннага спаборніцтва далучыліся Расія, Эстонія і Літва, якія бяруць удзел у "Еўрабачанні" з 1994 года. Хоць, па чутках, удзельнікам шоу мог стаць яшчэ СССР, а ў якасці першага музычнага дэлегата ў 1987 годзе разглядалася кандыдатура маладога перспектыўнага спевака Валерыя Лявонцьева, якой не дала "дабро" кампартыя. Латвія далучылася да конкурсу ў 2000 годзе, Украіна - у 2003-м, прычым ужо на наступны год выйграла!

Мы выбіраем, нас выбіраюць

У 1956 годзе журы проста абвяшчала пераможцу. У 1977 годзе 5 краін правялі эксперымент з тэлегаласаваннем гледачоў, які налета падхапілі ўсе астатнія.

Усяго аднойчы, у 1969 годзе, пераможцамі "Еўрабачання" сталі адразу 4 краіны, якія набралі аднолькавую колькасць балаў: Іспанія, Вялікабрытанія, Францыя і Нідэрланды.

Сучасная сістэма ўпершыню была скарыстана 40 гадоў таму: кожная краіна адзначае 10 найбольш упадабаных удзельнікаў, выстаўляючы ад 1 да 12 балаў (пры гэтым адзнак 9 і 11 няма). Зрэшты, гэта не дапамагло пазбегчы так званага "добрасуседскага прынцыпу" галасавання, які з прыходам балканскіх экс-югаслаўскіх дзяржаў і краін постсавецкага блока стаў толькі яшчэ больш выразным. Таму з 2009 года, акрамя гледачоў, свой выбар зноў робіць міжнароднае прафесійнае журы, ацэнкі якога складаюць 50% выніку канкурсантаў.

У 1996 годзе, каб упарадкаваць колькасць удзельнікаў, арганізатары абмежавалі яе 23, уключаючы леташняга пераможцу, і ўвялі так званую "перадселекцыю" на аснове дасланых аўдыязапісаў. Тады адбор не прайшлі Расія, Германія, Македонія, Данія, Венгрыя, Ізраіль і Румынія. З 2004 года конкурс падзяліўся на паўфінал і фінал, а з 2008 года паўфіналаў стала два - у фінал праходзяць па 10 лідараў з кожнага.

Цяпер у выпадку, калі 2 і больш краін набралі аднолькавую колькасць балаў, пераможцу вызначаюць наступным чынам: улічваюць найбольшую колькасць краін, якія прагаласавалі за гэтага ўдзельніка, незалежна ад выстаўленых адзнак; параўноўваюць, каму дасталася найбольшая колькасць 12-бальных адзнак, потым 10-бальных і г.д. Толькі калі ўсе гэтыя паказчыкі супадуць, пераможцамі могуць быць прызнаны адразу некалькі ўдзельнікаў.

Скандалы, інтрыгі, сенсацыі

"Еўрабачанне" даўно перастала быць проста музычным конкурсам, бо ў ім перамяшаліся і музыка, і палітыка, і эканоміка, і грамадзянская актыўнасць, і нават спорт. Натуральна, такая грымучая сумесь час ад часу прыводзіць да ўспышак і выбухаў. Шэраг скандалаў на шоу выкліканы палітычнымі прычынамі. Так, перамога Ізраіля ў 1978 годзе выклікала байкот Іарданіі, а ў 2005-м не адбыўся дэбют Лівана, якому забаранілі замяніць трансляцыю ізраільскага выступлення рэкламай. У 1969 годзе Аўстрыя адмовілася адпраўляць свайго ўдзельніка ў Мадрыд, "у краіну з дыктатарскім рэжымам". У 1974-м у Партугаліі трансляцыя песні стала сігналам для пачатку ваеннага перавароту, вядомага як "рэвалюцыя гваздзікоў". У 1985-м прадстаўнік Югаславіі не паехаў на конкурс, паколькі дзень яго правядзення супаў з гадавінай смерці Ціта. У 2012-м Арменія байкатавала конкурс з прычыны памежнага канфлікту і абвастрэння адносінаў з Азербайджанам.

Некалькі гучных разбіральніцтваў адбыліся праз падлік галасоў. У 2003 годзе Расія падала скаргу на Ірландыю, дзе галасаванне гледачоў у апошні момант замянілі на галасаванне журы, але вынікі перагледжаны не былі. А ў 2007 годзе ў краінах Заходняй Еўропы разгарнулася кампанія супраць "усходняй мафіі" - блокавага галасавання былых краін СССР і Югаславіі.

У 1973-м прадстаўнікоў Іспаніі з песняй "Eres Tu" абвінавацілі ў плагіяце, пазней падобныя прэтэнзіі гучалі ў адрас Швецыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, але ўсе яны не былі пацверджаны. Затое ў 1999-м Харватыю пазбавілі трэці набраных галасоў за выкарыстанне фанаграмы з бэк-вакалам - паводле правілаў, усе ўдзельнікі мусяць спяваць жыўцом.

У 2001 годзе каментатар ВВС Тэры Воган абразіў вядучых конкурсу ў Даніі, некалькі разоў падчас эфіру назваўшы іх "Доктарам Смерць" і "зубной феяй", з прычыны чаго тэлекампанія пазней вымушана была прынесці афіцыйныя прабачэнні, аднак сам журналіст пакарання не панёс. У 2006-м канкурсантка з Ісландыі выкарыстала ў песні лаянку, але ў апошні момант па настойлівым патрабаванні арганізатараў замяніла выраз на больш карэктны.

Нарэшце, частку скандалаў справакавалі самі ўдзельнікі "Еўрабачання" сваімі эпатажнымі вобразамі або паводзінамі. У 1998 годзе ў Ізраілі ледзь не адбыўся раскол грамадства праз выступленне Даны Іnternatіonal - спявачкі, якая ў мінулым была мужчынам. У 2007-м украінскія нацыяналісты, палічыўшы "ганьбай" удзел у конкурсе Веркі Сярдзючкі (сцэнічны вобраз Андрэя Данілкі), спалілі яе чучала, а словы "Lasha Tumbaі", якія многія пачулі як "Russіa Goodbye", фактычна паставілі крыж на кар’еры артыста ў Расіі. Ірландскі цацачны персанаж індык Дасцін у 2008-м выклікаў шквал крытыкі і абвінавачванняў у прафанацыі. Нарэшце, пасля сенсацыйнай леташняй перамогі Канчыты Вурст (Томаса Нойвірта) з Аўстрыі шэраг краін доўгі час збіраліся байкатаваць "Еўрабачанне-2015". Але, як бачым, шоу працягваецца!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.